Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 13 °C

Антыкварны цдака-пушке на паліцах нясвіжскай Ратушы

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 0

Згодна з дадзенымі ХХ т. Энцыклапедычнага слоўніка Ф. Бракгаўза і І. Ефрона, выдадзенага ў 1897 годзе ў Санкт-Пецярбурзе, Нясвіж – заштатны горад Слуцкага павета, Мінскай губерні, агульная колькасць жыхароў якога на 1 студзеня 1896 года складае 10237 чалавек, з якіх 5692 – былі габрэі. У гэты час у горадзе дзейнічалі сем габрэйскіх малітоўных дамоў-школ, дзе апроч малітвы, важнай функцыяй быў збор для вывучэння свяшчэнных тэкстаў. У прадмесці Міхалішкі, сучасная вуліца Карла Лібкнехта, знаходзілася Вялікая сінагога.



З тых далёкіх часоў засталося няшмат прадметаў, звязаных з бытаваннем габрэяў у Нясвіжы. Некаторыя артэфакты можна ўбачыць за музейным шклом. Адным з цікавых прадметаў ХІХ стагоддзя з’яўляецца кубак для збору міласціны — “цдака-пушке”, які экспануецца ў Ратушы. Музей-запаведнік “Нясвіж” набыў яго ў 2018 годзе ў антыкварным салоне “Солвіс”.

Значэнне слова “цдака” у перакладзе з іўрыту азначае “справядлівасць”, бо міласціна не з’яўляецца чымсьці асаблівым, а толькі спосабам аднаўлення справядлівасці. Слова “пушке” польскага паходжання і азначае “шкатулка”, “скрыначка” — цдака-пушке.

Кубак створаны невядомым майстрам у Расійскай Імперыі, г. Санкт-Пецярбург у 1887 годзе з срэбра 875 пробы. Тулава цыліндрычнае, з колцападобна патоўшчанымі аснаваннем і венцам. У цэнтральнай частцы прымацаваная накладка ў выглядзе паловы кароны — сімвала Бога, як Цара свету. Пад каронай — гравіроўка з выявамі скрыжалей — каменных табліц, на якіх напісаны Дзесяць запаведзей Божых. Паабапал скрыжалей знаходзяцца фігуры ільвоў-абаронцаў – сімвалаў Іерусаліма. Над каронай па акружнасці тулава выгравіраваны ламбрэкен. Пад венцам прымацавана невялікая пяцелька для навяснога замка. Вечка адкідное, нязначна пукатае, з прамавугольнай адтулінай у цэнтры, якая па перыметру мае ўзвышэнне вонкі і ўнутр. Да ўнутранай часткі ўзвышэння прымацаваныя дзесяць колцаў. Да краю вечка прымацавана адкідная накладка для навяснога замка. Паверхня вечка дэкараваная гравіроўкай у выглядзе кропак і арнаменту па акружнасці з выгнутых палос і кропак.

Падобныя кубкі выкарыстоўваліся для дабрачынных ахвяраванняў у сінагогах, школах, у прыватных дамах. У тэксце Торы сказана: Адкрый руку сваю для брата твайго, што жыве ў нястачы…”. Прытрымліванне дадзенай запаведзі з пункту гледжання іудаізму – справа абавязковая. Бо той, хто дае цдаку становіцца пасрэднікам паміж жабраком і Богам.

Падрыхтавала:

малодшы навуковы супрацоўнік музея-запаведніка “Нясвіж” Жук Людміла Мікалаеўна

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!