Меню
Курс $  3.27 | €  3.48 | ₽100  3.47 |
Погода 6 °C

Быць разам — значыць быць шчаслівымі

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 0

Пост опубликован: 13.06.2022

Мінулая вясна, якая толькі што закончылася, адзначылася цікавым мерапрыемствам — рэспубліканскім конкурсам шматдзетных сямей. Удзел у абласным яго этапе прынялі і прадстаўнікі Нясвіжчыны — сямейная каманда Наталлі і Віталія Пахомавых. Яны вядомы нашым чытачам як бацькі-выхавацелі дзіцячага дома сямейнага тыпу, якія ў канцы мінулага года перанялівыхаваўчую эстафету ад сваіх папярэднікаў —



Галіны і Ігара Бушмакіных.

Наталля Мікалаеўна і Віталій Сяргеевіч гадуюць трох уласных дзяцей — Аляксандру, Яўгенію, Кацярыну і шэсць прыёмных — Марыю, Ксенію, Святлану, Максіма, Дзяніса, Алёну. Усе яны сапраўды сталі адной камандай, у якой кожнаму дасталася сваю роля па сілах і магчымасцях, усе прайшлі выпрабаванне сцэнай. Дзеля справядлівасці трэба дадаць, што гэтых выпрабаванняў было два: першае — на адборачным этапе ў занальным конкурсе ў Салігорску, дзе Пахомавы ўвайшлі ў лік сямі лепшых сямей вобласці, і другое — непасрэдна на абласным конкурсе ў Барысаве.
Як расказала ў нашай гутарцы Наталля Мікалаеўна, конкурснае выступленне складалася з двух этапаў — “Радаводу”, падчас якога трэба было раскрыць гісторыю свайго роду, і “Сацыяльнага праекта”, дзе сям’я павінна была паказаць пэўную дзейнасць, карысную не толькі для яе, але і для ўсяго грамадства. Тут Пахомавым было што расказаць: бабуля Наталлі Мікалаеўны прымала ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне, а прабабуля паклала пачатак дынастыі прыёмных бацькоў, выхаваўшы пяць сваіх дзяцей і дваіх чужых, якія сталі для яе як родныя. Гэту высакародную справу працягнула маці маёй суразмоўцы і родны брат Аляксандр, які таксама працуе прыёмным бацькам.
Сацыяльны праект нашых землякоў адлюстроўваў галоўную справу іх жыцця — работу з дзецьмі. Праз сваё выступленне яны расказалі, як займаюцца з імі, як вядуць сацыяльныя сеткі, як стараюцца растлумачыць людзям, што ў тым, каб выхоўваць чужых дзяцей, няма нічога страшнага ці звышскладанага. І, мяркуючы па тым, што пасля іх выступлення нават абсалютна незнаёмыя людзі падыходзілі і выказвалі сваё захапленне, а на вачах у многіх гледачоў блішчэлі слёзы, усё гэта было нездарма. Цікавым было таксама і знаёмства з вопытам іншых канкурсантаў — напрыклад, пераможца абласнога конкурсу, сям’я Станкевіч з Дзяржынскага раёна, прадставіла сацыяльны праект “Вёска маладая”, які заклікаў моладзь дабівацца поспеху ў жыцці, не пакідаючы родных мясцін.
Што да таго, якую параду Наталля Мікалаеўна дала б тым, хто вагаецца — стаць прыёмнымі бацькамі ці не, то яна вельмі простая: не чакайце ўдзячнасці. Тая радасць, якую вы адчуеце, калі будзеце бачыць, як дабіваюцца поспеху дзеці, за якіх вы ўзялі адказнасць, як яны ўладкоўваюць сваё жыццё і не паўтараюць памылак сваіх біялагічных бацькоў — гэта і будзе для вас найлепшай падзякай. Сама прыёмная маці ўзяла першых дзяцей у 21 год, калі яе старэйшай дачушцы было ўсяго паўгодзіка, падчас працы інструктарам у фізкультурна-аздараўленчым комплексе ў Грыцкевічах. За 14 гадоў яна дала пуцёўку ў жыццё 29 дзецям-сіротам.
На пытанне, ці не было страшна, адказала, што не. Перад вачамі быў прыклад матулі, якая не дзяліла дзяцей на сваіх і чужых.
— Гэта, напэўна, недзе ў крыві чалавека, — гаворыць мая суразмоўца. — Камусьці дадзена быць урачом, камусьці — вадзіцелем ці міліцыянерам, а камусьці — выхоўваць дзяцей. Галоўнае — даць ім правільную мадэль сям’і, у якой ёсць мама і тата, любоў і клопат адно пра аднаго.
Дзеці, якія трапляюць да Пахомавых, у абсалютнай большасці сваёй не бачылі нармальных узаемаадносін, яны не разумеюць, што такое бацькоўскае цяпло і маміны абдымкі.
— Калі такое дзіця спрабуеш абняць, яно натапырваецца, як вожык, і пазірае спужанымі вочкамі, — расказвае Наталля Мікалаеўна. — І на тое, каб растапіць лёд у яго маленькай душы, патрабуецца шмат часу — бывае, што дзесьці толькі праз пяць гадоў яно поўнасцю растае і пачынае давяраць дарослым… Многае залежыць ад глыбіні душэўных траўм, атрыманых у біялагічнай сям’і, і ўзросту дзіцяці. Вядома, чым менш яму гадоў, тым хутчэй яно прызвычаіцца да нармальнага сямейнага ўкладу.
А каб адаптацыя ішла хутчэй, усім дзецям у сям’і Пахомавых знаходзяцца цікавыя і карысныя заняткі: Марыя вучыцца ў кадзецкім вучылішчы ў Слуцку, Ксенія асвойвае ігру на цымбалах у Нясвіжскай дзіцячай школе мастацтваў, Алёна займаецца на харэаграфічным аддзяленні гэтай жа школы, Святлана ходзіць на баскетбол у ДЮСШ, Максім вучыцца ў Гарадзейскай дапаможнай школе-інтэрнаце, Дзяніс закончыў 4-ы клас СШ №1 г. Нясвіжа і яшчэ не вызначыўся з захапленнем, Аляксандра любіць трэніроўкі па валейболе таксама ў ДЮСШ, а Яўгенія і Кацярына — юныя танцоры: пасля заняткаў спартыўнымі танцамі ў клубе “Фіеста” сёлета паступілі на харэаграфічнае аддзяленне Нясвіжскай ДШМ, а яшчэ яны — маленькія мастакі, займаюцца ў студыі выяўленчага мастацтва “Вясёлка”, што ў цэнтры дзіцячай творчасці, і ўжо атрымліваюць прызавыя месцы на міжнародных конкурсах.
Калі ж дадаць сюды пасільную працу па ўзросце — скласці посуд у пасудамыечную машыну, прыбраць у пакоі, павучыцца смажыць бульбу, рабіць дранікі ці пяльмені, што асабліва любяць дзяўчаты, — то становіцца ясна, што сумаваць тут няма калі. І самае галоўнае — няма для гэтага нагоды. Не бывае сумна там, дзе ёсць браты і сёстры, і самае галоўнае — Мама і Тата.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!