Вторник, 9 Август 2022

136 просмотров
Новости, Общество

Вясковыя сем’і — дружныя і працавітыя

У мінулую пятніцу на беразе Бернардзiнскай сажалкi прайшоў раённы сямейны сельскагаспадарчы праект “Уладар вёскi”. У iм прынялi удзел сем’i Вiталя і Вольгi Заяц з аграгарадка Заазер’е Нясвiжскага сельсавета,
Максiма і Юлii Крот з вёскі Міцькавічы — Ланскага, Аляксандра і Надзеi Мiшчанка з вёскі Затур’я — Сейлавiцкага, Аляксея i Надзеi Садоўскiх з вёскі Забалоцце Гарадзейскага сельсавета. У Год гістарычнай памяці гэты праект набывае асаблівы сэнс і значэнне: ён аб’ядноўвае беларускі народ, дэманструе сувязь часоў і пакаленняў, падтрымлівае традыцыйныя сямейныя каштоўнасці.

Сваё хатняе падвор’е дэманструе пераможца праекта “Уладар вёскі” — сям’я Мішчанка

Спаборнiцтва на лепшую вясковую сям’ю праходзiла па такiх конкурсах, як “Вiзiтная картка”, “Хатняе падвор’е”, “Гаспадар i гаспадыня”, “Па дровы”, “Вясковыя гульнi”, “Iнтэлектуалы”.

У “Візітнай картцы” трэба было прадста- віць сям’ю так, каб гледачы атрымалі ўяўленне пра кожнага яе члена, пра іх здольнасці і лад жыцця. Так, у сям’і Заяц гадуюцца Кацярына і Уладзіслаў — апора і падтрымка бацькам, якія вучаць іх жыць у любові і згодзе, паважаць родных і чужых лю- дзей, давяраць і дапамагаць адно аднаму. У сям’і Крот растуць два маленькія сыночкі — Ягор і Макар. Маладыя бацькі займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю, удзельнічаюць у многіх сацыяльна значных мерапрыемствах сельвыканкама і раёна. Іх жыццёвае крэда — словы Льва Талстого: “Шчаслівы той, хто шчаслівы ў сябе дома”. Сям’я Мішчанка — яшчэ адна сям’я, якая карыстаецца вялікай павагай сярод сваіх аднавяскоўцаў. Мама і тата тут гадуюць двух сыночкаў і дачушку, падаюць ім вельмі добры прыклад сваёй працавітасцю і ветлівасцю. Аляксандр Валер’евіч — майстар на ўсе рукі, Надзея Уладзіміраўна — клапатлівая матуля і цудоўная гаспадыня: тапіарый, вышыўка, сувенірныя кампазіцыі, дэкаратыўныя пано, найсмачнейшая выпечка — усё падуладна яе спрытным рукам. У сям’і Садоўскіх, якая завяршала конкурс “Візітная картка”, растуць пяцёра дзяцей — чатыры сыночкі і дачушка. Усе яны па меры сваіх сілаў дапамагаюць бацькам падтрымліваць парадак у доме, дзе зараз ідзе рэканструкцыя, прывучаюцца да адказнасці і ўзаемадапамогі. Усё гэта было данесена журы і гледачам рознымі спосабамі — нехта выбраў форму казкі, нехта адчыняў куфэрак з успамінамі, а нехта выкарыстаў тэтралізаваную інсцэніроўку.

На сцэне — сям’я Садоўскіх, у якой гадуецца пяцёра дзяцей — Глеб, Кірыл, Дзяніс, Раман і Ксенія

 

У конкурсе “Па дровы” ўдзельнічае сям’я Крот

У конкурсе “Хатняе падвор’е” ўдзельнікі прадстаўлялі свае сямейныя таленты: кулінарныя вырабы, вышыўкі, кветкі з паперы, маляваныя карціны і гэтак далей.
У конкурсе “Гаспадар і гаспадыня” трэба было аддзяліць буйную бульбу ад дробнай і буйную пачысціць на хуткасць. Конкурс “Па дровы” быў ці не самым складаным — тут трэба было паказаць і асабісты спрыт, і ўменне супрацоўнічаць. Так, муж і жонка разам распілоўвалі бярвенне ручной пілой на тры аднолькавыя кавалкі, а затым муж павінен быў пакалоць кожны з іх на чатыры як можна больш аднолькавыя часткі. Жонцы трэба было скласці атрыманыя дровы ў паляніцу. Ацэньвалася хуткасць і акуратнасць работы.
Конкурс “Вясковыя гульнi” складаўся з двух частак — “Пасадзі бульбу”, у якой сімвалічна “садзілася” і “выкопвалася” бульба, і “Майстры на ўсе рукі”, дзе муж і жонка мяняліся ролямі — ён спавіваў ляльку, а яна забівала цвікі. Апошнім быў конкурс “Інтэлектуалы”, дзе ўдзельнікам трэба было за 10 хвілін даць як мага больш правільных адказаў на пытанні.

Фрагмент хатняга падворкасям’і Садоўскіх

 

Фрагмент хатняга падворка сям’і Мішчанка

У вынiку пераможцам праекта «Уладар вёскi» стала сям’я Мiшчанка. Другое месца атрымала сям’я Садоўскiх, трэцяе — сям’я Заяц, чацвёртае — сям’я Крот.

Сваіх прадстаўнікоў дружна падтрымліваў Ланскі сельвыканкам

Узнагароды ўдзельнікам праекта ўручыў старшыня райсавета дэпутатаў Валерый Лазюк. У сваім заключным слове ён выказаў шчырую ўдзячнасць усім, хто прыняў удзел у сямейным спаборніцтве, і выказаў упэўненасць у тым, што сям’я Мiшчанка дастойна прадставіць Нясвіжчыну на абласным этапе праекта “Уладар сяла”, які пройдзе ў суседнім Клецкім раёне.
P.S. Абласны этап “Уладара вёскі” прайшоў у чацвер. Падрабязнасці — у наступных нумарах “НН”.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Фота Ірыны ЛУЧЫНОВІЧ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!