Суббота, 2 Июль 2022

67 просмотров
Актуально, Культура

Да пабачэння, школа мастацтваў!

У мінулую пятніцу ўрачыста развіталіся з Нясвіжскай дзіцячай школай мастацтваў 47 яе выпускнікоў. Самае масавае — музычнае — аддзяленне школы скончылі 24 чалавекі, 9 — мастацкае, 8 — тэатральнае і 6 — харэаграфічнае.

Як адзначыла ў нашай гутарцы дырэктар установы Ядзвіга Туркова, усе яны — па-свойму таленавітыя і цікавыя, усе заслугоўваюць добрага слова, аднак у заключ-ным канцэрце з-за абмежавага часу можна было даць магчымасць паказаць свае здольнасці толькі некаторым з іх.

Выступае адзін з лепшых вучняў школы Марк Бушыла

Так, перад поўнай залай гледачоў, родных і сяброў выпускнікоў, выступілі скрыпачка Маргарыта Талкачова, флейтыстка Руфіна Васюк, гітарысты Васіль Саніковіч і Данііл Кароль, піяністы Аркадзь Хандрыка, Эла Барсукевіч і Ілля Драбатун, які зрабіў прысутным выдатны музычны падарунак яшчэ і ў выглядзе вакальнага выступлення, праспяваўшы знакаміты раманс “Скажите, девушки, подружке вашей”, баяніст Мацвей Андрыевіч, саксафаністы Глеб Чачоткін і Марк Бушыла. Большасць юных артыстаў была ўдзельнікамі музычных конкурсаў рознага ўзроўню. У іх выкананні гучала музыка розных эпох — ад Іагана Себасцьяна Баха да Мішэля Леграна, якую аб’ядноўвала галоўнае — магутнае ўздзеянне на душы слухачоў, што напаўняліся то радасцю, то ўзнёсласцю, то светлым смуткам.

За раялем— Ілля Драбатун

Яскравую шматгалосую кропку ў святочным канцэрце паставіў хор вучняў старэйшых класаў пад кіраўніцтвам Хрысціны Пятрэнкі (канцэртмайстар Наталля Гжыбоўская), ра- зам з якім саліравала скрыпка дырэктара школы Ядзвігі Турковай. Дарэчы, гэты хор сёлета атрымаў Дыплом ІІ ступені на міжнародным анлайн- конкурсе “Музычная скарбніца”, што праходзіў у Бабруйску.

Словы ўдзячнасці педагагічнаму калектыву ад бацькоў выпускнікоў гаворыць бацька гітарыста Данііла Караля Аляксей Аляксандравіч, які сам у свой час скончыў гэтую ж школу

Разам з навучэнцамі музычнага аддзялення віншаванні падчас развітання са школай прымалі і выпускнікі тэатральнага аддзялення, аб’яднаныя ў тэатральны калектыў “Раптам!”, які сёлета падаў запыт на атрыманне звання “ўзорны” і паспяхова прайшоў агляд (кіраўнік — Ганна Татур, педагогі — Валянціна Штоп і Павел Шупеніч), а таксама юныя мастакі — выпускнікі мастацкага аддзялення — і танцоры, выпускнікі харэаграфічнага.

Выпускнік тэатральнага аддзялення Аляксей Нікіцін з мамай Кацярынай Георгіеўнай

Магчыма, не ўсе яны стануць прафесійнымі артыстамі і мастакамі, але любоў да прыгожага, уменне разумець яго і напаўняць ім свет вакол сябе застануцца з імі назаўсёды.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Фота Іны ВАСІЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!