Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 9 °C

Кроў ручаём цякла ў возера

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 0

22 чэрвеня — дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай айчыннай вайны і генацыду беларускага народа

Адным з самых жахлівых бакоў фашысцкага акупацыйнага рэжыму было правядзенне генацыду ў адносінах
да асоб яўрэйскай нацыянальнасці. Антысемітызм гітлераўцы зрабілі асноўным пунктам сваёй прапаганды, якая была накіравана на насельніцтва Беларусі. Акупацыя падавалася як збаўленне ад “яўрэйскага



бальшавізму”. Паводле ўказання Гітлера, фашысцкія верхаводы летам 1941 г. пачалі распрацоўваць план
“канчатковага вырашэння яўрэйскага пытання”. Гэта “канчатковае рашэнне” азначала знішчэнне ўсіх яўрэяў. Па звестках начальніка 4-га аддзела гестапа Эйхмана, якому Гітлер даручыў выкананне гэтай праграмы, фашыстамі былі забіты 6 млн яўрэяў,што складала 1/3 частку яўрэяў усяго свету.

Палітыку знішчэння савецкіх грамадзян яўрэйскай нацыянальнасці гітлераўскія галаварэзы з бяспрыкладнай жорсткасцю праводзілі на ўсёй часова акупіраванай тэрыторыі Беларусі, у тым ліку і на Нясвіжчыне. Сюды ўслед за войскамі вермахта прыбылі айнзатцкаманды, зондэркаманды, тайная палявая паліцыя, паліцыя бяспекі і СД, фельдкамендатуры, ортскамендатуры, жандармерыя і іншыя карныя органы, у абавязкі якіх разам з вермахтам уваходзіла і “вырашэнне яўрэйскага пытання”. Усе гэтыя органы і часці ўкамплектавалі спецыяльна падабранымі асобамі, якія былі выхаваны ў духу нацызму. Яны вызначаліся асаблівай жорсткасцю ў адносінах да людзей іншых нацыянальнасцей.
1 верасня 1941 г. яўрэям Нясвіжа загадалі пакінуць свае жылыя кварталы, якія знаходзіліся ўздоўж цэнтральных вуліц, і пераехаць у завулкі. 18 кастрычніка на базарнай плошчы сабралі ўсіх мужчын яўрэйскай нацыянальнасці. 3 іх выбралі 200 заложнікаў і запатрабавалі ў якасці выкупу тавары і вырабы са скуры. Жыхары горада прынеслі ўсё, што патрабавалася. На наступны дзень немцы зноў запатрабавалі выкуп, але на гэты раз 0,5 млн руб. і 2,5 кг золата. 3 дапамогай іншых жыхароў горада грошы і золата былі сабраны.
30 кастрычніка 1941 г. у парку каля замка Радзівілаў фашысты расстралялі 1500 яўрэяў — мірных жыхароў Нясвіжа і яго наваколля.
Шулім Халяўскі, былы жыхар Нясвіжа, якому цудам удалося выжыць падчас карных акцый фашыстаў, адзін з арганізатараў і актыўны дзеяч яўрэйскага супраціўлення і партызанскай барацьбы ў лясах Беларусі, у кнізе “Салдаты з гета” падрабязна апісваў па- дзеі таго часу: “30 кастрычніка 1941 года ў 8 гадзін раніцы ўсім яўрэям Нясвіжа было загадана сабрацца на плошчы “для праверкі дакументаў”. Праз гадзіну, калі на плошчы сабралі яўрэйскае насельніцтва, нямецкі камендант пачаў называць прозвішчы людзей — адпаведна іх заняткаў. Сярод рамеснікаў ён адбіраў высокакваліфікаваных спецыялістаў. Усяго было выбрана 585 чалавек, іх перавезлі на двор гімназіі. Астатніх раздзялілі на 2 калоны. Адна была накіравана да дварцова-паркавага комплексу Радзівілаў, другая ў бок Гарадзеі. У хуткім часе ў гімназію прыйшоў нямецкі салдат, выбраў некалькі чалавек для работы ў нарадзе. Сярод іх была і Зелда Дэймсек. Пазней яна ўспамінала: “Нам загадалі сесці ў грузавік, які стаяў каля гімназіі. Калі мы пераехалі на другі бок базарнай плошчы, зразумелі, што нас вязуць да замка Радзівілаў. Уздоўж дарогі, па абодвух баках, мы бачылі нашых сяброў, што крочылі пад наглядам нямецкіх салдат. Не даязджаючы да касцёла, машына спынілася, бо праехаць было немагчыма. Яўрэяў, маўклівых і пакорлівых, пхалі на сярэдзіну дарогі. Мы пачулі пакутлівы крык дзіцяці, якое яўна крычала ад голаду. Аднаму з салдат гэты крык надакучыў, і ён пачаў сварыцца. Я невялікага росту і мала бачыла, што адбывалася, але чула, як людзі каля мяне казалі: “Немец схапіў дзіця, а потым задушыў яго”. Крык нечакана заціх. Надзеі выжыць не засталося”.
У Нацыянальным інстытуце памяці Катастрофы і Гераізму “Яд Вашэм” у Іерусаліме захоўваюцца сведчанні відавочцы той трагедыі Томаша Іосіфавіча Скрыцкага: “Прыйшоўшы ў парк, я ўбачыў на паляне жудасную карціну. На гэтай паляне быў выкапаны роў памерам 30 — 50 м даўжынёй і 3 м шырынёй, які быў даверху запоўнены трупамі расстраляных, сярод іх было шмат дзяцей. Сярод забітых былі яшчэ і жывыя, і я добра чуў стогны і крыкі, якія раздаваліся з гэтага рова. Так, я дагэтуль памятую крык адной дзяўчынкі: “Тата, навошта ты на мяне ціснеш?!”. Тут знаходзіліся нямецкія салдаты і паліцэйскія, якія дабівалі людзей, што падавалі прыкметы жыцця. Нас расставілі вакол гэтага рова і загадалі закопваць яго. Калі мы засыпалі, то праз зямлю стала праступаць кроў. Яе было так многа, што ручай цёк у возера, і вада каля берага стала чырвонай”.
Старажылы Нясвіжа ўспаміналі, што ніякага супраціўлення з боку яўрэяў не было. Перад расстрэлам рабін у сваім выступленні на плошчы заклікаў да пакорнасці, пераконваў спакойна прыняць смерць, таму што гэта выпрабаванне ад Бога.
Адначасова фашысты правялі яшчэ адну акцыю масавага знішчэння яўрэйскага насельніцтва. Каля дарогі Нясвіж — Сноў — Баранавічы (у раёне аўтадрома) былі па-зверску забіты яшчэ 1200 чалавек.
Амаль адразу пасля гэтых злачынстваў яўрэяў, што знахо- дзіліся на тэрыторыі гімназіі, абавязалі пераехаць у гета ў цэнтры Нясвіжа, мяжа праходзіла па цяперашніх вуліцах 1 Мая, Пушкіна, Савецкай, К. Лібкнехта. 3 жыхароў горада былі створаны брыгады для збору маёмасці ў апусцелых яўрэйскіх дамах і перадачы яе на нямецкія склады.
У архіве Яўрэйскага інстытута ў Варшаве ёсць цікавыя звесткі, пакінутыя Ш. Халяўскім, пра паўстанне ў Нясвіжскім гета (дарэчы, гэта было першае паўстанне яўрэяў супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны). Адразу пасля засялення лю- дзей пачала хваляваць думка аб самаабароне. I моладзь, і людзі старэйшага ўзросту пагадзіліся з тым, што нельга дапусціць паўтору асенняй (1941 г.) акцыі, нельга дазволіць паслухмяна весці сябе на смерць. Быў створаны савет рабочых (арбайтэррад), у які ўваходзілі прадстаўнікі цэхаў. Савет рабочых стаў сапраўдным легальным штабам антыфашысцкага падполля, якое дзейнічала ў гета. Яго галоўнай мэтай было садзейнічанне падполлю ў падрыхтоўцы яўрэйскага насельніцтва да супраціўлення нямецка-фашысцкім захопнікам, да паўстання. Інжынерам хіміі Пардэсу і Голбергу даверылі выраб ядавітай сернай вадкасці, каб апякаць твары і вочы немцам. Нарыхтоўвалі бензін для падпалу гета. Дзве яўрэйскія дзяўчыны, Дукер і Каган, працавалі ў камендатуры, чысцілі зброю. Яны кралі і выносілі патроны, асобныя часткі ад зброі, гранаты. Удалося сабраць нават кулямёт. Са склада зброі Альпяровіч прынёс некалькі пісталетаў. Акрамя таго, кожны яўрэй сам рыхтаваў сабе “зброю” — бутэлькі з сернай вадкасцю, нажы, клінкі, палкі з набітымі цвікамі, сякеры.
18 ліпеня 1942 г. у нясвіжскім гета пачулі, што напярэдадні былі знішчаны яўрэі ў мястэчку Гара-дзея. 20 ліпеня на дапамогу гітлераўцам прыехалі літоўскія паліцэйскія. Яўрэі склікалі сход у бажніцы, на якім гучаў заклік да самаабароны. Спецыяльна былі сабраны ўсе яўрэі, якія калі-небудзь служылі ў арміі. Вызначылі пункты абароны: у месцах, дзе лепш разбурыць агароджу. На даху сінагогі ўстанавілі кулямёт. Усе павінны былі мець напагатове сваю зброю. Вызначылі штаб, які падпальваннем стога сена павінен быў даць сігнал пачатку барацьбы.
“На світанку 21 ліпеня ў гета з’явіліся немцы. Яўрэяў пачалі групаваць каля бажніцы. Некаторыя ўвайшлі ў сінагогу. Немцы сказалі, што адбяруць маладых у рабочы лагер. У гэты час з іх боку пачуўся выстрал. Яўрэі, якія стаялі ў калоне, разбегліся, пачалі хапаць зброю. Тыя, што мелі бензін, падпалілі гета. Дукер пачала страляць з кулямёта… Паўстанне працягвалася цэлы дзень. …Сам бачыў, як урач Кесаль у палаючым гета, сярод крыкаў яўрэяў, што нападалі з лютасцю на немцаў, сярод плачу згубленых дзяцей рабіў параненым перавязкі; як Якаб і Клячко забілі гарадскога паліцэйскага Чыжыка…”, — пісаў Шулім Халяўскі.
Пад вечар яму ўдалося выбрацца за межы гета, уся тэрыторыя якога была ўсеяна трупамі. Немцам не было над кім праводзіць акцыі расправы…
У сведчаннях Ш. Халяўскага ёсць звесткі, што ўратавацца ўдалося толькі 25 яўрэям. Большасць з іх не дажыла да дня вызвалення. Падчас паўстання былі забітыя і параненыя 40 немцаў і іх памочнікаў.
У 1965 г. астанкі расстраляных са Старога парка былі перапахаваны на гарадскіх могілках. Тут устанавілі стэлу і надмагілле, а на месцы загубы — мемарыяльны знак. У 1993 г. у раёне аўтадрома быў устаноўлены помнік 1200 расстраляным. Памяць аб несвіжанах, якія загінулі ў нясвіжскім гета, увекавечана помнікам, які быў устаноўлены па вуліцы 1 Мая.
Галіна КАНДРАЦЬЕВА,
г. Нясвіж.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!