Каля 40 чалавек працавалі ў пятніцу ў скверы аграгарадка Новагарадзейскі, які прымыкае да Новагарадзейскага цэнтра культуры і адпачынку. Як расказала карэспандэнту «НН» старшыня Гарадзейскага сельвыканкама Наталля Цвірко, у рамках рэспубліканскага суботніка тут ішоў дэмантаж старой пліткі і бардзюраў, дзве гідрадынамічныя машыны мылі плот пры скверы. На дэмантажы пліткі працавалі прадстаўнікі раённай падатковай інспекцыі, Гарадзейскага ўчастка Нясвіжскага раёна электрычных сетак, Гарадзейскай СШ № 2, Гарадзейскага збожжапрыёмнага прадпрыемства, Нясвіжскага аддзела Дэпартамента аховы, Нясвіжскага райвыканкама, старшыні і работнікі сельвыканкамаў. Гідрадынамічныя машыны прадаставіў Салігорскі водаканал і Нясвіжская ЖКГ, работнікі водаканала і ЖКГ займаліся таксама ачысткай плоту ад моху і цвілі.

Акрамя таго, работнікі аддзела землеўпарадкавання райвыканкама і работнікі Гарадзейскага сельвыканкама правялі ў гэты дзень інвентарызацыю агародаў, таму што ў перспектыве ў Новагарадзейскім пройдзе добраўпарадкаванне з уладкаваннем цвёрдага пакрыцця па вул. Азёрнай, з-за якога трэба перагледзець размяшчэнне агародаў. Для работы ў скверы сваю тэхніку прадаставіла ААТ «Гарадзея». Немалаважна і тое, што напярэдадні сіламі таварыства ў скверы было праведзена абрэзванне галінак і іх вываз ад больш чым 100 дрэў, былі прыбраныя аварыйныя дрэвы.
У перспектыве ў скверы ў аг. Новагарадзейскі з’явіцца ўтульнае месца адпачынку з дзіцячай гульнявой пляцоўкай, новымі дарожкамі і лаўкамі, у якім будзе прыемна знаходзіцца і дзецям, і дарослым.
Інтэнсіўныя работы па ачыстцы ад паламаных галін, хмызняку і іншага смецця, якое назапасілася за зіму, ішлі і ў Нясвіжскім парку. Распілоўваліся і прыбіраліся таксама і дрэвы, паваленыя за межамі парка. Тут працавалі прадстаўнікі такіх арганізацый, як ДЭУ-165 і ДРБУ № 168, ПМК-218 і ПМК-23, упраўлення капітальнага будаўніцтва і праектнага бюро, Нясвіжскага раёна газазабеспячэння, АП № 8, занальнага вузла электрычнай сувязі.
Свой добры ўклад у агульную справу ўнеслі і старшакурснікі Нясвіжскага каледжа імя Якуба Коласа, якія не толькі чысцілі парк, але і фарбавалі ў ім лаўкі. Паводле слоў намесніка старшыні райвыканкама Міхаіла Афанасіка, які курыруе пытанні будаўніцтва і добраўпарадкавання, усе працавалі вельмі добрасумленна, з разуменнем таго, што ўносяць свой уклад у навядзенне парадку на роднай зямлі.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Фота Дарыны МІТРАКОВАЙ.