Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 7 °C

Канцлагер Калдычэва

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 1

ІІІ. Іх выдаў здраднік

У спісе загінуўшых падчас Вялікай Айчыннай вайны ў лагеры смерці Калдычэва — некалькі жыхароў Гарадзеі. Іван Дзмітрыевіч Брушко, Сямён Мікітавіч Брушко, Канстанцін Хрыстафоравіч Кійко, Кацярына Рыгораўна Маскалік, Уладзімір Рыгоравіч Маскалік, Сяргей Фёдаравіч Руцкі, Ганна Дзмітрыеўна Саракавік… Гэта падпольшчыкі і сувязныя партызанскага атрада, які стварылі ваеннаслужачыя Чырвонай Арміі, што засталіся на акупіраванай фашыстамі тэрыторыі. Пазней у атрад прыйшлі людзі з Гарадзеі, Зарэчча, Ужанкі, Гавязны. Дыслацыраваўся атрад у лесе Воўкаўшчына, недалёка ад Гара-дзеі. Спачатку гэта была група, якой камандаваў М.І. Каклюгін. На яе базе ў кастрычніку 1943 г. быў створаны атрад імя Кутузава. А ў раёне вёсак Астроўкі і Макашы дзейнічала яшчэ адна група з савецкіх ваеннаслужачых. Для камандавання Мінскі падпольны партыйны камітэт накіраваў сюды Жоржа Шэйнрока. Пасля яго гібелі камандзірам прызначылі Громава, які таксама загінуў пры сутычцы з паліцэйскімі ў Вялікай Лысіцы. Атрад назвалі яго іменем.



Сувязнымі паміж партызанамі і падпольшчыкамі былі гарадзейцы Вольга Майсеенка, Антаніна Швака, Кацярына Маскалік, Уладзімір Шыманскі. Гарадзейцы актыўна дапамагалі народным мсціўцам. Канстанцін Кійко, які працаваў на збожжапрыёмным пункце, забяспечваў па меры магчымасці прадуктамі. Барыс Касмовіч сачыў за рухам паяздоў. Хутка партызаны праявілі сябе. Недалёка ад Гарадзеі загарэўся эшалон з варожай тэхнікай і салдатамі. Была ўзарвана вадакачка. Партызаны закідалі гранатамі чыгуначную станцыю, узарвалі паліцэйскі ўчастак. Пад адхон пайшло яшчэ 18 фашысцкіх паяздоў. Былі знішчаны намеснік начальніка паліцыі Янчэўскі і камендант Кавалёў. Неяк партызаны арганізавалі засаду, і ў выніку бою былі забіты начальнік гарадзейскай паліцыі Мацкала і яшчэ чатыры паліцаі. Крыху пазней — і новы начальнік паліцыі Козак.
Жонка Уладзіміра Шыманскага, Марыя Паўлаўна, успамінала пасля вайны: “Гарадзейскія падпольшчыкі дастаўлялі партызанам харчы, медыкаменты, мыла, тол. Мой муж разам з Канстанцінам Кійко часта ездзіў у партызанскі атрад імя Кутузава. Яны перадавалі звесткі аб руху паяздоў праз станцыю Гарадзея аб канцэнтрацыі нямецкіх войскаў”.
На жаль, фашысты натрапілі на след падпольшчыкаў. Іх, сувязных і сем’і партызан выдаў здраднік Кулакоўскі, які прыйшоў у атрад быццам бы біць ворага. Народных мсціўцаў арыштавалі. Яны прайшлі праз цяжкія катаванні, многіх фашысты расстралялі. Уладзіміра Шыманскага ўтрымлівалі спачатку ў лагеры смерці Калдычэва, пасля перавялі ў Асвенцым.

Сувязная партызанскага атрада імя Кутузава брыгады
імя Варашылава Ганна Дзмітрыеўна Саракавік  загінула з таварышамі ў канцлагеры Калдычэва

 

Вызвалілі вязня ў студзені 1945 года салдаты Чырвонай Арміі. Збіты, абяссілены, ён доўга лячыўся.
Калі ў 1944-м нашы землі пачалі вызваляць ад фашысцкай навалы, здрадніку Кулакоўскаму ўдалося збегчы. Па меркаваннях некаторых гарадзейцаў, ён застаўся жыць у Польшчы.
Успаміны Марыі Шыманскай у 1965 г. запісаў вядомы на Нясвіжчыне краязнаўца, жыхар г.п. Гара-дзея Барыс Канстанцінавіч Скачко. З гэтым цікавым чалавекам, энтузіястам, мне пашчасціла пазнаёміцца, і я ўдзячна тым абставінам. Яго       неабыякавасць да гісторыі роднага краю дапамагла нам даведацца пра такія  гераічныя і трагічныя старонкі лёсу землякоў.
Дарэчы, у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваюцца звесткі аб знішчаным насельніцтве г.п. Гарадзея нямецка-фашысцкімі акупантамі ў 1941 — 1944 гг. У іх указваецца, што ў партызанскіх атрадах і падполлі загінулі 17 гарадзейцаў. Светлая памяць! Нізка схіляем галовы перад іх мужнасцю і высокім пачуццём патрыятызму.

IV. Асвенцым, Бухенвальд, Маўтгаўзен…

Сярод гарадзейскіх падпольшчыкаў быў і Міхаіл Мікітавіч Кобрын. Нашы землякі актыўна змагаліся з акупантамі. Вызначылі праграму і пачалі дзейнічаць. Колькасць аперацый народных мсціўцаў з кожным разам расла.
Але аднойчы немцы акружылі дом Кобрына. Пачалі страляць з кулямёта. Стала зразумела: нехта данёс. Што рабіць? Сказаў жонцы, каб яна з дзецьмі ўцякала праз акно. Дом ворагі спалілі, Міхаіла Кобрына арыштавалі і разам з Канстанцінам Кійко, Сямёнам Брушко, Уладзімірам Маскалікам, Уладзімірам Шыманскім завезлі ў Нясвіжскую турму. Там дапытвалі, моцна білі. Потым іх перавезлі ў Баранавічы. Зноў дапытвалі, білі, садзілі на электрычны стул, цкавалі сабакамі. Затым Кобрына адправілі ў Калдычэўскі лагер смерці. Кожнай раніцай і вечарам прыходзілі фашысты і выклікалі на допыт. Некаторых грузілі ў машыны і адвозілі ў лес. Іх ужо больш ніхто не бачыў.
Пазней Кобрына разам з іншымі вязнямі вывезлі ў канцлагер Асвенцым. Выстраілі каля крэматорыя, і адзін з гітлераўцаў загадаў, каб яўрэі зрабілі крок уперад. Іх шлях быў вядомы — у печ крэматорыя. Астатніх пагналі ў лазню. Пасля кожнаму паставілі на руках нумары. 3 таго часу наш зямляк быў ужо не Кобрыным, а № 188316. У лазні адабралі ўсіх дзяцей і голых пагналі ў крэматорый, трубы якога дыміліся цэлымі суткамі…
Два месяцы вязні знаходзіліся ў каранцінных блоках. Кармілі іх так, каб толькі не памерлі з голаду: кавалачак хлеба ў суткі ды некалькі лыжак поліўкі. Калі вывелі на вуліцу, многія не маглі трымацца на нагах. Фашысты ж прымушалі рабіць цяжкія практыкаванні. Потым няшчасных перавялі ў рабочыя баракі. Працоўны дзень пачынаўся рана, а заканчваўся позна. Аднойчы раніцай прыйшоў адзін з немцаў і загадаў пастроіцца. Адных ставілі ўлева, другіх управа. Частку вязняў адправілі на работу, а частку пагрузілі ў вагоны. Нашага земляка павезлі далей на захад. Наперадзе ў Міхаіла Кобрына былі новыя канцлагеры: Бухенвальд і Маўтгаўзен, Гузейн-айн і Узейн-цвай. Падчас знаходжання ў адным з іх, расказваў пазней Міхаіл Мікітавіч, неяк не вярнуліся з работы два вязні. За гэта астатнія стаялі на вуліцы цэлыя суткі, пакуль не злавілі ўцекачоў. Апошніх збілі і паставілі каля варот з шыльдамі на грудзях: “За пабег”. Праз некалькі дзён гэтых людзей зноў збілі і кінулі ў склеп. На сёмы дзень камендант загадаў выкінуць трупы, і як жа ён быў здзіўлены, што людзі аказаліся жывымі. Але гэта былі ўжо знясіленыя работнікі. Іх расстралялі. Парадкі і зверствы былі страшныя. Вязняў ганялі капаць катлаваны для падмуркаў ваенных заводаў. Працавалі па 12 гадзін, потым быў адпачынак 4 гадзіны, а ноччу людзі збіралі камяні і неслі на плячах у лагер. Знясіленыя, яны паміралі штодня.

Даведка
Асвенцым — найбуйнейшы нямецка-фашысцкі канцлагер
у другую сусветную вайну. Створаны ў 1940 г. у Польшчы.
За гады вайны фашысты загубілі там каля 1,5 млн чалавек
з акупіраванай тэрыторыі СССР і амаль з усіх краін Еўропы.
27 студзеня 1945 г. Чырвоная Армія вызваліла
7500 уцалелых зняволеных.
Бухенвальд — нямецка-фашысцкі канцлагер, створаны
ў 1937 г. у Германіі. Праз яго катаванні прайшлі каля 239 тысяч, загублены больш за 56 тыс. чалавек 18-і нацыянальнасцей,
у т.л. каля 19 тыс. савецкіх ваеннапалонных. 12 красавіка 1945 г.
у лагер увайшлі амерыканскія войскі і вызвалілі вязняў.
Маўтгаўзен — нямецкі канцлагер у Аўстрыі, створаны ў 1938 г.
Прайшлі праз яго каля 335 тыс. чалавек, былі забіты 120 тысяч.
5-7 мая 1945 г. у ім адбылося антыфашысцкае паўстанне.

Калі-нікалі для вязняў арганізоўвалі лазню. У любое надвор’е гналі туды голымі і босымі. Спачатку аблівалі халоднай вадой, потым падавалі невыносна гарачую, і зноў ледзяную. Так працягвалася некалькі разоў. А ў бараках матрацы і ложкі абсыпалі нейкім парашком, зачынялі вокны. Пасля такога мыцця паміралі адразу па 70 чалавек.
За чатыры дні да вызвалення вязняў не выгналі на работу. Фашысты рыхтавалі тунель, каб загнаць іх туды і ўзарваць, але зрабіць гэтага не паспелі. 5 мая 1945 г. у пяць гадзін вечара прыйшла армія саюзнікаў. Успамінаючы ў мірныя дні тыя страшэнныя часіны, Міхаіл Кобрын казаў: “Я перажыў сваю смерць”.
Падрыхтавала Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,
г. Нясвіж.
(Працяг тэмы будзе).

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!