Меню
Курс $  3.27 | €  3.47 | ₽100  3.47 |
Погода 5 °C

Гаварыць трэба. І памятаць заўсёды…

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 1

Пост опубликован: 10.02.2022

“Маштабы трагедыі, маштабы таго, што было тут,
у нашай краіне, яшчэ трэба будзе вельмі сур’ёзна асэнсаваць”.
Андрэй ШВЕД,
Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь.

Падчас нямецай акупацыі ў нашым раёне былі замучаныя, расстраляныя, спаленыя больш за 10 тысяч чалавек
Мінулым летам я неяк пачула: “Колькі можна гаварыць пра вайну?! 80 гадоў прайшло…”. Гаварыць трэба. І памятаць заўсёды. Каб не дапусціць болей падобнага, бо вайна — гэта страшна, гэта кроў і смерць, холад, голад, разбурэнні, эканамічны заняпад.



Бачыла нядаўна кадры з непрызнанай Данецкай Народнай Рэспублікі, дзе грамадзянская вайна ідзе восьмы год. Пасёлак Спартак. Разбураныя дамы. Мёртвыя вуліцы. Да 2014 года там жылі 2 тысячы чалавек, засталіся 70. Ад снарадаў, што ляцяць з боку Украіны, людзі хаваюцца ў падвалах… Адзін з самых старажытных гарадоў свету сірыйскі Алепа ператварыўся ў руіны ў выніку грама-дзянскай вайны, распачатай у 2012 годзе, і бамбёжак авіяцыяй “дэмакратычных” заходніх сіл у 2014-м. І не толькі ён… Аду-сюль, дзе вайна і разруха, хлынулі бежанцы. А колькі людзей загінула! Быццам не ХХІ стагоддзе на Зямлі, не росквіт цывілі-зацыі, а нейкае варварства Сярэднявечча, законы джунгляў.
Расслабляцца не прыходзіцца і беларусам. На другі бок ад нашых граніц, на поўдні і заха-дзе, сканцэнтравана вялікая колькасць ваеннай сілы, недружалюбнай Беларусі. Ляскаюць зброяй, іграюць мускуламі. Навошта?

На карціне Міхаіла Сеўрука «Нясвіж пасля вайны. 1944» — спаленае гета

У сэрцах беларусаў дагэтуль не зажывае рана, нанесеная Вялікай Айчыннай вайной. Пра яе жахі нагадваюць шматлікія помнікі і на роднай Нясвіжчыне. На брацкіх магілах воінаў і партызан, на магілах невядомых салдатаў або загубленых ворагамі мірных жыхароў. Памятныя знакі на месцах расстрэлаў. У Нясвіжы і Лявонавічах, Мікулічах і Ракавічах, Вялікай Лысіцы і Студзёнках, Ужанцы і Сейлавічах, Грыцах і Малеве, Качановічах, Грыбаўшчыне, Слаўкаве, ва ўрочышчах Гайкі і Горкі…
За перыяд нямецай акупацыі ў нашым раёне былі замучаныя, расстраляныя, спаленыя больш за 10 тысяч чалавек. І не ўсе месцы, дзе скончыўся іх жыццёвы шлях, вядомыя. Напрыклад, жыхара вёскі Круты Бераг Паўла Рыгоравіча Валянцея ў 1941-м фашысты расстралялі, але дзе яго прах, родныя не ведаюць. Як і рассталяных у тым жа 41-м Аляксандра Іосіфавіча Бейні, Васіля Іосіфавіча Бейні, Уладзіміра Зайца, Сямёна Карловіча, Анатоля Сцяпанавіча Сержана, Уладзіміра Мікалаевіча Сержана, Уладзіміра Віктаравіча Турко, Адама Міхайлавіча Хвіра, Антона Міхайлавіча Хвіра, Сяргея Паўлавіча Чурылы. Арыштавалі фашысты шостага жніўня, вывезлі з родных Панюціч — і ўсё, людзей не стала. Няма куды прыйсці ўнукам і праўнукам, пакланіцца, пакласці кветкі, расказаць пра сваё жыццё…
Сярод загінуўшых у вайну землякоў — каля тысячы дзяцей да 14-гадовага ўзросту. Гэта Антон і Ядзвіга Ганкевічы з вёскі Булатаўшчына (цяпер яна не існуе), рассталяныя фашыстамі разам з бацькамі. Гэта іх юныя аднавяскоўцы Уладзімір, Леанід і Мікалай Шараметы, таксама расстраляныя разам з бацькамі. 13-гадовага Вікенція Кобуся з Вялікай Лысіцы забілі разам з мамай і двума старэйшымі братамі. У вёсцы Лесуны варожая куля прынесла смерць маленькаму Ваню Філіповічу, а яго бацькі, звязаныя з партызанамі, загінулі ў перастрэлцы з паліцаямі. Сярод 73 расстраляных 5 жніўня 1942 г. у Гайках жыхароў Няс-віжчыны была і 3-гадовая Яна Бендзерава. У Нясвіжы паліцэйскі злавіў 12-гадовага хлопчыка па прозвішчы Бранявіцкі, на вяроўцы прыцягнуў яго ў “глінішча” і застрэліў. Проста так, захацеўшы пакуражыцца, паліцэйскія пачалі страляніну па гурту асмолаўскіх хлапчукоў, што гулялі каля мясцовых могілак. Некаторыя паспелі туды дабегчы, схавацца. Не паспелі Ваня Дзецкі і Міша Ждановіч, так і засталіся ляжаць на сырой красавіцкай зямлі. Ваня Віценчык праз тры дні памёр ад ранення ў бальніцы. Ім было па 10 гадоў. Ішлі велікодныя дні 1944 года… На месцы трагедыі мінулай восенню аднавяскоўцы пасадзілі тры ніцыя вярбы…

Здымкі прадастаўлены Нясвіжскім гісторыка- краязнаўчым музеем. Жыхарка вёскі Вялікая Лысіца Васіліса Аляксандраўна Абрамовіч была расстраляна фашыстамі ў Нясвіжы

Вялікая колькасць загубленых мірных жыхароў былі яўрэйскай нацыянальнасці. Згодна з рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН ад 1 лістапада 2005 года дзень 27 студзеня аб’яўлены Міжнародным днём памяці ахвяр Халакосту (27 студзеня 1945 г. войскі Чырвонай Арміі поўнасцю вызвалілі вязняў канц-лагера Асвенцым). У свеце было замучана 6 млн яўрэяў, у тым ліку на Нясвіжчыне — 3700.
Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь праводзіць зараз расследаванне па факце генацыду насельніцтва ў час Вялікай Айчыннай вайны. Выяўляюцца ўсё новыя звесткі, новыя дакументы. І, згодна з імі, цяпер устаноўлена: у адным канцлагеры “Трасцянец” пад Мінскам фашысты знішчылі больш за паўмільёна чалавек, хаця дагэтуль па афіцыйных даных значылася 200 тысяч.
Хіба гэтыя людзі не хацелі жыць, працаваць, кахаць, марыць, гадаваць дзяцей, радавацца сонцу і добрым навінам?! І хіба пра такое можна забыцца?!

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!