Жывое слова мудрасці

Апошнія дні адыходзячага года былі напоўнены шматлікімі справамі. Адказныя вучні хваляваліся за вынікі другой чвэрці, іх падтрымлівалі бацькі і настаўнікі, ды ўсе разам, юныя і дарослыя, былі занятыя пошукам падарункаў для сваіх блізкіх на Новы год і свята Нараджэння Хрыстова. А вось у удзельнікаў традыцыйнага ІV конкурсу чытальнікаў духоўнай паэзіі, вучняў СШ №4 г. Нясвіжа, які для прадстаўнікоў пачатковай школы праходзіў пад назвай “Жывое слова мудрасці духоўнай”, а для старэйшых — “У святле ісціны”, з’явілася добрая магчымасць падумаць пра падарункі для самога Хрыста. Сярод добрых спраў і думак, падараваных Збавіцелю, былі і словы, паэтаў Беларусі і Расіі, прамоўленыя ўслых амаль трыццаццю канкурсантамі.
Конкурсная праграма пачалася з благаславення намесніка благачыннага Нясвіжскага благачыння, клірыка храма Узнясення Гасподня іерэя Андрэя Еўшаля і вершаў сябра раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” Алены Шаблоўскай. Айцец Андрэй, Алена Расціславаўна разам з бібліятэкарам аддзела па рабоце з дзецьмі Наталляй Кульчыцкай увайшлі ў склад журы конкурсу.
Пераможцы былі вызначаны ў чатырох узроставых катэгорыях. Сярод другакласнікаў першым стаў Максім Новік, які вельмі прачулена чытаў верш “Дзіцячая малітва” Алены Міхаленка. На другім месцы апынулася Вікторыя Дзігмунтовіч, на трэцім — Дзмітрый Кірэйчык.Сярод вучняў 3-4 класаў пераможцам стаў чацвёртакласнік Данііл Сіпач. Трэцякласнікі Марына Сцепановіч і Павел Ілясаў занялі адпаведна другое і трэцяе месцы.
Самая вялікая колькасць удзельнікаў — гэта вучні пятых-шостых класаў. У гэтай узроставай катэгорыі пераможцамі сталі шасцікласнікі Андрэй Серакоў (1 месца) і Павел Усеня (2 месца). Пяцікласнік Мікіта Ілюкевіч апынуўся на трэцім месцы.
Пераможцы сярод старшакласнікаў — Дзіяна Пяцігор (1 месца), Алена Гарагляд (2 месца) і Арцём Гасціловіч (3 месца).
Пераможцы атрымалі дыпломы і падарункі, набытыя супрацоўнікамі аддзела па рабоце з дзецьмі бібліятэкі ў рамках праграмы па рэалізацыі маладзёжнай палітыкі ў нашай краіне. Спонсарскую дапамогу аказалі райкам прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму, а таксама Нясвіжскае благачынне, у прыватнасці, храм Узнясення Гасподня г. Нясвіжа.
Правядзенне конкурсу стала для рабят яшчэ адной нагодай камусьці успомніць, а камусьці даведацца ўпершыню пра гісторыю і духоўны сэнс свята Нараджэння Хрыстова. Пра гэта расказаў клірык храма Узнясення Гасподня іерэй Андрэй Еўшаль.
Валянціна ШЧАРБАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.