У нядзелю на гарадскім рынку адбыўся рэгіянальны веснавы кірмаш-продаж сельскагаспадарчай прадукцыі.
У кірмашы прынялі ўдзел сельскагаспадарчыя прадпрыемствы з самой Нясвіжчыны (ЗАТ “Агракамбінат Нясвіжскі”, СВК “Агракамбінат Сноў”, ААТ “Альба”, ДСХУ “Нясвіжская сортавыпрабавальная станцыя”), фермерскія гаспадаркі і прадпрыемствы суседніх раёнаў, Мінска, Століна і іншых рэгіёнаў краіны.
Прыгожымі песнямі гасцей кірмаша сустракалі музычныя калектывы Нясвіжчыны. Многія пакупнікі спыняліся каля артыстаў, слухалі кампазіцыі і напаўняліся добрым настроем ад прыгожых галасоў.
Здаецца, аснова кожнага сельскагаспадарчага кірмаша ў любы перыяд года — гэта гародніна і садавіна. Так, пакупнікі з задавальненнем набывалі яблыкі, агуркі, моркву, бульбу, часнык і іншыя культуры. Бульба, напрыклад, каштавала 1 рубель за кілаграм (“сямянка” — 1,50 рубля), а памідоры — ад 7,72 рубля за 1 кг.
Не абыходзяцца нясвіжскія кірмашы і без свежай рыбы ад ААТ “Альба”. У нядзелю можна было набыць карпа па 6 рублёў, карася па 4,59 руб., таўсталобіка па 5,63 і шчупака па 8,98 рубля за кілаграм.
Шмат прадаўцоў прапаноўвалі штучныя кветкі. Ад зусім маленькіх за рубель або два да вялікіх прыгожых букетаў за дваццаць рублёў — кветкі карысталіся вялікім попытам. І не дзіўна, бо ў канцы красавіка перад Вялікаднем, мабыць, кожны з’ездзіць на могілкі і аддасць даніну павагі сваім родным і блізкім.
Акрамя штучных раслін, арганізацыі і прадпрымальнікі прадставілі вялікі асартымент саджанцаў дрэў, кустоў, рассады кветак і іншага. Выбар быў вельмі вялікі — не пералічыць усе віды раслін, якія, акрамя работнікаў Клецкага, Уздзенскага і Слуцкага лясгасаў, прадавалі і прыватныя прадпрымальнікі.
Вялікую цікавасць пакупнікі праявілі і да насення. Было прадстаўлена ўсё тое, што так любяць саджаць на сваіх учасках гаспадары, — гародніна, садавіна і тыя ж кветкі.
Адзін з самых смачных прадуктаў, якія можна было набыць на кірмашы, гэта, напэўна, мёд. Яго прадавалі як фермеры, так і больш буйныя арганізацыі. Такія як ДСГУ “Клецкі лясгас”, у якога ёсць свая пасека. З яе работнікі і збіраюць высакаякасны прадукт. У сярднім па рынку мёд каштаваў па 7-8 рублёў за паўлітровік.
Вядома, на кірмашы прадавалі і розныя іншыя тавары, такія як яйкі, розныя віды мяса, выпечку ці прыгожыя скураныя, драўляныя вырабы ад раённых майстроў. Дзякуючы таму, што кірмаш праходзіў на тэрыторыі рынка, набыць можна было і рэчы для дома, дзіцячае адзенне і многія іншыя тавары. Галоўнае, што аб’ядноўвала ўсіх прысутных, — гэта добры настрой і радасць ад карысных пакупак.
Неаніла ЛЮБАНЕЦ.