У Нясвіжскім раёне ўжо два тыдні дзейнічае перасовачны медыцынскі комплекс, які размешчаны на базе аўтобуса ПАЗ расійскай вытворчасці.

Працуе на ім памочнік урача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе Ірына Цыган. Закончыўшы 10 год таму Слуцкі медыцынскі каледж па спецыяльнасці “Лячэбная справа”, Ірына Сяргееўна два гады адпрацавала ў Стаўбцоўскай ЦРБ, і пасля гэтага вярнулася на родную Нясвіжчыну, дзе зараз аказвае медыцынскую дапамогу сваім землякам.
— Галоўнае ў маёй рабоце, — патлумачыла мая суразмоўца, — гэта дыспансерызацыя насельніцтва, агляд пацыентаў, якім па некаторых прычынах цяжка дабрацца да Нясвіжскай ЦРБ ці бліжэйшай амбулаторыі. У машыне ёсць усё неабходнае, каб узяць у пацыента агульны і біяхімічны аналіз крыві, зрабіць электракардыя-граму, агледзець чалавека з пэўнымі скаргамі, правесці агляд жаночага насельніцтва і скрынінг анкалагічных захворванняў малочнай залозы, скрынінг анкалогіі прадстацельнай залозы ў мужчын, правесці выпіску рэцэптаў, у тым ліку на ільготнай аснове і іншае.
Вяскоўцаў апавяшчаюць загадзя аб прыбыцці перасоўнага медыцынскага комплексу ў пэўнае месца, а да тых, каму цяжка адысціся ад хаты, прыязджаюць прама пад дом.
Па словах намесніка галоўнага ўрача ЦРБ Галіны Сікірыцкай, якая непасрэдна курыруе медыцынскае абслугоўванне насельніцтва, набыццё такой машыны дазволіла значна павялічыць даступнасць першаснай медыцынскай дапамогі для людзей, якія жывуць у аддаленых кутках раёна, а таксама аблегчыць правядзенне прафілактычных аглядаў работнікаў арганізацый і ўстаноў Нясвіжчыны.
Галіна Аляксандраўна таксама падкрэсліла, што ўся інфармацыя, атрыманая пры дапамозе перасоўнага медыцынскага комплексу, затым перадаецца ў бліжэйшую амбулаторыю для вызначэння неабходнасці і тактыкі далейшага лячэння чалавека.
Звяртаем вашу ўвагу, што маршрут руху новага медыцынскага аб’екта змяніўся. Вёскі на тэрыторыі Ланскай амбулаторыі, Малая Быхаўшчына і Міцькавічы наведваюцца кожны аўторак і чацвер месяца — з 8.00 да 13.00, з 13.20 да 16.00.
На тэрыторыі Ліпскай амбулаторыі — кожную пятніцу месяца. Квачы і Круты Бераг — з 8.00 да 13.00, з 13.20 да 16.00.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.