Суббота, 2 Июль 2022

181 просмотров
Актуально

Сірэна, Ліра і Прэстыжная паказалі клас

На мінулым тыдні ў Кітайска-Беларускім індустрыяльным парку “Вялікі камень” прайшла ХХХІІ Міжнародная спецыялізаваная выстава “Белагра-2022”. На ёй свае інавацыі дэманстравалі 425 беларускіх і замежных кампаній, у т.л. Кітая, Польшчы, Германіі. Шырока былі прадстаўлены рэгіёны Расіі. Прыехалі дэлегацыі Венесуэлы, Ірака, Ірана, Манголіі, Таджыкістана і іншых краін.

Традыцыйна ўдзельнічалі ў выставе прадпрыемствы нашага раёна. Жывёлаводы “дэлегавалі” сваіх падапечных на конкурс на лепшую племянную карову малочнай пароды. Рагулі з Нясвіжчыны не падвялі. Высокую ацэнку журы атрымала карова па мянушцы Сірэна трэцяй лактацыі з СВК “Агракамбінат Сноў”. У сваёй намінацыі яна заняла першае месца. І экстэр’ерам, і прадуктыўнасцю — проста цудоўная жывёліна.
— За першую лактацыю надой малака ад Сірэны быў 11021 кілаграм, за другую — 13513, — расказала “НН” старшы заатэхнік-селекцыянер гаспадаркі Кацярына Сержан. — Тлустасць малака адпаведна 3,39 і 3,49 %, бялок — 3,29 і 3,26 %. Цяпер у суткі Сірэна дае ў сярэднім 61,8 кг малака. За 274 дні трэцяй лактацыі, якая доўжыцца 305 дзён, ад яе ўжо надаілі 14162 кг. Сірэна — не навічок конкурсу на “Белагра”. У 2020 годзе яна заняла першае месца сярод кароў другой лактацыі.
Ёсць у “Снове” яшчэ адна прызёрка “Белагра-2022”. Карове Прэстыжнай прысудзілі трэцяе месца па чацвёртай лактацыі. Папярэдняя яе прадуктыўнасць склала 11 613 кг, тлустасць малака дасягнула 4,47 %, утрыманне бялку — 3,63 %. Сёлета сутачны надой — 46-59,7 літра. Важна і тое, што тры дачкі гэтай высокапрадуктыўнай каровы паступова ўваходзяць у дойны статак, а значыць, малака будзе яшчэ болей. У гэтым і заключаецца сэнс селекцыйнай работы спецыялістаў.
Абедзве сноўскія каровы — з малочнатаварнага комплексу “Сычы”. На выставе іх даглядалі аператар машыннага даення Алена Чудук і спецыяліст па штучным асемяненні Аляксандр Андросік з “Сычоў”, а таксама ветурач фермы “Новы Сноў” Андрэй Кадлубай.
Другое месца ў сваёй намінацыі — па першай лактацыі — заняла карова Ліра з малочнатаварнай фермы “Аношкі” ААТ “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ”. Яна мае добрыя ацэначныя даныя. Гадавая прадуктыўнасць маці — 9 021 кг. Ліра — дастойная пераемніца, цяпер за суткі дае 49 — 50,2 літра. Заатэхнік-селекцыянер акцыянернага таварыства Тамара Чурак задаволена:
— Перад выставай мы карову рыхтавалі: паставілі ў асобны домік, кармілі там, даілі, чысцілі — прыбліжалі ўмовы да тых, якія яе чакалі на выставе. Добрая жывёліна, спакойная, паддалася навучанню, бо першацёлкі часам бываюць пужлівымі.
Суправаджалі Ліру загадчык фермы “Аношкі” Юлія Лях і тэхнік- асемянатар МТФ “Жанкавічы” Аляксандр Лабажэвіч. Жывёлаводы лічаць, што прызавое другое месца па рэспубліцы — нядрэнна. Тамара Чурак падкрэслівае: “У паляводаў жніво — адказны экзамен, а ў нас — выстава “Белагра”.
СВК “Агракамбінат Сноў” таксама дэманстраваў на выставе прадукцыю сваёй перапрацоўчай вытворчасці.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,
г. Нясвіж.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!