Камбікормавае прадпрыемства СВК “Агракамбінат Сноў” можна без перабольшання назваць стратэгічна важным элементам у структуры агракамбіната, злучальным звяном паміж раслінаводствам і жывёлагадоўляй.
Менавіта яно дапамагае забяспечыць якаснымі кармамі жывёлагадоўчую галіну сельгаспрадпрыемства, якая па выніках 2021 года дала 76 працэнтаў ад усяго прыбытку Снова.

Аператар Уладзiмiр Гiмро працуе тут з самага будаўніцтва камбікормавага прадпрыемства і адказвае за ўвесь цыкл вытворчасцi ад драбнення і змешвання збожжа да выхаду гатовай прадукцыі. За гэты час ён дасканала асвоіў не толькі сваю спецыяльнасць, але i сумежныя.

— Мы прымаем прадукцыю з палёў, — кажа дырэктар камбікормавага прадпрыемства Аляксандр Марозаў, — дапрацоўваем, сушым, чысцім, захоўваем. Пачынаючы з ліпеня, калі стартуе жніво збожжавых і да позняй восені, калі заканчваецца ўборка кукурузы на зерне, мы перапрацоўваем больш за 50 000 тон ураджаю. Для гэтага на тэрыторыі прадпрыемства ёсць чатыры зернесушыльныя комплексы, самы першы з якіх — польскі — надзейна служыць ужо 25 гадоў. Самы новы ЗСК у нас беларускі, вытворчасці “Лідсельмаша”. Кожны комплекс уяўляе з сябе сушылку і збожжа-сховішча вежавага тыпу з актыўным вентыляваннем і цепламетрыяй. Цяпер у нас плануецца будаўніцтва яшчэ аднаго ЗСК магутнасцю 30 000 тон. Нашы работнікі своечасова абслугоўваюць і даглядаюць усе комплексы, таму работа ідзе без збояў.
Трэба адзначыць, што для вытворчасці камбікорму выкарыстоўваецца ўсё збожжа, якое вырошчваецца ў агракамбінаце. У цэлым жа камбікорм — гэта складаны прадукт, у састаў якога ў залежнасці ад віду ўваходзіць да 20 кампанентаў. Гэта розная бялковая сыравіна, соевы і сланечнікавы шрот, макуха, рыбная мука і іншае. Састаў камбікорму жывёлаводы агракамбіната распрацоўваюць пад свае праграмы ў залежнасці ад плануемых надояў і прыбаўленняў у вазе.
У атрыманні высакакласнага камбікорму адмысловую ролю мае лабараторыя па кантролі якасці выпускаемага прадукта. Дзякуючы таму, што кіраўніцтва агракамбіната не пашкадавала сродкаў на набыццё высокадакладнага прыбора — інфрачырвонага аналізатара — зараз аналіз якасці камбікорму можна атрымаць праз паўтары хвіліны ад узяцця пробы, а не праз суткі і больш, як раней. Гэта дазваляе ўзяць некалькі спроб за час вытворчасці вызначанай партыі. У выпадку адхілення ад нормы інфармацыя маментальна паступае да тэхнолага, каб ён прыняў меры для выпраўлення сітуацыі.
Такім чынам, пільны лабараторны кантроль плюс выпуск прадукцыі ў грануляваным выглядзе, што памяншае распыленне карысных рэчываў, дае магчымасць снаўчанам выпускаць камбікорм найвышэйшай якасці.

Тэхнік-тэхнолаг Віктар Вішнякоў пастаянна трымае пад кантролем увесь вытворчы працэс

Увесь ён робіцца па заяўках жывёлагадоўлі. А ў цэлым за мінулы год камбі-кормавае прадпрыемства агракамбіната выпусціла амаль 80 000 тон прадукцыі.
Працоўны калектыў падраздзялення, разам з інжынерна-тэхнічнымі работнікамі, кладаўшчыкамі і вагаўшчыкамі, уключае 50 чалавек. Усе яны, кожны на сваім месцы, працуюць, як адзіны арганізм. На час уборкі часова дадаткова набіраецца 8 — 10 чалавек, якія таксама ўносяць свой пасільны ўклад у агульную справу.

У паспяховую працу камбікормавага прадпрыемства ўносіць свой уклад інжынер-электрык Дзмітрый Майсеня

Аб паспяховай рабоце камбікормавага сведчыць і той факт, што сярэдняя заработная плата тут крыху вышэйшая за сярэднюю па гаспадарцы, што гаворыць само за сябе.
Цяпер на тэрыторыі прадпрыемства поўным ходам ідзе падрыхтоўка да наступнай уборачнай кампаніі. Нешта рамантуецца, нешта закупляецца, для чаго аб’яўляюцца тэндэры, каб набываць неабходнае абсталяванне або запчасткі па аптымальнай цане, адным словам, жыццё працягваецца, наперадзе — новы гарачы сезон.
— Наша задача — з добрага рабіць лепшае, — з усмешкай падвёў вынік нашай гутаркі Аляксандр Марозаў.
І, мяркуючы па ўсім, так яно і будзе і надалей, таму што для гэтага тут усё ёсць: і досвед, і людзі, і магчымасці.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.