Высокая ацэнка мацярынскай працы

У канцы мінулага года да ліку ардэнаносных маці нашага раёна дабавіліся яшчэ дзве — згодна з Указам Прэзідэнта нашай краіны №449 ад 22 лістапада Алена Ганкевіч і Паліна Аляхновіч у Палацы Рэспублікі атрымалі Ордэн Маці з рук намесніка старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Івана Маркевіча.
Абедзве ўзнагароджаныя жывуць у добрых, працавітых сем’ях, выхоўваюць па пяцёра дзяцей.
Алена Ганкевіч зараз знаходзіцца ў адпчынку па догляду за дзіцем да трох гадоў, да гэтага працавала цеставодам на Нясвіжскім хлебазаводзе. Прафесіянальныя навыкі вельмі дарэчы і дома — Алена Анатольеўна любіць частаваць сваіх дамашніх салодкасцямі ўласнай выпечкі. Галава сям’і, Вячаслаў Вацлававіч, такі ж шчыры працаўнік, робіць вадзіцелем у філіяле “Нясвіжскае ўпраўленне магістральных газаправодаў ААТ “Газпром трансгаз Беларусь”. Дзякуючы яго залатым рукам у доме і на прысядзібным участку ўсё пастянна акуратна дагледжана і своечасова адрамантавана.
У Алены Анатольеўны і Вячаслава Вацлававіча растуць тры сыны і дзве дачкі. Старэйшы, Мікалай, вучыцца ў 4-м класе СШ №1 г. Нясвіжа, Віталь ходзіць у другі клас гэтай жа школы, пяцігадовая Каця, трохгадовая Віка і двухгадовы Дзіма выхоўваюцца дома.
Сям’я зараз жыве ў Нясвіжы на вуліцы Рамуальда Кліма, у доме, які пабудавала пры дапамозе льготнага дзяржаўнага крэдыту. Агульныя клопаты і памкненні з’ядноўваюць дзяцей і дарослых, таму нездарма суседзі і знаёмыя адзываюцца пра сям’ю Ганкевіч як пра паспяховую, моцную, дружную. У ёй пануе здаровы псіхалагічны клімат, паразуменне. Адметнымі рысамі характараў дзяцей тут з’яўляюцца таварыскасць, адкрытасць, мэтанакіраванасць, працавітасць. Старэйшы сын Мікалай наведвае тэатральную студыю пры цэнтры дзіцячай творчасці, Віталь захапляецца маляваннем. Кацярына, Вікторыя і Дзмітрый любяць гуляць з сябрамі ў рухомыя гульні, слухаць казкі і вершы, якія чытае ім мама.
Дзякуючы ўвазе, дабрыні, цярпенню і чуласці Алены Анатольеўны ў доме пануе атмасфера любові, спакою і надзейнасці. Дзеці ва ўсім імкнуцца пераймаць звычкі маці, вучацца адказнасці, клопату адзін пра аднаго.

У нашай гутарцы А.А. Ганкевіч і П.Л. Аляхновіч аднадушна адзначылі, што былі
вельмі кранутыя іх вылучэннем на ўзнагароджванне і выказалі вялікую ўдзячнасць за ўвагу дзяржавы і такую высокую ацэнку іх мацярынскай працы

Алена Ганкевіч і Паліна Аляхновіч пасля ўзнагароджвання Ордэнам Маці

Паліна Аляхновіч, як і Алена Ганкевіч, зараз знаходзіцца ў адпчынку па догляду за дзіцем да трох гадоў. Муж, Яўген Мікалаевіч, які займаецца вядзеннем асабістай падсобнай гаспадаркі, з’яўляецца самым на-дзейным памочнікам жонкі ў хатніх клопатах. А іх, гэтых клопатаў, дастаткова: пабудаваўшы па льготным крэдыце кватэру з усімі выгодамі, сям’я хутка паўстала перад фактам неабходнасці пашырэння жылля, і, набыўшы ў вёсцы Прасмыкаўшчына жылы дом за сродкі сямейнага капіталу, зараз дбае аб яго допраўпарадкаванні і рыхтуецца да пераезду ў вёску. Тут на прысядзібным участку ўжо вырошчваецца гародніна, ягады і садавіна, якія пастаянна патрабуюць гаспадарчага догляду.
Паліна Леанідаўна і Яўген Мікалаевіч выхоўваюць чатырох сыноў і дачушку.
Старэйшы сын, Міхаіл, зараз ходзіць у першы клас СШ № 3 г. Нясвіжа, шасцігадовы Цімафей, пяцігадовы Абраам, трохгадовы Навум і Вірсавія, якой зараз годзік і 10 месяцаў, выхоўваюцца дома пад пільным маміным вокам.
Парыкмахер па спецыяльнасці, Паліна Леанідаўна акрамя занятку звычайнымі хатнімі клопатамі, якіх у вялікай сям’і дастаткова, можа зрабіць і прычоскі родным і сябрам, калі ў гэтым ёсць патрэба.
Дзеці ў меру сваіх сіл дапамагаюць бацькам у вядзенні гаспадаркі, захапляюцца маляваннем, лепкай і актыўнымі відамі спорту, двое старэйшых наведваюць хор у Нясвіжскай царкве хрысціян веры евангельскай.
Сям’я Аляхновіч моцная і дружная. Паліна Леанідаўна і Яўген Мікалаевіч надаюць вялікую ўвагу фарміраванню ў дзяцей такіх агульначалавечых якасцяў, як добрасумленнасць, спагадлівасць, справядлівасць, міласэрнасць. Дзеці шмат у чым імкнуцца пераймаць бацькоў, вучацца адказнасці, клопату адзін пра аднаго. Дзякуючы намаганням Паліны Леанідаўны ў доме пануе атмасфера добразычлівасці, спакою і надзейнасці, а гэта, напэўна, і ёсць самае галоўнае, што неабходна дзецям.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.