Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 13 °C

З другога боку рэальнасці

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 0

У мінулую пятніцу Заслужаны аматарскі калектыў тэатра імя Уршулі Радзівіл прадставіў увазе гледачоў прэм’ерны спектакль “Тыя, што адсутнічаюць” па п’есе Жана-Поля Сартра “За зачыненымі дзвярыма”.

Тэатр у Нясвіжы – самы старажытны на Беларусі: першы спектакль быў тут пастаўлены 265 гадоў таму княгіняй Уршуляй Радзівіл. Сённяшні аматарскі тэатр, якому ўжо 72 гады, імкнецца быць сапраўдным пераемнікам традыцый шматвяковай тэатральнай культуры.



У 1989 г. яму было прысвоена званне “народны”. Шмат гадоў яго нязменным кіраўніком быў Валерый Мароз, пад кіраўніцтвам якога ў снежні 2008 года калектыў атрымаў званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь тэатр імя Уршулі Радзівіл”. У 2009 годзе В.П. Мароза змяніў новы рэжысёр — Яўген Валабоеў, пад кіраўніцтвам якога нясвіжскі тэатр працягвае захапляць гледача новымі мастацкімі знаходкамі.

Вобразы Эстэль і Гарсэна ўвасобілі Людміла Вітко і Мікалай Клімко

Каб уявіць сабе складанасць задачы, якую паспрабавалі вырашыць нясвіжскія артысты, трэба хаця б крыху ўзгадаць асобу самога аўтара.
Жан-Поль Сартр — французскі раманіст, сцэнарыст, палітычны дзеяч, біёграф і літаратурны крытык — быў адной з ключавых фігур у філасофіі экзістэнцыялізму, а таксама ўвогуле вядучай фігурай у французскай філасофіі ХХ стагоддзя. Ён быў удастоены Нобелеўскай прэміі па літаратуры ў 1964 г., нягледзячы на спробы адмовіцца ад яе. Ён заяўляў, што заўсёды адмаўляўся ад афіцыйных узнагарод і што “пісьменнік не павінен дазваляць ператвараць сябе ў інстытут”.
Сартр нарадзіўся ў 1905 годзе, і за 75 гадоў жыцця стаў сведкам двух сусветных войн, пасляваеннай перабудовы свету і супрацьстаяння двух светапоглядаў — буржуазнага і марксісцкага. Большую частку жыцця з’яляючыся ўпэўненым атэістам, на схіле сваіх дзён ён прызнаў існаванне Бога як творцы ўсяго жывога, адлюстроўваючы ў літаратурных творах і навуковых працах усю глыбіню сваіх духоўных пошукаў і філасофскіх поглядаў.
Яго п’есы багатыя на сімвалы і служаць адлюстраваннем яго філасофіі. Самая вядомая з іх, якая і была прадстаўлена нясвіжскаму гледачу, утрымлівае знакаміты радок „L’enfer, c’est les autres”, што звычайна перакладаецца як “Пекла — гэта іншыя людзі”.
І сапраўды, дзеянне п’есы адбываецца ў пекле. У версіі пісьменніка яно, зрэшты, зусім не падобнае на хрысціянскае: будынак з бясконцым шэрагам камер, ні чарцей, ні распаленых патэльняў, ні іншых жахаў. Кожны з пакояў — усяго толькі банальны гасцінічны нумар з бронзавымі падсвечнікамі на каміне і трыма рознакаляровымі канапамі па сценках. Праўда, ён усё ж такі адрозніваецца ад звычайнага: нідзе няма ні люстэркаў, ні вокнаў, дзверы наглуха зачынены звонку, званок да калідорнага не звоніць, а электрычнае святло не патухае ні днём, ні ноччу. Ды і немагчыма высветліць, які зараз час сутак — у замагільным свеце час спыніўся. Грэшнікі асуджаны ні на хвіліну на векі вечныя не змыкаць вачэй і з-за адсутнасці люстэркаў шукаць сваё аблічча ў зрэнках іншых. Вось і ўсё падрыхтаванае ім пакаранне — катаванне бяссонніцай, сузіраннем суседзяў, пільнай думкай.
Да гонару нашых артыстаў, са сваёй складанай задачай яны справіліся выдатна: тры чалавекі на сцэне амаль паўтары гадзіны трымалі напружаную ўвагу залы праз тыя нябачныя, але вельмі трывалыя нітачкі, якія злучаюць у адзінае цэлае душы акцёраў і гледачоў, не даючы ім адарвацца адзін ад аднаго.
На пытанне, чым быў абумоўлены такі незвычайны выбар п’есы, рэжысёр спектакля Яўген Валабоеў адказаў, што нясвіжскі тэатр ужо шмат увагі ўдзяляў камедыям і іншаму сацыяльнаму рэпертуару, таму ён вырашыў падняць калектыў на больш высокую ступень і паспрабаваць паставіць сапраўдную псіхалагічную драму, каб акцёры адчулі свой прафесіяналізм.

У ролі Інэс — Кацярына Лабаза

— Сапраўды, падбор п’есы быў складаным, — прызнаўся Яўген Аляксеевіч. — Мне вельмі хацелася, каб мы гаварылі пра людзей, пра тых, хто побач. І я выбраў гэты спектакль як напамін пра тое, што кожны павінен усведамляць, як ён паводзіць сябе з тымі, хто з’яўляецца часткай яго жыцця. Наколькі гэта атрымалася, могуць меркаваць нашы гледачы. Мы хацелі, каб людзі, выходзячы з залы, задумаліся аб сваіх блізкіх, аб тым, што акрамя любові, цеплыні і павагі мы больш нічога па вялікім рахунку не можам даць другому чалавеку, таму што ні грошы, ні машыны, ні дом ён не забярэ з сабой у іншы свет. Ён забярэ толькі тое, што мы далі яго душы.
Акцёры падтрымалі выбар рэжысёра, і дзякуючы іх агульнай працы ў гісторыю нясвіжскага тэатра ўвайшоў новы спектакль — глыбокі, пранізлівы, незвычайны. Вельмі хочацца верыць, што яго яшчэ ўбачаць і тыя прыхільнікі Мельпамены, якія не змаглі трапіць на прэм’еру. Таму — чакаем наступных пастановак!
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!