У мінулую суботу ў гарадскім парку прайшоў велаквэст “Гісторыя майго куточка”. Ён азнаменаваў пачатак
маладзёжнага фестывалю “Вайбава-2022”, які традыцыйна праходзіць напярэдадні Дня моладзі і студэнцтва.
Раздзяліўшыся на каманды, веласіпедысты адправіліся ў падарожжа па парку, каб знайсці адказы на загадкі, падрыхтаваныя арганізатарамі. Падчас квэста моладзь рабіла фатаграфіі сваіх каманд на фоне зашыфраваных у заданнях месцаў.
Здавалася б, пераможа той, хто справіцца хутчэй, але ў велаквэсце іншыя правілы — першае месца выбіралася па суме балаў за фатаграфіі ў кожнай лакацыі. Так што арыгінальнасць аказалася важнейшай за хуткасць.
У чаканні астатніх удзельнікаў карэспандэнт “НН” пагутарыла з камандай, якая прыйшла да фінішу першай. Так, сваімі ўражаннямі ад веласіпеднай вандроўкі па парку падзялілася Яўгенія Юхо:
— Фактычна кожны дзень мы ўсёй сям’ёй выязджаем у парк, катаемся тут на роварах, таму, калі на старонцы маладзёжнага цэнт- ра ў інстаграме ўбачылі афішу, што пройдзе квэст, не сумняваліся, што далучымся. І вось мы з мужам тут. Мне спадабалася, было класна праехаць па сцяжынках парка, адпачыць і пры гэтым з карысцю правесці час. Праўда, мне было лёгка. Я працавала экскурсаводам да дэкрэтнага водпуску, усе славутасці ведаю добра. Моладзь, якая прыняла ўдзел у квэсце, павінна была добра справіцца, бо многія з яго ўдзельнікаў прыходзілі да нас на экскурсіі.
Падлічыўшы выніковыя балы, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Кацярына Іюльская ўручыла граматы ўдзельнікам, а пераможцам — камандзе СШ №4 г. Нясвіжа — яшчэ і салодкі падарунак — торт.
Завяршыўся велаквэст ускладаннем кветак да Брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан у гарадскім парку.
Самая насычаная частка праграмы маладзёжнага фестывалю “Вайбава” адбылася на набярэжнай Бернардынскай сажалкі.
Арганізатары падрыхтавалі яскравую праграму, у якой кожны знайшоў сабе нешта па душы. Так, паўдзельнічаўшы ў забавах на інтэрактыўных зонах, мноства самых юных удзельнікаў фестывалю сабралася каля сцэны дзеля па- дзеі, якую хлопцы і дзяўчаты чакалі цэлы год, — фестывалю фарбаў “HoliFest”. Задаволеныя, яны паказвалі сябрам і бацькам “баявыя” сляды ўсіх колераў вясёлкі.
Моладзі спадабаліся такія спартыўныя змаганні, як турнір па летнім хакеі на велакарах, эстафета “Забег гігантаў”, сцежка перашкод “Хуткія лапкі” і гонкі на калясках. Дарэчы, пераможцы і лаўрэаты спаборніцтваў атрымалі дыпломы і салодкія прызы ад каманды МЦ.
Складана было абыякава прайсці міма жывых скульптур і мімаў студыі акцёрскага майстэрства “Творяки” — колькасць здымкаў, зробленых з іх удзелам, не злічыць. Карысталіся папулярнасцю і фотазоны, аквагрым, дзіцячая арт-прастора.

Намеснік старшыні Нясвіжскага райвыканкама Аляксандр Балцянкоў уручае Падзяку старшыні райвыканкама кіраўніку студыі акцёрскага майстэрства “Творяки” гарадскога маладзёжнага цэнтра Вікторыі Зяблавай
Настрой усяму дзённаму святу задавалі самыя звонкія галасы Нясвіжа — удзельнікі вакальнай студыі “Вяночкі” маладзёжнага цэнтра, іх таленавіты кіраўнік Алеся Краснашчокава і работнік МЦ Яўген Калодка.
З сямі гадзін вечара несвіжане маглі палюбавацца выстаўленай у цэнтры горада мота- і аўтатэхнікай. Як аўтааматараў, так і выпадковых гледачоў уразіла аўташоу, у якім уладальнікі выстаўленых транспартных сродкаў паказалі свой высокі ўзровень ва- дзіцельскага майстэрства.
Акрамя таго, вечарам на Ратушнай плошчы прайшлі канцэрт і ўзнагароджанне актыўнай моладзі горада і раёна, а пасля — выступленні кавер-групы з Мінска “Агеньчык Бэнд” і артыстаў “Art-Show Disar” са светлавым і вогненным шоу.
Маладзёжны фестываль “Вайбава” па-сапраўднаму сагрэў сэрцы гасцей свята радаснай і цёплай атмасферай.
Неаніла ЛЮБАНЕЦ.
Фота Ірыны ЛУЧЫНОВІЧ.