Грыцкевіцкі сельскі дом культуры — гэта не проста будынак з глядзельнай залай на 200 месцаў. Менавіта тут віруе культурнае жыццё навакольных населеных пунктаў. Аб’яднаўшы ў 2009 годзе аднадумцаў, СДК стаў месцам нараджэння ўнікальных культурных праектаў, прыхільнікамі якіх становіцца ўсё больш і больш жыхароў Нясвіжчыны і не толькі.

Фрагмент выступлення ансамбля песні «Суседзі» на раённай сцэне

Мясцовы гурт “Суседзі” сабраў людзей самых розных прафесій — ад вадзіцеля да спецыяліста ААТ “Грыцкевічы”. У калектыве да людзей, якія ідуць доўгія гады разам па жыцці, далучаюцца і маладыя спецыялісты. Так, прыехаўшы па размеркаванні ў мясцовае сельгаспрадпрыемства, адразу ўлілася ў калектыў Іна Кургановіч. Любоў да песні, этнічнага напеву прыцягвае Сяргея і Алену Леўшыкаў.
Артысты аматарскай творчасці збіраюцца на рэпетыцыі і абмяркоўваюць планы сваёй далейшай творчай дзейнасці. Кіраўнік ансамбля песні “Суседзі”, акампаніятар СДК Юрый Кабяк — чалавек, захоплены фальклорнымі музычнымі традыцыямі. Яго правая рука — жонка Таццяна, культарганізатар СДК. Менавіта ёй належаць ідэі танцавальных разводак, падбор рэпертуару.
— За гады свайго існавання калектыў “Суседзі” развіваўся творча і прафесійна, — расказвае загадчык Грыцкевіцкага СДК Людміла Гадун. — Шліфуецца не толькі рэпертуар, але і выканаўчае майстэрства ансамбля. Сваім творчым крэда калектыў вызначыў апрацоўку народнай песні. Штогод рэпертуар папаўняецца, павышаецца і майстэрства аматараў мастацкай творчасці. Ансамбль песні “Суседзі” мае свайго прыхільніка не толькі на раённай сцэне. Павагу і любоў слухача калектыў заваяваў, прымаючы ўдзел у абласным фестывалі гумару “Капыльскія пацехі”.

Калектыў тэатра мініяцюр «Люстэрка жыцця» на рэспубліканскім конкурсе гумару

Вядомы Грыцкевіцкі СДК і сваім тэатрам мініяцюр ”Люстэрка жыцця”, ініцыятарам і нязменным кіраўніком якога з’яўляецца сама Людміла Мікалаеўна. Шчырыя і праўдзівыя карціны жыцця і радуюць, і заварожваюць, і нават угняўляюць гледача. Карацей кажучы, нікога не пакідаюць раўнадушным. Бо кожны, хто прысутнічае ў глядзельнай зале, пазнае ў вобразах герояў сябе ў паўсядзённым жыцці.
На святах, дзе выступаюць мясцовыя таленты, ніколі не бывае сумна. Міні-спектаклі дапамагаюць рабіць жыццё рознабаковым, вымушаюць забыцца пра надзённыя клопаты — такі водгук аднавяскоўцаў атрым-ліваюць артысты.
Так, сапраўдным артыстам забаўляльнага канцэртнага жанру называюць Марыну Закудоўскую, якая ведае многа гумарыстычных гісторый, па-майстэрску пераўвасабляецца ў самых розных гераінь.
Сёння ў творчым багажы калектыву — праграмы ”Пад дахам талентаў”, “Запрашаем у вёску Жартайкава”, “Камунальная кватэра”, “А ў нас у двары…”, “Вясёленькі круіз”.
У 2019 годзе ў рэспубліканскім конкурсе гумару “Аўцюкі-2019” тэатр заняў у сваёй намінацыі трэцяе месца. А ў намінацыях “Відэаролік” і “Гумарыстычны танец” калектыў быў прызнаны лепшым.
У 2021 годзе тэатр мініяцюр ”Люстэрка жыцця” атрымаў запрашэнне на абласны фестываль гумару “Капыльскія пацехі” і з годнасцю прадставіў Нясвіжчыну.
Сёння аматарскі калектыў Грыцкевіцкага СДК працягвае работу над новым рэпертуарам канцэртнай і тэатральнай дзейнасці, пастаянна адчуваючы падтрымку з боку дырэкцыі і прафсаюзнай арганізацыі ААТ “Грыцкевічы”, за што вельмі ім удзячны.
Іна ВАСІЛЕВІЧ.