Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 13 °C

І стала беларуская зямля сваёй

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 0

Алену Нагорную выдае акцэнт: не мясцовая.
Сапраўды, яна прыехала з сям’ёй на Нясвіжчыну з Пермскай вобласці Расіі. Было гэта 31 год назад. “Перацягнула” старэйшая сяст-ра Наталля, якая ўжо жыла на нашай зямлі, працавала на свінакомплексе ў Лані. Алена ўладкавалася даяркай на малочнатаварную ферму “Мацылёўшчына” ААТ “Грыцкевічы”.



— Нам як шматдзетнай сям’і тады далі жыллё. Быў гэта звычайны драўляны калгасны дом, — расказвае жанчына. — Цяпер я — маці шасці дзяцей. У 2010-м нам выдзелілі новы катэдж у Мацылёўшчыне.
Працуюць механізатарамі ў гэтай жа гаспадарцы — сын Алены Віктараўны Мікіта Чыкураў і зяць Аляксандр Папоў. А на ферме ў іх — цэлы сямейны падрад. Муж Сяргей Міхайлавіч Нагорны вартуе аб’ект. Сястра Таццяна Гусева занята ў радзільным аддзяленні, раздойвае першацёлак і кароў, што ацяліліся. З малодшай сястрой Людмілай Плоткай Алена доіць у адной змене.
Не нахваліцца Алена Віктараўна і сваім малочнатаварным комплексам “Мацылёўшчына”, куды перайшлі са старой фермы ў 2009 годзе:
— Тут у нас чысценька, акуратненька. Новыя тэхналогіі. Кароў доім у зале ўстаноўкай “Паралель 2х16”. Бытавыя ўмовы для работнікаў выдатныя. Ёсць пакой адпачынку, душ, пральная машына, халадзільнік — у ім добра марожанае трымаць, каб пасля змены паласавацца, а муж, напрыклад, кладзе сваю ежу, калі прыходзіць на дзяжурства.
Добры калектыў. Пахвальныя вытворчыя паказчыкі. “Мацылёўшчына” лідзіруе ў адкрытым акцыянерным таварыстве са сваім леташнім надоем малака на карову ў 10877 кг. Прызнаюць яе лепшай у Мінскай вобласці. І Алена Нагорная як прадстаўнік перадавой фермы заслужана прымае ўдзел у раённым свяце працаўнікоў.
Даярка задаволена не толькі справамі на ферме, а ўвогуле клопатамі кіраўніцтва гаспадаркі пра вяскоўцаў:
— Спартзала, лазня працуюць. Нават стаматолаг да нас рэгулярна прыязджае. Сталовая і магазін адкрытыя, хутка яшчэ адзін будзе, з прамтаварамі. На святы работнікі акцыя-нернага таварыства атрымліваюць прадуктовыя наборы. А трэба каму здароўе падмацаваць — выдзяляюць пуцёўкі ў санаторыі. Столькі клопатаў пра рабочага чалавека! Што яшчэ трэба?!
Працавітасць Нагорных праяўляецца і дома. Яны трымаюць пяць кароў. Дояць апаратам. За здадзеных у гаспадарку цялят замест грошай бяруць сена і збожжа. У пашавы перыяд выкарыстоўваюць электрапастух. Пашу ім адвялі побач, праз дарогу. Зручна.
— Сваё малако, тварог, масла. Лішкі малака здаём дзяржаве, кожныя дзесяць дзён атрымліваем за яго грошы, — дзеліцца Алена Віктараўна. У яе ўжо 6 унукаў, і ўсе рады гасцінцам бабулі.
— Не сумуеце па малой радзіме?
— Бывае часам настальгія. Ездзіла ў госці да родных. Тры дні там пабыла — і дамоў захацелася. Тут мой дом.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!