Меню
Курс $  3.26 | €  3.55 | ₽100  3.53 |
Погода 6 °C

Рызыкуючы жыццём

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 0

Пасля вызвалення Беларусі ад фашыстаў у 1944 годзе жыхара вёскі Саска Ліпка Уладзіміра Чурылу прызвалі ў армію. Першы бой ён прыняў у Польшчы. А служыў тэлефаністам у 411-м мінамётным палку.

— На фронце ўсялякае было. Але Бог аберагаў мяне, — расказвае ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Пятровіч Чурыла. — Столькі людзей загінула, столькі было параненых, а я прайшоў вайну без драпіны. Хаця шмат разоў быў на крок ад смерці. Вось, напрыклад, неяк падчас наступлення трэба было пераходзіць гару. Грузавік нас чакаў, а мы з сябрам адышліся, скручваючы кабель. Пачулі кулямётныя стрэлы. Вярнуліся — некалькі нашых таварышаў забітыя. Аказалася, два немцы напалі з засады.



14 студзеня 1945 г. пачалося наступленне на Варшаву. Ішла моцная артпадрыхтоўка. Усюды стаяў страшны свіст і грукат. З баямі савецкія войскі дайшлі да Лодзі.
Вызваліўшы Варшаву, прайшоўшы з баямі Польшчу, мы выйшлі да Кюстрына, — працягвае мой суразмоўца. — Пачалася пераправа праз Одэр. Рака — шырокая, магутная. Якраз бушавала навальніца, уздымаючы высачэзныя хвалі. А нам трэба пракладваць сувязь. Для гэтага былі спецыяльныя лодкі, дык хвалі іх проста накрывалі. Мінамёты з паромаў з’ехалі, у кузаве машыны — па калена вады. Але задачу сваю мы выканалі. Сувязь наладзілі, ваду з вопраткі выкруцілі (бо сушыцца не было калі і не было дзе) — і зноў у бой.
Назіральны пункт камандаванне дывізіёна абсталявала ў капцы бульбы ці буракоў. Але не было сувязі. Пайшлі мы шукаць парыў. На спіне — 2 катушкі з кабелем, 2 апараты, процівагаз, карабін. Чуем: “Танкі ідуць”. Супраць нямецкіх танкаў была адна наша пушка-саракапятка. Дык яна так страляла, што ствол стаў нават не чырвоным — да белага напаліўся. Танкі адступілі. А вось назіральны пункт фашысты расстралялі — разгледзелі з самалёта. Так загінуў наш камандзір дывізіёна, капітан. Другога і трэцяга камандзіраў дывізіёна мы страцілі ў Берліне. З дома ў дом там можна было прайсці толькі па падвалах, не па вуліцы. Дык вось ішоў капітан літаральна перада мною, толькі адчыніў дзверы ў падвал — і ўпаў. Аказалася, што ў шафе, якая стаяла побач з дзвярыма, схаваўся нямецкі салдат…
— Неяк ноччу трэба было цягнуць па развалінах кабель, — узгадвае ветэран. — Ішоў бой, кабель перабіла снарадам. Прыйшлося браць катушку на плечы і паўзком наперад. Абрыў знайшлі, але трапілі пад прамы артылерыйскі агонь. Рызыкуючы жыццём, ліквідавалі абрыў, хоць снарады рваліся і з бакоў, і наперадзе. І так кожны дзень, суткі за суткамі…
А як “выкурвалі” фашыстаў з іх сховішчаў у Берліне ў 1945-м! Гэта было, здаецца, 7 мая. Гітлераўцы сабраліся ў тупіку ля будынка і не здаваліся. Нашы паслалі парламенцёраў на мірныя перагаворы. Тыя вярнуліся ні з чым: немцы не згадзіліся капітуляваць. Тады ў дом выстралілі, снарад нанёс разбурэнні — і сталі вылазіць нашы праціўнікі. Зброю — на зямлю, рукі — уверх.
І сам той факт, што Перамогу салдат сустрэў у Берліне, у логаве фашызму — гэта асаблі-вы радок у яго біяграфіі.
Кажуць, чалавек сам каваль свайго шчасця. Але ж, каб вярнуцца з кровапралітнай вайны дамоў нават не параненым, трэба, мусіць, мець анёла-ахоўніка. 97-гадовы Уладзімір Пятровіч удзячны Богу за такі лёс. І жыве на роднай зямлі доўга і дастойна.
Аб ваенных шляхах-дарогах ветэрана нагадваюць медалі “За адвагу”, “За вызваленне Варшавы”, “За ўзяцце Берліна”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.”.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.
Фота з архіва рэдакцыі.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!