Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 13 °C

Яго дэвіз — педантычнасць і сумленнасць

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 0

Узгадваючы пра 100-годдзе з дня заснавання пракуратуры Беларусі, нельга не ўзгадаць пра людзей, якія шмат гадоў жыцця прысвяцілі высакароднай справе абароны парадку і законнасці ў нашай краіне. Адзін з такіх — наш зямляк, несвіжанін Уладзімір Жылко. Лёс гэтага чалавека ўвабраў у сябе нямала цікавых фактаў
і самых сапраўдных выпрабаванняў на трываласць, але ён з гонарам прайшоў праз іх.



Уладзімір Трафімавіч нарадзіўся ў пераможным 1945-м годзе ў горадзе Алатыр Чувашскай АССР Расійскай Федэрацыі, аказаўшыся там з мамай, якую бацька — ваенны лётчык — забраў з Беларусі падалей ад вайны разам з двума старэйшымі дзецьмі. Маці і бацька яго была з вёскі Прусы, што на мяжы Капыльскага і Нясвіжскага раёнаў — той самай, што адной з першых была спалена фашыстамі ў 1942 годзе. Маці, партызанскую сувязную, выратавала тое, што ў дзень трагедыі яе не было дома. А бабулі і дзядулі будучага пракурорскага работніка загінулі разам з астатнімі аднавяскоўцамі.
На чужбіне сям’я прабыла нядоўга — у 1947-м Жылкі пераехалі ў Нясвіж. Маленькі Валодзя пайшоў вучыцца ў сярэднюю школу №2 (у будучыні — Нясвіжскую гімназію), якую і скончыў з залатым медалём у 1963 годзе. Толькі мала хто ведае, што ўжо ў чатыры гады ён умеў чытаць, а ў пяць — пісаць. І аднойчы пяцігадовым хлапчуком патэпаў ў гарадскую дзіцячую бібліятэку, бо вельмі хацеў пачытаць што-небудзь цікавае. Там сам запоўніў фармуляр — імя, прозвішча, дату нараджэння (усё гэта добра ведаў), а вось на графе “нацыянальнасць” разгубіўся.
— Стаю, думаю, — узгадвае пра гэта з усмешкай мой суразмоўца, — што гэта за штука такая — нацыянальнасць? І вырашыў, што гэта, мусіць, тое, дзе ты нарадзіўся. І напісаў “чуваш”. Потым дарослыя доўга рагаталі з несвіжаніна-чуваша, але кемлівасць яго ацанілі.
Пасля заканчэння школы юнак паступіў на фізічны факультэт БДУ. Вучыўся, займаўся лёгкай атлетыкай, аднак любоў да спорту тут сыграла з ім дрэнны жарт: на адной з трэніровак ён атрымаў цяжкую траўму. На лячэнне пайшоў год. Вучобу прыйшлося прыпыніць. Аднак малады арганізм і воля да паўнацэннага жыцця зрабілі сваю справу — Уладзімір Трафімавіч пераадолеў наступствы таго злашчаснага выпадку і стаў шукаць, дзе прымяніць свае сілы. Ды і бацька настройваў — трэба нешта рабіць, трэба пачынаць усё спачатку. Маладому чалавеку ўжо не хацелася вяртацца да фізікі, і ён пакаштаваў нялёгкай фізічнай працы — пабыў і грузчыкам, і зменным слесарам на хлебазаводзе, а праз некаторы час, у 1969 годзе быў прыняты на працу ў Нясвіжскі РАУС начальнікам Нясвіжскай міжраённай інспекцыі выпраўленчых работ, дзейнасць якой распаўсюджвалася на Нясвіжскі і Клецкі раёны. У хуткім часе паступіў на завочнае аддзяленне юрыдычнага факультэта БДУ, якое і скончыў у 1977 годзе.
На пытанне, чаму вырашыў замяніць “фізіку на лірыку” адказаў, што працуючы ў інспекцыі, сядзеў у адным кабінеце з адвакатамі, і яму спадабалася іх работа, захацелася самому разбірацца ў законах і дамагацца справядлівасці. Падчас вучобы на юрфаку працаваў і юрыстам райсельгасхарчу, быў абраны народным засядацелем у судзе. Год выконваў абавязкі суддзі, што было вельмі адказна для маладога чалавека.
Вясной 1976 года прыступіў да работы ў пракуратуры, дзе прайшоў шлях ад памочніка да намесніка пракурора. Дарэчы, Уладзімір Трафімавіч мог пайсці на заслужаны адпачынак і ў 45, і ў 55 гадоў, але адпрацаваў да 61. Чаму не скарыстаўся магчымасцю скончыць работу раней? Ды таму, што не ўяўляў сябе ўжо без яе. А яна была зусім не салодкай — забойствы, згвалтаванні, службовыя злачынствы… Жонка ведала, што ў любы час — ці выхадны дзень, ці ноч — у хаце мог зазвінець тэлефон — і гаспадару дома трэба тэрмінова выязджаць. І тое, што ён убачыць падчас гэтага выезду, вытрымае не кожны чалавек.
— Кожная справа — па-свойму цікавая, — гаворыць мой суразмоўца. — Пра кожную ёсць што распавесці. Адно магу сказаць — толькі раз у жыцці я прасіў у суддзі вышэйшую меру пакарання для злачынцы. Гэта быў выпадак, калі п’яны сын забіў свайго бацьку, інваліда вайны. Той якраз выпісаўся з бальніцы, прыйшоў дадому. Урачы яго лячылі, а сын… На целе ахвяры знайшлі сляды не менш як 62 удараў. Аднак паколькі забойца добраахвотна здаўся міліцыі, яму прысудзілі толькі 13 гадоў.
На пытанне, што ён лічыў галоўным у сваёй рабоце, Уладзімір Трафімавіч адказаў, што гэта ўважлівасць, педантычнасць, сумленнасць.
— Бывае, здаецца, што справа ясная, але пры ўважлівым разглядзе можа аказацца, што гэта — не так. Калі хоць адзін факт са ста гаворыць, што чалавек не вінаваты, яго нельга судзіць. Усе факты трэба пераправяраць. Маім дэвізам было: “Не вер нікому — нават сам сабе. Лепш лішні раз правер!” Бывала, што за гэту педантычнасць я атрымліваў наганяі ад начальства — маўляў, што так доўга цягнеш з разглядам справы, але маё сумленне павінна было быць чыстым.
Доказам правільнасці гэтага пераканання стаў і выпадак, пра які былы пракурорскі работнік узгадвае з усмешкай. Аднойчы чалавек, які быў асуджаны за службовае злачынства, адсядзеўшы свой тэрмін, прыйшоў да яго з падзякай. “Якая тут можа быць падзяка? Цябе ж пасадзілі!” — мільгане тут у галаве кожнага. Аказваецца, чалавек ацаніў тое, што дзяржаўны абвінаваўца даказаў, што той зрабіў крадзёж не ў асабліва буйным памеры, а ў больш, скажам так, сціплым, і атрымаў нашмат меншы тэрмін, чым той, што яму пагражаў першапачаткова. І прыйшоў за гэта сказаць дзякуй. Вось і такія, амаль анекдатычныя, выпадкі былі.
Зараз У.Т. Жылко на заслужаным адпачынку. Ён не проста пракурорскі работнік у адстаўцы, але і вельмі таленавіты чалавек — спявае ў вакальным калектыве “Элегія”, што дзейнічае пры раённым цэнтры культуры, з юных гадоў піша вершы на беларускай і рускай мовах. Займаецца перакладамі твораў польскамоўных паэтаў-землякоў. Уваходзіць у раённае літаратурна-музычнае аб’яднанне «Валошкі». Вершы Уладзіміра Трафімавіча друкаваліся ў нашай “раёнцы”, у «Мінскай праўдзе» і “Сельскай газеце”, гучалі на рэспубліканскім і раённым радыё, увайшлі ў зборнікі паэзіі абласнога клуба самадзейных паэтаў і кампазітараў «Жывіца». Аўтарскія зборнікі “Пасля нас зацвіце тое зноў” і “Прыходзьце да мяне”, дзе сабраныя лепшыя вершы юрыста — паэта, раскажуць пра яго самога лепш, чым хто. Пачытайце — не пашкадуеце.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!