Горячие новости

За светлае сёння

0 0

У аграгарадках і вёсках раёна, у Нясвіжы ўстаноўлены абеліскі ў памяць аб земляках, што загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны. На франтах загінулі і прапалі без вестак 1300 жыхароў Нясвіжчыны.
А гэта ж былі чыесьці сыны, мужы, браты, бацькі, жаніхі. Старэнькія мамы маліліся Богу за сваіх хлопчыкаў.
Маладыя кабеты, прыціскаючы да грудзей немаўлят, з думкамі пра каханых пачыналі і заканчвалі кожны дзень тут, у акупацыі. Чакалі ўсіх, доўга чакалі. Але многія мужчыны не вярнуліся.

Наталля Пятроўна Вініцкая з Малева не дачакалася свайго Сцяпана Данілавіча. Аддаў ён жыццё за мір і свабоду, загінуў у Берліне 22 красавіка 1945-га. Застаўся іх сынок Шурык без таты. А было яму толькі два гадкі. Мама выхавала дастойнага сына, стаў Аляксандр Сцяпанавіч ваенным урачом. Цяпер жыве ў Маскве. І ён, і ўжо яго сын час ад часу наведваюцца ў Малева, у хату продкаў. Вось і сёлета, казалі мне вяскоўцы, бачылі на Зарэчнай вуліцы аўтамабіль з маскоўскім нумарам.

Віктар Літвін

Не вярнуліся з поля бою многія маладыя, нежанатыя хлопцы. Не пакінулі нашчадкаў, каб працягваўся род, каб звінелі дзіцячымі галасамі родныя хаты. Яўген Усовіч з Карцэвічаў, Расціслаў Плакса, Міхаіл Плакса і Васіль Лук’янчык з Асмолава. Дзень 18 красавіка 1945 года стаў апошнім у жыцці майго 24-гадовага дзядзькі Віталя Гуля, самага малодшага брата майго таты. Віктар Літвін (на фота) з Вялікай Быхаўшчыны загінуў у 1945-м ва Усходняй Прусіі.

Вольга Мікалаеўна Хваль з вёскі Прасці не дачакалася мужа Лявона Міхайлавіча. Засталася з трыма дзецьмі, малодшаму сыну было два гады. У спісе франтавікоў раённай кнігі “Памяць” радавы Л.М. Хваль значыцца як прапаўшы без вестак у 1944 г., бо такое паведамленне некалі атрымала з фронту ўдава. Працуючы над гэтым артыкулам, я даведалася, што ўнучка Лявона Хваля праз інтэрнэт знайшла падрабязнасці гібелі дзядулі. Падчас аднаго з баёў на тэрыторыі Германіі ён першым ускочыў у варожы акоп, прыняў на сябе смяртэльны шквал агню, каб таварышы змаглі рвануць наперад. Родныя ганарацца дзедам-героем.

Лявон Хваль

Дзядуля маёй сяброўкі Надзеі, Павел Раманавіч Шкода, памёр ад ран у маі 1945-га, пахаваны ў г. Балтыйску Калінінградскай вобласці. А бацька Надзеі, Іосіф Паўлавіч, 22-гадовым юнаком быў угнаны фашыстамі на рабскую працу ў Германію. Дарэчы, за перыяд акупацыі нашага раёна немцы насільна ўгналі на катаргу 2800 чалавек.

Вярнуўся Іосіф Шкода ў родныя Сейлавічы таксама ў маі 45-га. Там яго чакала маці, Анастасія Адамаўна, і шэсць малодшых братоў. Удава з сямю дзецьмі… Няшчасныя беларускія жанчыны, колькі сіл, цярпення, вытрымкі давялося вам праявіць, каб выжыць у той страшны час, паставіць на ногі дзяцей! Мужныя беларускія жанчыны, схіляемся перад вашай стойкасцю.

Іосіф Шкода

Боль страты не сціхае ні ў сэрцах, ні ў душах людзей у кожнай беларускай сям’і. Раны не загойваюцца, вярэдзяць розум. Пра гэта трэба гаварыць. Каб ведалі дзеці, унукі, праўнукі. Каб яны цанілі мір, бо ён такі нетрывалы. І яго неабходна берагчы.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Happy
Happy
0 %
Sad
Sad
0 %
Excited
Excited
0 %
Sleepy
Sleepy
0 %
Angry
Angry
0 %
Surprise
Surprise
0 %

Average Rating

5 Star
0%
4 Star
0%
3 Star
0%
2 Star
0%
1 Star
0%

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!