Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 9 °C

Тое, што не страчваецца з часам

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 0

Матэрыял, які мы прапануем вашай увазе, прысвечаны клірыку храма Узнясення Гасподня іерэю Іаану Уханаву і яго сям’і. На некаторы час па абавязку свайго служэння айцец Іаан пакідаў Нясвіж і быў благачынным Капыльскага благачыння, але зараз час вярнуўся ў наш горад у той жа храм, дзе многія несвіжане з радасцю ізноў сустрэлі яго.
У кожнага чалавека свае погляды на жыццё, адну і тую ж сітуацыю мы ацэньваем па-рознаму, і каштоўнасці ў многіх з нас могуць адрознівацца. Але кожны чалавек імкнецца да міру ў душы, міру ў сям’і, міру з людзьмі, што навокал. Гасподзь сказаў: «Шукайце і знойдзеце, стукайце і адчыніцца, прасіце і будзе дадзена». У гэтых евангельскіх словах — сакрэт сямейнага шчасця, сакрэт шчаслівага жыцця ўвогуле. Многае можна купіць за грошы, але добрую сям’ю, душэўны спакой можна толькі вымаліць у Бога. Асабліва гэта неабходна тым, у каго яшчэ ўсё жыццё наперадзе — нашай моладзі. Менавіта з гэтай нагоды ў Нясвіж-скай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы адбылася сустрэча з сям’ёй клірыка храма Узнясення Гасподня іерэя Іаана Уханава і матушкі Марыі. Акрамя царкоўнага служэння, айцец Іаан і матушка Марыя займаюцца асветніцкай дзейнасцю, на працягу пяці гадоў яны былі выкладчыкамі Нядзельнай школы храма Узнясення Гасподня. Айцец Іаан — часты госць на пасяджэннях клуба «Ноеў каўчэг» бібліятэкі і ўроках духоўнасці ў агульнаадукацыйных школах. Матушка Марыя — рэгент аднаго з хораў храма Узнясення Гасподня, стваральніца дзіцячага хору пры храме. У іх сям’і выхоўваецца двое дзяцей — шасцігадовы Ціхан і трохгадовая Варвара.



Госці бібліятэкі падзяліліся сваім духоўным і жыццёвым вопытам аб правілах стварэння сям’і і пабудовы добрых адносін паміж яе членамі з наведваль-нікамі клуба «Ноеў каўчэг» Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы і ўдзельнікамі сумеснага праекта «Парады з вуснаў несвіжан» бібліятэкі, раённага радыё і газеты «Нясвіжскія навіны», СШ №4 нашага горада, удзельнікамі гуртка «Юны журналіст» гэтай навучальнай установы.
Айцец Іаан выказаў меркаванне, што ў сучасным свеце інстытут сям’і схільны да розных дыскрэдытацый. На яго непра-вільна глядзяць маладыя людзі, лічачы, што сям’ю можна пакінуць на другі план, пажыць для сябе, калі хлопец і дзяўчына проста сыходзяцца і жывуць у грамадзянскім шлюбе.
— Царква не дапускае такога сужыцця мужчыны і жанчыны, калі яны не распісаныя, не венчаныя. Яны павінны несці адзін за аднаго нейкую адказнасць, павінны засведчыць хаця б перад дзяржавай, што малады чалавек бярэ дзяўчыну за сваю жонку, што будзе за яе адказваць, што гэта па каханні, — працягнуў свае разважанні айцец Іаан.
Святар адзначыў, што сёння на Беларусі на дзесяць шлюбаў прыходзіцца сем разводаў. І таму Царквой праводзіцца вялікая работа, каб не дапусціць разводаў, асабліва сярод маладых людзей.
— І калі ў храм прыходзяць венчаныя пары і просяць, каб іх развянчалі, мы гаворым, што няма такога паняцця «развянчання». Мы пачынаем гутарыць і становіцца зразумелым, што нехта з іх праяўляў вялікі эгаізм. Сям’ю не так успрымалі.
Айцец Іаан параіў рабятам звярнуцца да кнігі протаіерэя Іллі Шугаева «Адзін раз і на ўсё жыццё». Гэтую кнігу сам святар прачытаў, калі вучыўся ў апошнім класе школы. Аўтар пісаў, што сям’я створана для таго, каб людзі разам ратаваліся і дасягнулі пасля Царства Божага.
Айцец Іаан прывёў дзеля прыкладу і евангельскія радкі, дзе гаворыцца пра тое, што жанчына ўратуецца праз нараджэнне дзяцей.
— Жанчына не павінна быць паспяховай бізнэсвумэн, яна павінна быць проста вернай жонкай, любіць свайго мужа і нараджаць дзяцей. Сям’я — гэта малая царква. У ёй ты можаш служыць і гэтага будзе дастаткова.
Святар закрануў і праблему абортаў:
— Аборт — гэта сапраўднае забойства. Як вучыць Царква, з моманту зліцця двух клетак таты і мамы гэта ўжо жывы чалавек. Пры царкоўных прыходах у розных краінах, у тым ліку і ў Беларусі, Расіі, ёсць цэнтры, дзе святары гутараць з жанчынамі, якія жадаюць зрабіць аборт, успрымаюць сваю цяжарнасць як нежаданую. Жанчына ў такім выпадку знаходзіцца ў стане аффекту, шоку. Калі з ёй паразмаўляць, яна можа змяніць сваё рашэнне. Яе дзіця будзе жыць. Зусім нядаўна пайшоў з гэтага свету вядомы расійскі прапаведнік, протаіерэй Дзмітрый Смірноў, які арганізаваў такі цэнтр. У Маскве ён стварыў некалькі дзіцячых дамоў, дзе выхоўваліся дзеці, матуль якіх ён адгаварыў ад абортаў. Уяўляеце, колькі ён жыццяў уратаваў!? Калі айцец Дзмітрый памёр, у яго дома знайшлі некалькі кейсаў з пасведчаннямі аб нара-джэнні гэтых дзяцей.
Мы вызначаем дзіця не па яго ўзросту, а па яго наяўнасці. Не важна, каго забіваць: двухтыднёвага ці толькі зачатага. Ён чалавек. Ад моманту зачацця да моманту смерці гэта ўсё чалавек, у яго бессмяротная душа. Гасподзь дае душу, а бацькі даюць цела. Царква прапаведуе, і не тое, што прапаведуе, крычыць у рупар для таго, каб дзяўчаты пачулі, і хлопцы таксама. Хлопцы звычайна ў нас у баку. Але мужчыны нясуць такую ж адказнасць за аборт, як і жанчыны, якія яго робяць. А каб гэтага не было, трэба быць цнатлівымі, не дапускаць ніякіх сувязяў па-за шлюбам. Тады не будзе нежаданых цяжарнасцяў. І ў шлюбе не трэба баяцца нараджаць дзяцей. Некаторыя гавораць, што гэта цяжка, але я ведаю дакладна, што ва ўсякім разе ў Беларусі матэрыяльная дапамога і выплаты на дзяцей намнога болей пакрываюць выдаткаў, чым вы траціце. На першае дзіця неабходна ўсю дапамогу патраціць, а ў другога, трэцяга ўжо амаль усё ёсць. Дзяржаўная падтрымка вельмі вялікая, гэтага хопіць, каб утрымліваць дзяцей.
Матушка Марыя лічыць, што дзеці ніколі не будуць замінаць кар’еры, другім магчымасцям чалавека, у тым ліку ў дачыненні да жанчыны. Калі ты захочаш мець нейкае хоббі, жадаеш далей вучыцца, галоўнае паставіць сабе мэту:
— Калі мы ўступілі ў шлюб, то мы не маем права не нара-джаць дзяцей, рабіць аборты. Калі я не хачу нараджаць дзяцей, я не ўступаю ў шлюб. Калі я ў шлюбе, я павінна нара-джаць дзяцей. Вось гэта трэба паставіць на першы план. Галоўнае што? Твой родны чалавек у жыцці. Калі мы пастарэем, да нас прыйдуць нашы дзеці, яны будуць заўсёды побач, падтрымаюць, дапамогуць. А што будзе, калі на першы план паставіць кар’еру? Для мужчын гэта вельмі важна. А жанчынам, на маю думку, важна спачатку абзавесціся сям’ёй. Гэта не значыць, што не трэба вучыцца. Канечне, трэба. Але калі галоўнае — гэта галоўнае, то ўсё астатняе, другаснае, таксама становіцца на свае месцы. На гэта патрэбна звярнуць сваю ўвагу. На самай справе гэта не замінае сям’і, усё можна пастарацца сумясціць. І ўсё атрымаецца.
Матушка ўзгадала, што калі яны з айцом Іаанам узялі шлюб, ёй было дваццаць гадоў, бацюшку — дваццаць сем. Праз год у іх нарадзіўся першынец:
— У нас нічога не было, але Гасподзь нам усё даў: дзе служыць, дзе жыць. Гасподзь бачыў, што мы на Яго спадзяёмся, стараемся жыць па Божых запаведзях. Тады ўсё сапраўды добра складваецца.
Айцец Іаан звярнуў увагу і на тое, што ёсць выпадкі, калі людзі нараджаюць дзяцей, але не хочуць у іх жыцці ўдзельнічаць. Купілі тэлефон, каб дзяцей неяк заняць, каб яны не ўваходзілі ў іх зону камфорту. Мультфільмы, планшэты, тэлефон. Дзіця, на жаль, само па сабе ў гэтых гаджатах. А бацькі самі сабе.
— Некаторым здаецца, што сям’я — гэта так складана. На самай справе ў сям’і вельмі многа радасцей: нараджэнне дзяцей, іх першыя крокі, першыя ўсмешкі, калі дзіця да цябе ручкі цягне, дорыць табе сваю любоў. І ўвогуле, у сямейным жыцці праведна жыць прасцей. Адзін другога падштурхоў-вае: «Давай разам». І гэта намнога лягчэй, — разважае матушка Марыя.
Да яе разважанняў далучаецца айцец Іаан:
— Я напрыканцы вянчання прывожу як прыклад такую мудрасць: «Радасць, падзеленая на дваіх — гэта двайная радасць, а гора, падзеленае на дваіх — гэта толькі палавіна гора. А калі ў вас будуць нараджацца дзеці, то ў вас будзе радасць, памножаная на два, на тры, на пяць… Нейкія шчаслівыя моманты ў сям’і перажываюцца вельмі яскрава, а штосьці нядобрае рэтушуецца, неяк пакрываецца сямейнай любоўю. Таму ўсіх вас заклікаю да шлюбу адносіцца ўважліва, сур’ёзна. І калі перад дзяўчынай стаіць выбар, добры гэты хлопец ці дрэнны, то, згодна з парадай протаіерэя Іллі Шугаева, дзяўчына павінна спытаць у сябе, ці хоча яна, каб ён стаў бацькам яе дзяцей, каб яе дзеці былі на яго падобныя, каб яны былі такімі ж, як гэты чалавек.
— Я раіла б пры выбары спадарожніка жыцця маліцца. Калі мы ў чым-небудзь сумняваемся, прасіць: «Госпадзі, пакажы мне». У жыцці часта бывае, што калі ты не ведаеш, як выбраць правільны шлях, то калі з глыбіні сэрца папрасіць у Бога, заўсёды прыходзіць нейкі адказ, нейкае пачуццё, якое дапамагае прыняць правільнае рашэнне. Гасподзь заўсёды дапамагае. Трэба толькі зрабіць да Яго крок. І ўсё будзе добра, — падтрымала мужа матушка Марыя.
— Добрыя жонкі і мужы не адшукваюцца на дыскатэках, а вымольваюцца ў Бога. «Шукай жонку не ў карагодзе, а ў агародзе», зноў жа, народная мудрасць, — дапоўніў матушку айцец Іаан.
Айцец Іаан паразважаў і аб ролі мужчыны ў сям’і:
— Мужчына павінен быць дальнабачным, як капітан на караблі. Павінен аб сям’і клапаціцца, глядзець наперад і весці за сабой усіх астатніх. Што такое шлюб? Жонка павінна быць за мужам, а мужчына калі-нікалі хоча сам за жонку схавацца. Не трэба хавацца за жонку, трэба ісці наперад, а ўсе астатнія няхай будуць да цябе прышпіленыя жалезным поясам.
На пытанне, чаму ў першую чаргу Уханавы хочуць навучыць сваіх дзяцей, муж і жонка мелі адну думку:
— Мы выхоўваем іх у веры. І не галоўнае, каб наш сын стаў святаром. Нашы дзеці змогуць пасля абраць любую прафесію. Галоўнае, каб яны былі добрымі, прыстойнымі, сумленнымі людзьмі.
Пра гэта мараць усе бацькі, таму што шчасце не ў багацці, не ў бліскучаці, не ў пашане гэтага свету. Яно ў сям’і, калі ўся сям’я памятае пра Бога, у дзецях, у добрых адносінах мужа і жонкі адзін да аднаго, да сваіх родных, да ўсіх, хто побач. І тады радасць памнажаецца на радасць, каб стаць вялікай-вялікай, а смутак шукае сабе іншую дарогу. Бо яму няма месца там, дзе ёсць любоў, сапраўднае жыццё і сапраўднае шчасце, падараванае Богам і прынятае людзьмі.
Валянціна ШЧАРБАКОВА,
кіраўнік клуба “Ноеў каўчэг”.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!