Па словах класіка, усе шчаслівыя сем’і падобныя адна на адну. Так гэта ці не, меркаваць вам, паважаныя чытачы, але я прапаную вам зараз зазірнуць у адну з такіх сем’яў.
Несвіжане Любоў Іванаўна і Сяргей Васільевіч Бушыла разам ужо 20 гадоў. У іх пяцёра дзяцей — старэйшыя дочкі Алеся і Аніта вучацца адпаведна на чацвёртым і другім курсе Нясвіжскага каледжа імя Якуба Коласа на спецыяльнасці “замежная мова” (у абедзвюх — англійская), Марк — дзевяцікласнік СШ №3 г. Нясвіжа, Ульяна ходзіць у сёмы клас гэтай жа школы, Эмілія — у другі.
Як узгадвае сама Любоў Іванаўна, са сваім мужам яна пазнаёмілася ў Капылі, куды некалі прывезла з выступленнем дзіцячы царкоўны хор. Маладыя людзі адразу спадабаліся адзін аднаму. У дзень вяселля хтосьці з гасцей, віншуючы маладых, сказаў, што шчаслівая “сям’я — гэта сем Я”. У той момант маладой пары гэтыя словы і запалі ў душу, яны вырашылі для сябе, што гэта фраза будзе пра іх.
— Вядома, у шматдзетнай сям’і не без цяжкасцей, — прызнаецца Любоў Іванаўна. — Але, як мне здаецца, цяжэй выхоўваць адно дзіця, а калі іх некалькі, яны ўжо самі выхоўваюць адзін аднаго, вучацца і развіваюцца разам. Так, напрыклад, старэйшыя дзеці вывучаюць замежную мову ў каледжы і дома практыкуюць свае педагагічныя здольнасці на самай малодшай сястрычцы. Яна ўжо ведае некаторыя фразы на англійскай мове, вучыцца лічыць на ёй.
Зразумела, дзеці дапамагаюць дарослым, у агародзе і дома па гаспадарцы — у кожнага ёсць свае абавязкі. Дзякуючы гэтаму, лічаць бацькі, рабяты будуць ведаць працу і не вырастуць эгаістамі. Дзеці з задавальненнем праводзяць час з мамай на кухні. Любоў Іванаўна захапляецца выпечкай, і дочкі, і сын без падзелу на “жаночую” і “мужчынскую” работу вучацца кулінарнаму майстэрству, каб умець парадаваць і сябе, і іншых, асабліва добра ў іх атрымліваюцца смачныя і прыгожыя тарты.
Яшчэ адно захапленне малодшага пакалення сям’і — музыка. Дзве старэйшыя дачкі ўжо скончылі Нясвіжскую дзіцячую школу мастацтваў (Алеся — па класе фартэпіяна, Аніта — флейты), Марк зараз вучыцца іграць на саксафоне, Ульяна — на скрыпцы. Самая малодшая — Эмілія — ужо таксама просіцца ў музычную школу, але яшчэ дакладна не вырашыла, на чым больш за ўсё хацела б навучыцца іграць — выбар няпросты, дома ёсць усе інструменты, якія асвоілі старэйшыя, і ўсе гучаць так прыгожа…
У выхадныя дружна, усёй сям’ёй яны ходзяць у царкву хрысціян веры евангельскай. Дзеці спяваюць у хоры, Аніта грае ў духавым аркестры. Бывае, рабяты ладзяць свае міні-канцэрты, радуюць сяброў — і сваіх, і таты з мамай.
Шматдзетная сям’я жыве ў райцэнтры ў бацькоўскай хаце Любові Іванаўны, але дзякуючы льготнаму крэдыту ўжо мае ў Нясвіжы і трохпакаёвую кватэру па вуліцы Магілёўскай. Таму старэйшым дзецям ужо будзе дзе звіць сваё гняздо…
Галава сям’і працуе ў ДРБУ № 168 вартаўніком, а ў выпадку неабходнасці можа ўсё зрабіць сваімі рукамі — ад дахавых работ да навядзення парадку ў двары. Мама прысвя-ціла сябе сям’і. Тактоўная і абаяльная, Любоў Іванаўна нават не пахвалілася, што пяць гадоў таму была ўзнагароджана ордэнам Маці — газета ведае гэта, як бы мовіць, “па абавязку службы”. Аднак зразумела, што проста так такі ордэн не ўручаюць.
На пытанне “ў чым сакрэт сямейнага шчасця?” Любоў Іванаўна адказала так:
— Самае галоўнае — гэта адзінства ў сям’і. Калі паміж мужам і жонкай ёсць разуменне і згуртаванасць, то ўсе беды пераносяцца лягчэй, а шчаслівыя моманты становяцца яшчэ больш яскравымі. Мы з мужам стараемся выхоўваць дзяцей на сваім прыкладзе, спадзяёмся, што, гледзячы на нас, яны і сваё жыццё пражывуць гэтак жа. Калі сям’я становіцца адным цэлым, то тады яна будзе і моцнай, і дружнай.

Софья ЛЮБАНЕЦ.