Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 10 °C

Канцлагер Калдычэва. Абвінавачваем V. Катавалі, палілі жыўцом…

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 0

Лагер смерці Калдычэва прайшоў яшчэ адзін наш зямляк, беларускі паэт Сяргей Новік-Пяюн.

Вось як ён успамінаў пра тыя часы Вялікай Айчыннай вайны: “Калі прыйшлі немцы, я быў дырэктарам музея (у Слоніме — аўт.). Найбольш каштоўныя экспанаты мы схавалі. А ў падвал зрабілі тайны ход, адкуль можна было збегчы ў лес. Там у нас захавалася папера, машынка, лякарствы, якія пры патрэбе выкарыстоўвалі партызаны. Так наш музей стаў канспіратыўнай кватэрай падпольшчыкаў”.



Але яна дзейнічала нядоўга. Па даносу 25 лістапада 1943 г. Сяргей Новік-Пяюн разам з іншымі антыфашыстамі быў схоплены гестапа і кінуты ў Слонімскую турму. Ужо 27 лістапада яму быў вынесены смяротны прысуд. Сяргей Міхайлавіч ведаў, што яго і яшчэ шэсць вязняў павядуць з турмы на так званыя Петралевічы, бо на гэтай гары расстрэльвалі арыштаваных. Яго з сябрамі сем разоў вадзілі на расстрэл. Вязні ўжо не маглі паверыць, што зноў засталіся жыць. Жорсткія выпрабаванні падрывалі здароўе. Неяк раніцай Сяргей Міхайлавіч прыгладзіў непаслухмяныя валасы і ў здзіўленні затрымаў руку, адчуўшы, што валасы выпадаюць пасмамі. “… Я не маю сіл апісаць усе тыя жахі, здзекі, якія мне давялося перанесці ў засценках СД. Як я выжыў, як перанёс усё — не магу растлумачыць. Кармілі нас так: тры разы на дзень — вада, раніцай семдзесят грамаў так званага хлеба і столькі ж у абед. Я высах, як шкілет”, — успамінаў пазней былы вязень. Сыпны тыф, турэмная бальніца, потым — турма ў Баранавічах, Калдычэўскі канцлагер. У яго трапіла і жонка паэта Людміла.

ПРЫСЯГА
Беларусь, мая родная Маці!
Я не здраджу ніколі табе,
За ніякія ў свеце багацці —
Лепш злажу галаву ў барацьбе.
Ты ж мяне ад маленства карміла
Хлебам з роднай каханай зямлі.
3 крышталёвых крыніцаў паіла,
Што з-пад сэрца твайго паплылі.
У вясняныя дзіўныя ранкі
Палюбіў я вітаць тут зару,
А матулі маёй калыханкі
Навучылі кахаць Беларусь.
Ў роднай вёсцы я рос-гадаваўся,
Дзе сінеў нада мною блакіт;
Ў косах роднага сонца купаўся
За сялом ля зялёных ракіт.
Тут я рос на вясковым раздоллі,
Ад бацькоў прыклад
браў працаваць,
I ад птушак у лесе і полі
Я вучыўся тут песні спяваць.
Тут вучыў мяне бацька
мой родны
Сваю мову любіць, шанаваць,
Сцерагчы гэты скарб
наш народны,
Яго ў крыўду нідзе не даваць.
Тут за родныя школы змагаўся,
За свой край беларускі цярпеў,
Безупынку да волі я рваўся,
Скінуць путы з народу хацеў.
Беларусь, мая родная Маці!
Я не здраджу ніколі табе
За ніякія ў свеце багацці —
Лепш злажу галаву ў барацьбе.
Калдычэва,
гітлераўскі лагер смерці.
Чэрвень 1944 г.

НЕ ГУДЗЕ
ЗЯЛЁНАЯ ДУБРОВА
Памяці сяброў-вязняў,
закатаваных
у лагеры смерці Калдычэва,
прысвячаю
Не гудзе зялёная дуброва
Над старонкай роднаю маёй,
Толькі вецер жаласна, сурова
Паніхіды правіць тут па ёй.
Сном магільным спяць
дубы-асілкі,
Сцяла іх варожая рука,
Толькі пні, як помнікі-магілкі,
Раняць душу й сэрца земляка.
Ды навокал сумныя бярозы,
Пахіліўшы голавы свае,
Па дубах сірочыя льюць слёзы,
Клятву помсціць злыдням лес дае.
Прыйдзе час шчаслівы,
лепшы, новы,
Вольна уздыхнем, сябры, мы ўсе.
Загудзе нам новая дуброва
У новай славе, велічы, красе!
Калдычэва,
гітлераўскі лагер смерці.
1944 г.
Сяргей Новік-Пяюн.

Страшныя катаванні давялося там пераносіць людзям. Прывяду абзац з артыкула “Я не здраджу ніколі табе…” пісьменніка і публіцыста Алеся Карлюкевіча, які быў знаёмы з Сяргеем Міхайлавічам, бываў у яго, слухаў страшныя ўспаміны: “Свяшчэнніка Мікалая Хільтова прывязалі да жалезнага ложка і спалілі жыўцом. Хлопчыка Пакроўскага, які намагаўся ўцячы з лагера, эсэсаўцы злавілі, прывязалі да слупа каля варот, білі палкамі па галаве, прымушалі крычаць: “Уцякаў, ды злавілі”, брахаць па-сабачы. Пасля катаванняў хлопчыка павесілі на варотах. Дзяўчынку, якая спрабавала ўцячы, злавілі, прапароўшы […] да самага горла. Падчас допыту вязню прыкалолі нажом нагу да падлогі. Разарвалі дзяўчынку-дзіця на дзве часткі на вачах ашалелай ад жаху маці” (раённая газета “Чырвоны сцяг” за 1991 г.).
Чытаючы публікацыі пра С.М. Новіка-Пяюна ў розных выданнях, выпісала яшчэ факты пра гэты лагер смерці: “Умовы там былі жудасныя — нават узімку вязняў трымалі пад адкрытым небам, здзекваліся з іх па-садысцку. Людзей часта выганялі на пляц і прымушалі скакаць з выцягнутымі ўперад рукамі. Калі ад стомы чалавек падаў, яго калолі штыком, білі дубінкай або расстрэльвалі на месцы. […] Жанчыне 72-х гадоў загадалі ісці паглядзець у кустах “разарванага на кавалачкі сабаку”. Сэрца старой жанчыны спынілася, калі яна пазнала там… свайго сына”.
Ішло лета 1944 года. Чырвоная Армія набліжалася, і фашысты вырашылі ліквідаваць вязняў. Групу ў 600 чалавек, сярод якіх быў і Сяргей Новік-Пяюн, павялі на расстрэл. Хутка калону дагналі грузавікі з лагернай адміністрацыяй. Адтуль нахабна пракрычалі вязням, што лагера ўжо няма, што ўсіх пусцілі ў расход. А там жа заставалася жонка паэта… Калону ад фашыстаў адбілі партызаны. Паранены, знясілены, Сяргей Міхайлавіч 10 ліпеня дайшоў да Слоніма, дзе яго чакала маці…
І ў экстрэмальных умовах у душы Новіка-Пяюна жыла паэзія. Яна нараджалася ў турэмных засценках, у лагеры смерці Калдычэва. Ён напісаў, а дакладней — адклаў у сваёй памяці радкі, каб пасля запісаць, вершы “Прысяга” і “Не гудзе зялёная дуброва”, прысвечаныя памяці сяброў-вязняў, закатаваных там. Сёння мы публікуем гэтыя творы Сяргея Новіка-Пяюна.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,
член Беларускага саюза журналістаў.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!