Понедельник, 15 Август 2022

140 просмотров
Важное, Новости

Каб вёскі былі прыгожымі…

Ранішні мой тэлефонны званок у панядзелак застаў старшыню Гарадзейскага сельвыканкама Наталлю Цвірко на аб’екце. Яна прывезла на работу людзей, якія заняты добраўпарадкаваннем. Так супала: іменна
на гэту тэму я і хацела пагутарыць з Наталляй Леанідаўнай. І яна задаволіла журналісцкую цікаўнасць, распавядаючы:
— Працоўны мой дзень пачынаецца з дастаўкі людзей, а гэта накіраваныя аддзелам занятасці і працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама для выканання грамадска-значных работ. Зараз яны займаюцца афарбоўкай плоту ў аграгарадку Новагарадзейскім. Агульная працягласць агароджы — амаль 1,5 кіламетра. Гэта дзве вуліцы і сквер каля Новагара- дзейскага сельскага цэнтра культуры і адпачынку. Каб хутчэй выканаць афарбоўку, прыцягваем да данай работы і працаўнікоў устаноў культуры. Абзванілі жыхароў, каб пачысцілі свае платы, падрыхтавалі іх да фарбавання. Сам Новагарадзейскі цэнтр культуры і адпачынку ў належны стан прыводзіць аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. ААТ “Гарадзея” — свае аб’екты: пафарбавалі будынкі інтэрната і магазіна-сталовай, прыступілі да афарбавання агароджы.
— Аграгарадок Новагарадзейскі рыхтуецца сёлета прыняць раённыя дажынкі. І цяпер гэта ў вашым сельсавеце самая гарачая і адказная кропка?
— Так. Дзякуючы садзейнічанню райвыканкама, у ім заасфальтаваны вуліцы Азёрная і часткова Лугавая. Многае робіцца па добраўпарадкаванні сквера. Вясной рабочыя ААТ “Гарадзея” абрэзалі дрэвы. Тут дэманціравана старая плітка з дарожак, будзе пакладзена новая. Спецыялісты абсталююць гульнё- вую дзіцячую пляцоўку, паставяць ліхтары, лаўкі. У сучасны момант рабочыя ДРБУ №168 прыступілі да ўкладкі бартавога каменя для ўкладкі пешаходных дарожак. Пустазелле апрацавана хімікатамі, пазней пасеем газонную траву. Аб’ёмы работ немалыя, сквер займае каля 60-і сотак. І ў ім будзе створана выдатная зона адпачынку.
Разам з тым, добраўпарадкаванне вядзецца ва ўсіх населеных пунктах сельсавета, а іх у нас 21. Касьба травы, вываз смецця. Многія жыхары самі фарбуюць фасады дамоў, мяняюць агароджы на сучасныя. Жыхары вёскі Ужанка сабралі грошы, набылі хімікаты і самі знішчаюць на могілках непатрэбную расліннасць. Падабаецца такая неабыякавасць, энтузіязм, калі людзі бяруцца за справу і робяць яе, не чакаюць, што іх хтосьці арганізуе ці зробіць за іх. Сельгаспрадпрыемствы на сваіх аб’ектах робяць усё самі. У аграгарадку Астроўкі летась да раённых дажынак шмат чаго зрабілі, цяпер падтрымліваюць у належным парадку. Вельмі запатрабавана дзіцячая пляцоўка, асабліва летам, радуюць вока альпінарыі і ракарыі. Ёсць дзе пасядзець, адпачыць, правесці вольны час.
У вёсцы Макашы працуе турыстычны аб’ект “Ля старога млына”. Да яго ад Астровак ДРБУ №168 заасфальтавала аб’язную дарогу даўжынёй у 2 кіламетры. Варта наведацца ў музей старога млына. Недалёка ў лесе пабудаваны два домікі, лазня, альтанка. Хутка можна будзе ездзіць туды адпачываць. ААТ “Нясвіжскія Астроўкі” ўзяло на сябе гэтыя клопаты і развівае свой аграэкатурызм.
— Старыя дрэвы на тэрыторыі сельсавета прыносяць турботы?
— Студзеньскі ўраган паваліў іх шмат на могілках у вёсцы Краснагоркі. З дапамогай ААТ “Нясвіжскія Астроўскі”, Гарадзейскага лясніцтва і ТАА “Аграсправа”, а таксама мясцовых жыхароў убралі іх, высеклі хмызнякі. Знесена таксама каля 30 дрэў у раёне Астроўскай сярэдняй школы. Пры садзейнічанні райвыканкама тут прыклалі намаганні раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, лясніцтва і “Нясвіжскія Астроўскі”.
— Наталля Леанідаўна, ведаю, што нямала клопатаў у сельсаветаў аб вясковых дамах, якія пустуюць…
— Па стане на 1 студзеня такіх у нас налічвалася 55. Сёлета запланавана знесці восем. Тры ўжо знесены. У вёсцы Забалоцце зямельны ўчастак пераразмеркаваны суседняй жыхарцы па яе заяве пад агародніцтва. У вёсках Краснагоркі і Янчыцы ўчасткі ўключаны ў севазварот сельгаспрадпрыемства, там расце кукуруза. Адзін дом (у вёсцы Копцеўшчына) выстаўлены на продаж за базавую велічыню — 32 рублі. Пакупнікі прыязджаюць, глядзяць, думаюць. Спадзяёмся, што купяць.
Зносу пустых дамоў папярэднічае наша вялікая, крапатлівая праца. Шукаем магчымых нашчадкаў, а калі яны жывуць за мяжой, напрыклад, у неабсяжнай Расіі, то да іх “дастукацца” часам праблема. Цяпер нам аблегчылі работу: калі ўласнік піша заяву, што адмаўляецца ад сядзібы, і просіць выканкам знесці стары дом, справа вырашаецца без судовай працэдуры, БТІ здымае яго з уліку. Але колькі клопатаў не прыносіла б вымарачная спадчыннасць, мы над вырашэннем данага пытання працуем і працуем, таму што нашы вёскі павінны быць чыстымі і прыгожымі.
— У сельскага Савета ёсць добрыя памочнікі — старасты вёсак. Хто ў вас такія надзейныя сябры, палачка-выручалачка?
— Хацелася б адзначыць старасту вёскі Ужанка Вольгу Рыгораўну Шэфер. Такі неабыякавы, добрасумленны чалавек. Калі трэба, з вяскоўцамі пагутарыць, на добрую справу натхніць. У вёсцы Студзёнкі — Марыя Аляксандраўна Гібкая. Вельмі актыўная, сучасная жанчына ў свае няпоўныя 80. Амаль кожны дзень з намі на сувязі. Усё дрэннае заўважыць, аб усім паведаміць, каб хутчэй ліквідаваць загану. У Прасцях — Галіна Аляксанд- раўна Хваль, якой ужо споўнілася восемдзясят. Калі ў яе вёсцы ўпала старая велізарная ліпа з буслянкай, яна ўсіх на ногі падняла. Мы папрасілі раён электрычных сетак, каб паставілі там слуп з пляцоўкай для гнязда. Такія ж слупы стаяць у Краснагорках і Астроўках. Удзячныя буслы жывуць побач з людзьмі. “Ёсць буслы — будзе жыць вёска”, — упэўнены сяльчане.
— Наталля Леанідаўна, мы з Вамі гутарым перад вялікім святам нашай дзяржавы — Днём вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Не магу не задаць такога пытання: як на тэрыторыі нала- джаны догляд за помнікамі тым, хто загінуў у барацьбе з ворагам ці стаў бязвіннай ахвярай катаў?
— Помнікі воінам Чырвонай Арміі, партызанам, мірным жыхарам, землякам-франтавікам, што загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны, ёсць у Вялікай Лысіцы, Астроўках, Студзёнках, Булатаўшчыне (была раней такая вёска ў нашым сельсавеце). Помнікі і магілы дагледжаны работнікамі мясцовых сельгаспрадпрыемстваў і школьнікамі. Трэцяга ліпеня ўскладзём да іх кветкі.
— Месяцаў колькі таму са мной дзялілася сваёй незапакоенасцю яшчэ адна неабыякавая жыхарка Ужанкі — Тамара Уладзіміраўна Распатнюк. Яе хваляваў той факт, што ў іх няма помніка землякам, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Як вырашаецца данае пытанне?
— Вырашаецца станоўча. Фінансавыя затраты ўзяло на сябе дзяржаўнае прадпрыемства “Эксперыментальная база ”Свеклавічная”. Мы склалі спіс воінаў-землякоў з Ужанкі, Ударнага, Завітой, Маляўшчыны і Зарэчча — 58 прозвішчаў будзе занесена на гранітныя пліты. Установім помнік на цэнтральнай сядзібе сельгаспрадпрыемства, у скверы ў аграгарадку Ударны. Мы шануем памяць тых, хто жыццё аддаў за нашы мір і свабоду, і з’явіцца яшчэ адно святое месца, куды можна прыйсці з кветкамі, пакланіцца, падзякаваць за чыстае неба над галавой.
— Дзякую за цікавы аповед. Поспехаў вяскоўцам у іх добрых справах!
Гутарыла
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.
Фота добраўпарадкавання населеных пунктаў
прадастаўлены
Гарадзейскім сельвыканкамам.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!