У адзін з сакавіцкіх дзён у Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы прайшоў Дзень паэзіі пад назвай “Ты любові першапрычына…”.
Гэты радок, адрасаваны прадстаўніцам прыгожай паловы чалавецтва, належыць беларускаму паэту Леаніду Дайнеку, але нясвіжскія паэты пашырылі яго сэнс і гаварылі пра любоў у розных яе праяўленнях: да роднай зямлі, да бацькоў, непаўторнай прыроды нашага краю, да ўсяго жывога і існага.
Распачала паэтычную імпрэзу галоўная госця падзеі — наша зямлячка, ураджэнка Нясвіжа, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар васьмі зборнікаў паэзіі, лаўрэат літаратурных конкурсаў Людміла Круглік (на фота). Людміла Уладзіміраўна ўручыла раённай бібліятэцы ў асобе яе дырэктара Аксаны Рыжыкавай свой зборнік “Асенняя рапсодыя”, які, па яе словах, стаў першай прыступкай у Саюз пісьменнікаў. А пасля  прачытала некалькі сваіх вершаў.  
— У жыцці бывае ўсякае. Мы ўсе розныя і таму пастаянна вырашаем, хто галоўны, «я или ты…». А на самай справе, калі мы знахо- дзімся на нейкім раздарожжы, калі нам дрэнна, калі мы хварэем,  так важна, каб побач быў той, хто не адпусціць рукі ў цяжкую хвіліну, падтрымае, усцешыць, — патлумачыла сэнс некаторых вершаў паэтка.
Самай балючай і адначасова самай галоўнай тэмай для Людмілы Круглік з’яўляецца тэма Вялікай Айчыннай вайны, якой яна прысвяціла значную колькасць твораў.
—  Я на свае вочы бачыла калек-франтавікоў. Яны хадзілі на кастылях, ездзілі на драўляных калясках. А дзеці сярод вайны! Я не магу гэта ўявіць. Мой тата прайшоў усю вайну, дайшоў да Берліна, але ніколі не дзяліўся сваім болем, сваімі ўспамінамі. Калі я застаюся сам-насам, я пачынаю думаць: “Чаму гэта? Што гэта такое? Навошта? І неяк у мяне ўзнікла ў галаве рыфма: “Вясна-вайна”.  І нарадзіліся радкі: “Не хочу рифмовать весну и войну…”.  Я з вялікім хваляваннем перажываю час напярэдадні Дня Перамогі, — падзялілася сваімі думкамі Людміла Уладзіміраўна.
Да яе разважанняў далучыліся і нясвіжскія аўтары. Наталля Валочнік вершам “Я возвращаюсь” вярнула ўсіх у дзяцінства, юнацкія гады, у невялічкую вёсачку паблізу Нясвіжа. Яна прачытала і верш пра каханне.
Вялікай шчырасцю напоўнены вершы Дзмітрыя Лібара. У большасці — гэта творы духоўнай тэматыкі. Здзівілі, як заўсёды, сваёй неардынарнасцю творы Алены Шаблоўскай. Пра родныя мясціны, тыя, дзе «душа нараспашку», распавяла Вольга Жэрка. Упершыню на суд слухачоў прадставілі свае творы Валерый і Галіна Чабатаровы. Не так даўно яны сталі пераможцамі аднаго з паэтычных патрыятычных конкурсаў, які праходзіў у сталіцы нашай краіны. А верш Валерыя Чабатарова «Признание Родине» стаў песняй.
Стан прыроды параўнала са станам душы паэтка Соф’я Любанец у прачытаным для ўсіх вершы “Осеннее наставление”. Увогуле, творы Соф’і Уладзіміраўны, па-філасофску заглыбленыя, на галоўную прыступку жыцця ўзносяць прыгажосць душы.
Працягам падзеі стала і сустрэча «Однажды вернуться» з удзелам паэткі Людмілы Круглік, нала-   джаная для навучэнцаў Нясвіжскага каледжа імя Якуба Коласа, а таксама вучняў гімназіі і школ горада, наведвальнікаў раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і іншых.
І сапраўды, няма нічога больш радаснага, чым сустрэча пасля доўгага растання, вяртання туды, дзе цябе чакалі з любых дарог, дзе                        нараджаліся найлепшыя вершы, для таго, каб памнажаліся на роднай зямлі  добрыя справы, пачуцці і словы.
Валянціна ШЧАРБАКОВА,
кіраўнік раённага літаратурна-
музычнага аб’яднання «Валошкі».
Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.