Як сказаў благачынны Нясвіжскага благачыння протаіерэй Аляксандр Данчанка, звярнуўшыся да ўдзельнікаў і гасцей выставы, “кожны твор — гэта крок да Бога”.

Да прысутных на адкрыцці выставы звяртаецца благачынны Нясвіжскай царкоўнай акругі протаіерэй Аляксандр Данчанка

— Якім бы цяжкім ні было наша жыццё, якія б складанасці не паўсталі на нашым шляху, усё гэта не выпадкова. Гэта мэта нашага Нябеснага Айца —паклікаць да сябе ўсіх сваіх дзяцей, каб яны знайшлі Бога ў сваім сэрцы. Вы бачыце, які складаны гэты свет. Але ўсе мы можам пастарацца хоць маленькую крупінку дабра прынесці ў наша жыццё. У светлыя веснавыя дні ўсё чалавецтва імкнецца спазнаць радасць Хрыстова Уваскрашэння. Гэта сустрэча, гэта выстава — уклад добрых людзей у добрыя справы, у якіх цяпло сэрца памнажаецца на майстэрства рук, — працягнуў сваю думку айцец Аляксандр.
Кіраўнік народнага клуба майстроў “Дыяменты нясвіжскага краю” Вікторыя Лукашэвіч запрасіла гасцей выставы пазнаёміцца з іконамі Святланы Мартос, Ганны Лукасевіч, Алены Івахнінай, з велікоднымі кампазіцыямі, упрыгожанымі яйкамі, плеценымі кошыкамі і многімі іншымі вырабамі, зробленамі рукамі насельнікаў Нясвіжскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў, Нясвіжскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Не засталіся ў баку і наведвальнікі творчых аб’яднанняў Нясвіжскага гарадскога маладзёжнага цэнтра. Асноўную ж колькасць работ прадставілі ўдзельнікі народнага клуба майстроў “Дыяменты нясвіжскага краю”. Самымі неардынарнымі з усіх экспанатаў выставы сталі пернікі ручной работы народнага майстра Беларусі Алены Хоміч, якія можна было купіць і паспрабаваць. Да ўсяго і песні ў выкананні артыстаў аматарскай творчасці Аношкаўскага сельскага дома культуры гучалі шчыра і задушэўна.

На выставе былі прадстаўлены работы, выкананыя ў розных тэхніках

Вельмі цікавымі момантамі выставы сталі майстар-класы ад удзельнікаў народнага клуба майстроў “Дыяменты нясвіжскага краю”. Пад кіраўніцтвам Таццяны Кунігель наведвальнікі гуртка “Духоўнае слова” СШ №4 г. Нясвіжа зрабілі цудоўны велікодны вянок. З Палінай Паскрэбкай усе жадаючыя стварылі ў падарунак сваім блізкім велікоднага зайца.

Гледачы з цікавасцю знаёміліся з экспанатамі выставы

Выстава будзе працаваць да 2 мая. Яе госці змогуць не толькі пазнаёміцца і набыць работы, многія з якіх існуюць толькі ў адзіным экзэмпляры, але і наведаць фотазоны, створаныя для таго, каб кожны, хто тут пабывае, мог прынесці ў свой дом часцінку дабрыні і шчырасці.

Майстар-клас па вырабе велікодных зайцаў вядзе кіраўнік студыі дэкаратыўна- прыкладнога мастацтва Гарадзейскага цэнтра культуры Паліна Паскрэбка

Валянціна ШЧАРБАКОВА,
кіраўнік клуба “Ноеў каўчэг” цэнтральнай раённай бібліятэкі
імя Паўлюка Пранузы.
Фота Ірыны ЛУЧЫНОВІЧ.