У чацвер у рамках рэспубліканскай добраахвотнай акцыі “Тыдзень лесу-2022” прайшла пасадка дрэў ва ўрочышчы Качановічы. На тэрыторыі ў 1,3 гектара больш за 40 прадстаўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў раёна пасадзілі 6500 саджанцаў елкі і хвоі. Сярод добраахвотнікаў былі прадстаўнікі Нясвіжскага раёна газазабеспячэння ВУ “Стоўбцыгаз”, УАЗ “Нясвіжская ЦРБ”, Нясвіжскага РАНС, аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь і міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, ААТ “Нясвіжскі райаграсэрвіс”, прадстаўніцтва “Белдзяржстрах” па Нясвіжскім раёне, Нясвіжскіх РК ГА “БРСМ”, РА РГА “Белая Русь” і РА ГА “Беларускі саюз жанчын”, СШ № 1 г. Нясвіжа.

Як адзначыла старшыня раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Іюльская, моладзь Нясвіжчыны з задавальненнем пагадзілася прыняць удзел у пасадцы дрэў, бо такім чынам яна можа ўнесці свой уклад у экалагічнае развіццё Беларусі.

— Зялёныя лясы — гэта не толькі прыгожая прырода, але і чыстае паветра, асаблівая экасістэма. Сёння сумеснымі намаганнямі мы змаглі зрабіць наш рэгіён яшчэ больш прыгожым і багацейшым на прыродныя рэсурсы, — расказвае Кацярына. — Вельмі прыемна, што мноства людзей вырашыла далучыцца да акцыі. Праца атрымалася вельмі плённай, на зямлі ўзняліся шэрагі прыгожых зялёных саджанцаў. Спадзяюся, яны ўсё прыжывуцца і з кожным годам будуць паднімацца ўсё вышэй, цешачы вока людзей, якія будуць праязджаць міма.

Рэспубліканская добраахвотная акцыя “Тыдзень лесу-2022” праходзіла з 9 да 16 красавіка. Пра іншыя мерапрыемствы, якія былі праведзены ў яе рамках, мы раскажам у бліжэйшых нумарах “НН”.

Неаніла ЛЮБАНЕЦ.