Валерый Камлач, апаратчык абяссольвання вады ААТ “Нясвіжскі завод медыцынскіх прэпаратаў” адзначыць сёлета своеасаблівы працоўны юбілей — 25 гадоў сваёй работы на прадпрыемстве.

— Помню гэты дзень як сёння, — з усмешкай узгадвае Валерый Уладзіміравіч. — Было 15 мая, калі я прыйшоў на завод у службу аховы. Там адпрацаваў сем гадоў і вырашыў перапрафіліравацца для работы на другім участку прадпрыемства, каб прымаць удзел непасрэдна ў вытворчасці. Гэта мне здалося больш цікавым. Прайшоўшы спецыяльнае навучанне, атрымаў допуск на работу з сасудамі пад ціскам, і трапіў у цэх медыцынскіх прэпаратаў па вытворчасці інфузійных раствораў у шкляной тары. Там адрабіў яшчэ сем гадоў апаратчыкам стэрылізацыі.
Калі пабудавалі цэх па вытворчасці інфузійных раствораў у поліэтыленавай тары, куды былі патрэбны вопытныя, добрасумленныя работнікі, мой суразмоўца перайшоў туды апаратчыкам стэрылізацыі, пасля чаго стаў апаратчыкам абяссольвання вады, кім і працуе па сённяшні дзень.
Кіраўніцтва характарызуе Валерыя Уладзімі-равіча як вопытнага, добрасумленнага работніка, які асвоіў некалькі сумежных спецыяльнасцей і ў выпадку неабходнасці без праблем замяняе апаратчыка стэрылізацыі, машыніста расфасовачна-ўпаковачных машын і майстра змены.
— Работа мая мне вельмі падабаецца, — гаворыць мой суразмоўца. — Калектыў выдатны — дружны, згуртаваны. Графік работы пазменны, дзякуючы гэтаму ўдаецца падтрымліваць нармальны баланс паміж работай і гаспадарчымі клопатамі — кватэра ў горадзе і лецішча ў вёсцы каля Нясвіжа пастаянна патрабуюць клопату.
Надзейны і ўважлівы да кожнай драбніцы сваёй работы, В.У. Камлач увайшоў у лік пераможцаў сярод работнікаў прамысловасці па выніках працы за 2021 год з занясеннем на Дошку гонару Нясвіжскага раёна.
Софья ЛЮБАНЕЦ.