Вікторыя Пражэнік, галоўны ўрач УАЗ “Нясвіжская ЦРБ”:
— Безумоўна, я прыму ўдзел у рэферэндуме. Гэта мая грамадзянская пазіцыя. Да таго ж, у праекце змен і дапаўненняў Канстытуцыі ёсць навела, якая тычыцца непасрэдна маёй прафесійнай дзейнасці: ідзе размова аб тым, што людзі павінны клапаціцца пра сваё здароўе. Бачу пазітыўнае ўспрыняцце такога пастулату, сама яго адабраю. Таму што медыкі часам сустракаюцца з фактамі захворвання, прычынай якога з’яўляюцца дрэнныя звычкі чалавека. Даказана, што здароўе на 80 — 95 % залежыць ад спадчыннасці, агульнага дабрабыту, звычак, і толькі 5 — 20 % адводзіцца на медыцынскі ўплыў. У сучасны момант фактычна ўся адказнасць за захаванне і ўмацаванне здароўя належыць медыцыне. Часам вельмі складана растлумачыць пацыенту, што захоўваць здароўе важна і кожны павінен сам клапаціцца пра яго, што трэба пазбаўляцца ад шкодных звычак, весці здаровы лад жыцця, прытрымлівацца сацыяльнага этыкету.
Не трэба далёка хадзіць. Аналізуем пандэмію COVID-19. Дзяржавай былі правільна прыняты меры абмежавальнага характару як рэкамендацыі. Маецца на ўвазе захаванне сацыяльнага дыстанцыянавання, нашэнне сродкаў абароны, карыстанне манітайзерамі, а таксама, што ва ўсіх на слыху — вакцынацыя. І захаванне гэтага аддадзена на водкуп жыхарам, яны самі павінны прымаць рашэнні. Але ж ім трэба адчуваць адказнасць кожнага за сваё здароўе і здароўе тых, хто навокал. Магчыма, такое патрабаванне дазволіць чалавеку перагледзець некаторыя моманты, успрыняць іх у больш правільным ключы, бо рэкамендацыі ж распрацоўваюцца на аснове навуковых даследаванняў і сусветнага вопыту, з мэтай абараніць чалавека.
Клопат насельніцтва пра ўласнае здароўе аблегчыць задачу медыкам. Калі гаварыць пра пандэмію: не будзе адначасовага масавага паступлення пацыентаў у выпадку незахавання імі патрабаванняў санэпідрэжыму, будзе меней адмаўленняў ад вакцынацыі. Хацелася б, каб разуменне неабходнасці захоўваць здароўе было ў кожнага асабіста. Гэта крок насустрач, які зробяць грамадзяне. Дзяржава ж стварае ўсе ўмовы даступнага медыцынскага абслугоўвання, працягваецца бясплатнае лячэнне за кошт дзяржаўных сродкаў, вялікая ўвага ўдзяляецца інвалідам.
У нашай краіне многае робіцца па развіцці аховы здароўя. Новыя задачы ў гэтай сферы паставіў у сваім Пасланні беларускаму народу і Парламенту Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Разам з тым, ён падкрэсліў: “Нават самая лепшая медыцына не здольная даць гарантый. Чалавек сам павінен весці здаровы лад жыцця, правільна харчавацца, своечасова звяртацца да ўрачоў, займацца фізічнай культурай і спортам, нагружацца. Гэта вельмі важна”.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.