Нездарма кажуць, што маладое пакаленне — рухавік прагрэсу. За моладдзю будучае. Сённяшнія яе ідэі, праекты, дзейнасць — уклад у заўтрашні дзень. Пагадзіцеся, як здорава і прыемна, калі маладыя людзі чымсьці зацікаўлены, калі тое, што яны робяць, ім падабаецца, калі яны з вялікім захапленнем увасабляюць задуманае ў жыццё. Важна толькі знайсці аднадумцаў, тых, хто будзе гарэць з табой адной ідэяй.
Такога прынцыпу прытрымліваецца Валянціна Штоп — мастацкі кіраўнік Нясвіжскага гарадскога маладзёжнага цэнтра. У 2020 годзе яна стварыла студыю аніматарскага мастацтва “Рэтвіт”. Чаму такая незвычайная назва? Усё проста. Улічваючы, што сучасная моладзь — гэта дзеці інтэрнэту і інфармацыйных тэхналогій, Валянціна звярнулася да папулярнай сацыяльнай сеткі “Твітэр” (заўв. аўт. — сэрвіс для абмену кароткімі тэкставымі нататкамі і паведамленнямі, якія скарочана называюць “твітамі”), на прасторы якой ёсць паняцце “рэтвіт”, што значыць паўторна падзяліцца канкрэтным твітам са сваімі чытачамі. Таму ў дачыненні да калектыву гэта паняцце займела неадназначны, больш глыбокі сэнс:
— Часта, калі нам падабаецца твіт, мы робім “рэтвіт” — бяром нечую думку і ў некаторай ступені прысвойваем яе сабе. Так і тут, у нашай дзейнасці: мы не прыдумваем усё ад нуля, мы выкарыстоўваем аснову і надаём матэрыялу сваю афарбоўку, робім са свайго погляду, так, як падабаецца, — дзеліцца Валянціна Сяргееўна.
Наведвальнікі студыі — хлопцы і дзяўчаты ад 10 да 18 гадоў. Яны займаюцца ў розных узроставых катэгорыях, але для вялікіх мерапрыемстваў і прэм’ер аб’ядноўваюцца і працуюць разам.
— Гэта вельмі карысная практыка, — гаворыць кіраўнік студыі. — Бо, напрыклад, дзеці 10 — 14 гадоў не ўспрымаюць падлеткаў з 15 да 18 гадоў на адным з сабой узроўні. І калі яны разам ўзаемадзейнічаюць, глядзяць адзін на аднога, вучацца, пераймаюць нешта — гэта ўнікальны вопыт для кожнага з іх, а таксама цікава і пазнавальна для мяне.
Адбор для заняткаў аніматарскім мастацтвам, па словах Валянціны Сяргееўны, прайсці не вельмі складана. Павінна быць вялікае жаданне спрабаваць і тварыць, ну і маламальскія навыкі. А далей патрабуецца крыху мэтанакіраванасці і руплівасці. Трэба старацца не баяцца праяўляць сябе ў розных вобразах і фантазіраваць.
Адукацыйны працэс, у першую чаргу, накіраваны на вывучэнне сцэнарнага і акцёрскага майстэрства, уключае ў сябе трэнінгі па аратарскаму мастацтву. Таксама ўдзельнікі спрабуюць распрацоўваць і пісаць аўтарскія маналогі, гульнявыя праграмы і квэсты. Для малодшай групы арганізаваны заняткі па харэаграфіі і базавых асновах мантажу відэаролікаў. Наведваюць дзеці маладзёжны цэнтр два разы на тыдзень.
Хаця ў верасні 2022-га студыі “Рэтвіт” споўніцца толькі два гады, яна ўжо можа смела пахваліцца шэрагам мерапрыемстваў і перфомансаў, якія пабачыў нясвіжскі (і не толькі) глядач. Рэпертуар, вядома, падбірае кіраўнік. Але Валянціна заўсёды ўлічвае магчымасці сваіх выхаванцаў, іх захапленні. Звычайна выбар робяць супольна, абмяркоўваюць мэты і задачы, абапіраюцца на перавагі адзін аднаго, прыслухоўваюцца, і такім чынам прыходзяць да агульнага выніку.

Падчас навагодняй гульнявой праграмы “Снягуркі ў пошуках Дзеда Мароза”

— Аніматар павінен умець усё, гэта ўніверсальны артыст накшталт універсальнага салдата. І дзеці гэта разумеюць, — працягвае гутарку В.С. Штоп. — Калі я кажу, што неабходна падрыхтаваць канцэрт, то гэта адныя запыты, калі танцаваць на сцэне ці правесці акцыю — там, адпаведна, іншыя. І дзеці пераключаюцца, знаходзяць той вобраз, які неабходны.
С самага ўтварэння студыі яе ўдзельніцай з’яўляецца 18-гадовая Аляксандра Сяўрук. Дзяўчына жыве творчасцю, таму заняткі для яе — каштоўны і шчаслівы час.
— Насамрэч, я атрымліваю вялікі вопыт і сапраўдную асалоду ад здзяйснення ідэй нашай студыі на сцэне, — гаворыць Аляксандра.
Такія ж уражанні ад працэсу і ў Елізаветы Кашубы:
— Мы спрабуем сябе ў розных жанрах і амплуа. Дзякуючы стараннай рабоце, своечасовай крытыцы з боку Валянціны Сяргееўны, атрымліваецца добры вынік, што не можа нас не радаваць. Нядаўна быў мой першы спектакль у “Рэтвіце”. Безумоўна, перад прэм’ерай я хвалявалася, але ўсё прайшло на адным дыханні. Я з малых гадоў на сцэне, таму гэта месца — адназначна маё.
Завяршаючы размову, Валянціна Штоп прызналася:
— Магу сказаць адзінае: працуючы з дзецьмі, я заўсёды ў тонусе, бо ім трэба адпавядаць і ўмець зацікавіць, пераключыць іх увагу з інтэрнэту сюды, у рэальны шматгранны свет, паказаць і растлумачыць: каб быць цікавай і прыцягальнай для іншых асобай, трэба ўмець быць розным, не баяцца мяняцца, глядзець наўкола і працаваць над сабой. Хоць і няпроста, але ў гэтым і ёсць увесь смак!
Дар’я ПІВАВАРСКАЯ.
Фота з архіва студыі.