Рэзкае пахаладанне і снегапад апошніх дзён прымусілі аграрыяў нашага раёна прыпыніць веснавую сяўбу, якая ішла добрымі тэмпамі.
Так, у мінулую пятніцу ў ААТ “Новае жыццё” было засеяна ўжо 288 гектараў ранніх збожжавых з 300 запланаваных. Як адзначыў галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Міхаіл Канановіч, як толькі дазволіць надвор’е, гэта работа адразу працягнецца, і наступным яе этапам стане сяўба 35 гектараў аднагадовых і шматгадовых траў (у асноўным — люцэрны), на 80 гектарах пройдзе перазалужэнне лугавых угоддзяў.
Акрамя гэтага, 320 гектараў у гаспадарцы зоймуць цукровыя буракі, 1000 — кукуруза. 450 гектараў гэтай культуры пойдуць на зерне, 550 — на зялёную масу.
Нагадаем, што 1050 га збожжавых у “Новым жыцці” былі засеяны восенню: 920 з іх — азімай пшаніцай, 130 — ячменем і 280 — рапсам.

На 90-гектарным полі на мяжы з суседнімі “Грыцкевічамі” механізатар Юрый Ханцэвіч у дзень, калі быў зроблены здымак, рыхтаваў поле пад сяўбу кукурузы, заворваючы ў глебу арганіку на трактары “Беларус 3522” з 9-корпусным плугам ППА-9-45. Юрый Барталамеевіч — адзін з самых вопытных механізатараў гаспадаркі, сапраўдны знаўца сваёй справы. Яго імя ўваходзіць у лік тых, у чый гонар у апошнія гады ўздымаўся сцяг працоўнай славы на цэнтральнай плошчы Нясвіжа

У гаспадарцы дзве сеялкі, але з невялікім аб’ёмам вясновай сяўбы спраўляецца адна — “Амазоне” з трактарам “Джон Дзір”. Восенню працавала таксама сеялка “Бярэсце-3022” ў счэпе з трактарам “Беларус-3522”.
Каб атрымаць добры ўраджай, неабходна не толькі своечасова засеяць палеткі, але і паклапаціцца пра ўгнаенні — як арганічныя, так і мінеральныя.

Механізатар Віктар Буйко працуе ў ААТ “Новае жыццё” ўжо больш за 25 гадоў. За гэты час асвоіў увесь спектр сельскагаспадарчых работ — сяўбу, ворыва, падкормку ўгнаеннямі, работу на пагрузчыку і іншае. Віктару Іванавічу, адказнаму і дысцыплінаванаму, даверана яравая сяўба ранніх збожжавых, якую ён вядзе сеялкай “Амазоне” ў счэпе з трактарам “Джон Дзір”.
У дзень, калі быў зроблены здымак, механізатар працаваў на сяўбе яравога ячменю, засяваючы ў дзень каля 40 гектараў. Капрызы надвор’я перашкодзілі завяршыць гэту справу да панядзелка (як было запланавана), але пры першай магчымасці пасля ячменю Віктар Іванавіч пяройдзе да сяўбы аднагадовых і шматгадовых траў

У дзень нашага наведвання ў гаспадарку тут заканчвалі ўносіць арганіку пад яравую сяўбу. Па стане на мінулую пятніцу яе было ўнесена 44 тыс. тон. Што да фосфарна-калійных угнаенняў, то ўсе яны былі ўнесены з восені. Азотных назапашана пад поўную неабходнасць, яны былі ўнесены пад раннія збожжавыя пад культывацыю, на яшчэ незасеяных участках будуць уносіцца непасрэдна перад сяўбой, калі палепшыцца надвор’е.
Кожны пагодлівы дзень аграрыі стараюцца скарыстаць, як кажуць, напоўніцу, таму што разумеюць: будзе хлеб — будзе і да хлеба.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.