У Нясвіжы ёсць вуліца імя Гейсіка. Невялікая, ціхая. У палісадніках з ранняй вясны да позняй восені цвітуць нарцысы, цюльпаны, вяргіні, хрызантэмы — кожныя ў сваю пару.
Вішні з-за плоту звешваюць над тратуарам галіны, вясной аздобленыя духмянымі кветкамі, летам усыпаныя сакавітымі ягадамі. Узвышаюцца дубы, скідаючы восенню долу спелыя жалуды, шапочуць лістотай бярозы. Вуліца названа ў гонар лейтэнанта Іосіфа Аляксандравіча Гейсіка, старшага оперупаўнаважанага
Нясвіжскага раённага аддзела Міністэрства дзяржаўнай бяспекі, які ў студзені 1948 года быў жорстка забіты бандытам.

У свой час я мела магчымасць пазнаёміцца са следчай справай №2714 у 6-і тамах з архіва КДБ аб той трагедыі. Думаю, людзі старэйшага пакалення ведаюць пра Іосіфа Гейсіка. Сёння вяртаемся да гэтай тэмы, каб пра яго ведалі і маладыя, юныя беларусы і разумелі: за наша светлае, мірнае жыццё ў незалежнай дзяржаве людзі плацілі высокую цану — сваім жыццём.
Адразу пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны абстаноўка ў Нясвіжскім раёне была напружанай. На яго тэрыторыі і суседніх — Клецкага, Ляхавіцкага, Гарадзішчанскага (цяпер Баранавіцкага) — дзейнічалі банды, сфарміраваныя з былых нямецкіх прыслужнікаў, паліцэйскіх, дызерціраў. Яны рабілі ўсё, каб нашкодзіць савецкай уладзе: рабавалі магазіны, паштовыя аддзяленні, фінансавых агентаў. Забівалі партыйных і савецкіх актывістаў. На Нясвіжчыне загінулі 32 чалавекі. Сярод іх — оперупаўнаважаны Нясвіжскага райаддзела МДБ Іосіф Гейсік.
Іосіф Аляксандравіч Гейсік нарадзіўся ў 1909 годзе ў вёсцы Аляксандрава Уздзенскага (цяпер Дзяржынскага) раёна Мінскай вобласці. Да 1929 года жыў з бацькамі, вучыўся ў школе, працаваў на сельскай гаспадарцы. Бацькі ў 1930 г. уступілі ў калгас “Камінтэрн”, былі радавымі калгаснікамі. 3 1929 па 1931 год Іосіф Гейсік працаваў дзясятнікам на лесанарыхтоўках. 3 1931 па 1933-і служыў у Чырвонай Арміі. Дэмабілізаваўшыся, пайшоў рабочым Уздзенскага хімлясгаса, затым быў майстрам, прарабам. Пасля вызвалення Заходняй Беларусі ў 1939-м з’яўляўся агітатарам у Мірской воласці. Дапамагаў валасной управе праводзіць выбары ў народныя сходы, выконваць іншыя палітычныя і гаспадарчыя задачы. Пры арганізацыі раёнаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі застаўся пашпартыстам у Мірскім райаддзеле Міністэрства ўнутраных спраў.
У час Вялікай Айчыннай вайны ў 1941 годзе служыў у палку МУС БССР. Потым месяц праходзіў падрыхтоўку ў спецшколе для работы ў тыле ворага. Пераведзены ў Маскву, камандаваў там узводам у трэцім дывізіёне артпалка войск НКУС падчас абароны сталіцы. У сакавіку 42-га яго накіравалі ў органы ўнутраных спраў Смаленскай вобласці. Са снежня 1943-га ён — памочнік опер-упаўнаважанага Бабруйскага гарадскога аддзела Міністэрства дзяржаўнай бяспекі. Са жніўня 1944-га да лютага 1947-га — оперупаўнаважаны, старшы оперупаўнаважаны ў Стаўб-цоўскім райаддзеле МУС, у лютым стаў там старшым оперупаўнаважаным райаддзела МДБ. У красавіку таго ж года яго, ужо вопытнага аператыўнага работніка, накіравалі старшым оперупаўнаважаным Нясвіжскага райаддзела ўпраўлення па Баранавіцкай вобласці МДБ (Нясвіжскі раён уваходзіў у Баранавіцкую вобласць да 1953 года ўключна).
Бацьку Іосіфа Аляксандра-віча ў 1942 годзе фашысты расстралялі разам з 25 аднавяскоўцамі за ўкрыццё партызан. Вёску немцы спалілі. У 1943-м яна гарэла другі раз, а жыхароў, у тым ліку яго маці і сястру, вывезлі ў Германію. Пасля вызвалення яны вярнуліся на ранейшае месца жыхарства (па іншых даных, сястра Іосіфа Яўгенія памерла на чужыне і пахавана там жа).
І.А. Гейсік быў узнагароджаны медалямі “За абарону Масквы” і “За перамогу над Германіяй”. Яго жонка Вольга Мікалаеўна родам з суседняй з Аляксандравам вёскі Ніколкі Уздзенскага раёна, у маладосці працавала ў сельскай гаспадарцы. У сям’і Гейсікаў раслі трое дзяцей: Святлана (1939 г.н.), Іосіф (1941 г.н.), Зоя (1945 г.н.).

Лейтэнант  Іосіф Аляксандравіч Гейсік

Іосіф Гейсік загінуў ад рук Івана Раманчука, які ўзначальваў адну з бандыцкіх груповак на Нясвіжчыне. Да нападу фашысцкай Германіі на СССР Раманчук працаваў настаўнікам у Дзятлаўскім раёне. У час летняга водпуску ў 41-м прыехаў да родных у вёску Баяры нашага раёна, дзе і застала вайна. Трэба было ісці ў армію, але ён ад службы ўхіліўся і застаўся на акупіраванай тэрыторыі. Працаваў настаўнікам у створаных немцамі школах — спачатку ў Сычах, потым у Еськавічах.
Пра сябе пазней на допыце (Раманчука арыштавалі ў маі 1949 г.) расказваў: “Варожую Савецкаму Саюзу работу я пачаў праводзіць у чэрвені 1942 года… Я здрадзіў Радзіме, уступіў у антысавецкую нацыяналістычную арганізацыю “Беларуская народная самадапамога” і працаваў у ёй у якасці інструктара. Знаходзячыся на службе ў нямецкіх акупантаў і займаючы кіруючае становішча ў Нясвіжскай раённай арганізацыі “БНС”, я праводзіў масавае ўцягненне грамадзян у арганізацыю і выступаў з дакладамі антысавецкага зместу…”.
У 1944-м Раманчук перайшоў на нелегальнае становішча, каб пазбегнуць арышту органамі савецкай улады за ўчыненыя перад Радзімай злачынствы, і працягваў падрыўную работу супраць Саветаў. Ён стварыў на тэрыторыі Баранавіцкай вобласці падпольную тэрарыстычную арганізацыю “Саюз барацьбы за вызваленне Беларусі”. У яе праграме былі: вярбоўка новых удзель-нікаў, збор зброі і боепрыпасаў, распаўсюджванне лістовак антысавецкага зместу, а “ў момант ваеннага нападу Англіі і ЗША на Савецкі Саюз узняць узброенае паўстанне і з дапамогай інтэрвентаў устанавіць незалежную беларускую буржуазную дзяржаву” (прыведзена даслоўна). Найбольш актыўнымі памагатымі Раманчука былі Мікалай Дэмух і Браніслаў Бука, якія таксама ўключаны ў спіс абвінавачваемых па следчай справе №2714 МДБ БССР. Дэмух здолеў уцячы ад арышту ў верасні 46-га за самагонаварэнне і пачаў хавацца. Пакуль уступіў у групу Раманчука, ужо меў на сваім сумленні два забойствы: братоў Аляксандра і Антона Карпачоў з вёскі Квачы, актывістаў сельсавета. Бука ў час вайны быў мабілізаваны немцамі ў Беларускую краявую абарону, прыняў прысягу на вернасць акупацыйным войскам і беларускаму нацыяналістычнаму ўраду. Баючыся адказнасці, у 1947 годзе перайшоў на нелегальнае становішча і хутка ўступіў у бандфарміраванне Раманчука.
У паказаннях Івана Раманчука на допытах шмат датаў і прозвішчаў. Ён расказваў, калі, дзе, з кім і каго яны забівалі, рабавалі. Сярод асоб, якія падтрымлівалі з ім сувязь, дапамагалі, Раманчук называе жыхара Баяр 60-гадовага Івана Шапавала. Апошні схаваў яго ў сваім доме і восенню 47-га, калі Раманчук быў паранены супрацоўнікамі МБД у сябе на кватэры, але здолеў уцячы.
Названы яшчэ Сяргей і Вольга Шапавал, трэба разумець — дарослыя дзеці Івана Шапавала. У іх хаце 17 студзеня 1948 года і разыгралася тая крывавая драма…
Лейтэнанту Гейсіку паведамілі, дзе хаваецца бандыт Раманчук. I ён накіраваўся ў вёску Баяры, каб затрымаць яго.
“Гейсік спрабаваў мяне затрымаць і меў напагатове пісталет, але я яго апярэдзіў і выстраліў першым. Гейсік мной быў забіты не адразу. Калі ён ляжаў паранены, я забіў яму нож у чэрап…” (з паказанняў Раманчука, занесеных у пратакол судовага пасяджэння ваеннага трыбунала войск МУС Беларускай акругі ад 17 лістапада 1949 года).
“…Мной быў учынены тэрарыстычны акт над старшым опер-упаўнаважаным Нясвіжскага РА МДБ лейтэнантам Гейсікам, у якога я забраў пісталет ТТ, дакументы, а затым па-зверску зрэзаў яго сцізорыкам, зной-дзеным у яго кішэні, і пры дапамозе сястры Шапавала Сяргея — Шапавал Вольгі — я вывез на падводзе труп Гейсіка на шасэйную дарогу, што ідзе з Нясвіжа ў Сноў, і выкінуў яго ў кювет” (з паказанняў Раманчука на допыце 25-26 ліпеня 1949 года). Далей бандыт прызнаўся, што даў заданне ўдзельніцы “Саюза барацьбы за вызваленне Беларусі” Яроцкай напісаць ананімнае пісьмо ва ўпраўленне МДБ Баранавіцкай вобласці аб тым, што забойца Іосіфа Гейсіка — жыхар вёскі Баяры Вячаслаў Худніцкі. Чаму ён? Раманчук падазраваў, што Худніцкі супрацоўнічаў з органамі дзяржбяспекі, і разлічваў шляхам агавору пазбавіцца ад яго.
З пратаколу агляду месца абнаружэння цела лейтэнанта, складзенага назаўтра пасля забойства, вядома, што скінулі яго каля вёскі Жанкавічы. На ім была толькі нацельная бялізна. Крыху далей, пад елкай, знайшлі адзенне. Кіцель, штаны, шапка-вушанка былі загорнутыя ў шынель і моцна акрываўленыя. На шынялі і кіцелі былі выяўлены праколы ў двух месцах у вобласці спіны на ўзроўні лапатак і адзін пракол на ўзроўні грудзей. Пасля ўрач Якубоўскі ў прысутнасці супрацоўнікаў Нясвіжскага РА МДБ малодшых лейтэнантаў Мікушава і Бузанава ўстанавіў на целе загінуўшага… 26 ран. Снег ля сноўскай дарогі, дзе знайшлі Іосіфа Гейсіка, быў моцна прапітаны кроўю.
Работнікі органаў дзяржбяспекі і ўнутраных спраў працягвалі вышукваць бандытаў. Раманчука затрымалі ў начным баі 24 мая 1949 года на хутары ў Гарадзішчанскім раёне. Неў-забаве былі затрыманы Дэмух і Бука. Іх судзілі 17 лістапада 1949 года. Прыгаварылі да 25 гадоў зняволення ў выпраўленча-працоўных лагерах з канфіс-кацыяй усёй маёмасці і паражэннем у правах на пяць гадоў. Асуджаныя неаднойчы звярталіся з просьбай аб зніжэнні ім тэрмінаў пакарання. Раманчуку ў гэтым было адмоўлена.
У 1996 годзе несвіжанін Мар’ян Іосіфавіч Янчэўскі, ветэран органаў унутраных спраў, расказваў: “Талковым чалавекам быў Гейсік. Ён намнога старэйшы за мяне, даваў рэкамендацыю для ўступлення ў партыю. Сям’я пасля яго гібелі працягвала жыць у Нясвіжы. Так склаліся абставіны, што Гейсікі атрымалі кватэру ў тым жа доме, дзе жылі сваякі Раманчука. І калі ён у першай палавіне 1970-х гадоў з’явіўся ў іх, а Вольга Мікалаеўна, жонка Іосіфа Аляксандравіча, убачыла забойцу мужа, — яна пакінула наш горад, паехала ў Расію, дзеці ўжо былі дарослыя і параз’язджаліся хто куды”.
Я адшукала ў г. Дзяржынску пляменніцу Іосіфа Гейсіка, дачку яго брата Мікалая. Святлана Мікалаеўна ведала пра дзядзьку толькі са слоў свайго таты, бо нарадзілася праз год пасля гібелі Іосіфа Аляксандравіча. Яна расказала, што ў сям’і Аляксандра і Марыі Гейсікаў было дзевяць дзяцей, Іосіф — старэйшы, і ён клапаціўся пра сваіх братоў і сясцёр…
Пахаваны Іосіф Гейсік на могілках у Нясвіжы.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.
Фота з архіва рэдакцыі
і Дарыны МІТРАКОВАЙ.