Горячие новости

91,5 цэнтнера з гектара — такога ўраджаю ў “Грыцкевічах” яшчэ не было

У 2015-м сабралі па 85,2 цэнтнера з гектара.
І тады здавалася: вось гэта вышыня! Ці будзе калі больш?! Аказалася: можа быць. Асабліва парадавала сёлета
азімая пшаніца, яна дала па 94 ц/га.

Эфектыўная тэхналогія
За кошт чаго павялічылі аддачу гектара? Што — у аснове?
На гэтае пытанне адказаў галоўны аграном гаспадаркі Іван Валетаў:
— Строгае захаванне тэхналогіі вырошчвання. Навейшыя сарты. Ячменю яравога — “ірына”. Азімай пшаніцы — “эміль”, “бананза”, “этана”. Яны праходзілі ў нас выпрабаванне, зарэкамендавалі сябе добра, пайшлі на масавую сяўбу пад ураджай бягучага года. Разбежка ва ўраджайнасці пшаніцы на розных палях — ад 80 да 100 ц/га, месцамі было і за сотню цэнтнераў. Зерне налітае, каласы цяжкія. Сярэдні выхад збожжа з гектара мелі б большы, калі б 13 ліпеня, перад пачаткам жніва, лівень не паклаў пшаніцу — гэта было з раніцы, а бліжэй да абеду шквалісты вецер яшчэ пагоршыў становішча. Зразумела, што камбайнерам даводзілася трохі паваждацца, каб убраць палёгліцу. Але яны ў нас людзі вопытныя, справіліся. А каб дзе чаго не прапусціць, работу кантраляваў у полі аграхімік Дзмітрый Гайцюкевіч. У нас пяць збожжа- ўборачных камбайнаў, працавалі адным звяном, кампактна.

Многае залежыць таксама ад правільнай падрыхтоўкі глебы, ад прафесіяналізму і добрасумленнасці механізатараў. Ведаюць сваю справу Міхаіл Клімовіч, які арэ глебу, а потым раўняе яе АКШ, і Ігар Наумовіч — ён займаецца ворывам і сяўбой. Акрамя перадпасяўнога ўнясення ўгнаенняў, фосфар у радкі ўносім яшчэ і адначасова з насеннем — набылі такую збожжавую сеялку. Паколькі пшаніца тых сартоў, што мы вырошчваем, моцна кусціцца, яе рана высяваць небяспечна, каб не справакаваць дрэннай перазімоўкі. Аптымальныя тэрміны — з 10 да 30 верасня.
Як і патрабуе тэхналогія, пасевы апрацоўваем фунгіцыдамі, пестыцыдамі і інсектыцыдамі супраць хваробаў збажыны, пустазелля і шкоднікаў. Купляем хімікаты самыя лепшыя, самыя эфектыўныя. Так, яны каштуюць дорага, але затраты акупляюцца.

Людзі — залаты
фонд гаспадаркі
Першым тысячнікам у “Грыцкевічах” стаў камбайнер Генадзь Сяргей. У нядзельку, 7 жніўня, ён выйшаў на такі рубеж. Ударнай працай адзначыў сімвалічны выхадны. Я знарок нагадала, што была нядзеля, каб падкрэсліць: у камбайнераў жніво — цэйтнот, без выхадных і перакураў, з кароткім перапынкам на абед і полудзень у полі. Ад світанка да ночы.
— Які настрой сёлета на жніве? — пацікавілася ў Генадзя Мікалаевіча.
— Добры. Такі багаты ўра-джай збіралі. Бункер увачавідку напаўняўся. Праўда, цяжкавата даводзілася, палеглага было многа, з заходам жалі, павольна.
— З чаго пачыналася Ваша працоўная раніца на мехдвары?
— Чысціў, змазваў камбайн. Бывала, трэба было штосьці падрамантаваць. Сегменты нажа, падшыпнікі замяніць. Машына ў мяне толькі трэці сезон, “КЗС-1218”. Таму зімой рамонту не патрабавалася. Пасля абмалоту кукурузы памыў, разабраў, на захоўванне паставіў. Да новага жніва — сабраў, усё перагледзеў.
— Што для Вас самае галоўнае ў жыцці?
— Унукі. Каб раслі здаровымі, у міры і шчасці. Іх у мяне два — хлопчыкі. Цяпер разумею, што дзядулі і бабулі нават больш хвалююцца за ўнукаў, чым за дзяцей.
Наша кароткая размова з Гена- дзем Сяргеем праходзіла па мабільных тэлефонах раніцай, калі ён рыхтаваў камбайн да выхаду ў поле. На развітанне пажадала хлебаробу добрага працоўнага дня, багатага намалоту. На момант напісання гэтага артыкула намалот у Генадзя Мікалаевіча складаў 1940 тон і ён па-ранейшаму трымаў першынство ў гаспадарцы.
9 жніўня тысячнікам стаў камбайнер Юрый Наполеў. У наступны дзень такога паказчыка дасягнулі Сяргей Гаспадарык і Георгій Закудоўскі. Затым — і Аляксандр Ілюшын. Да канца ўборкі яны, вядома, памножылі свае здабыткі. Сяргей Гаспадарык выйшаў на другое месца.
На адвозцы зерня было занята пяць адзінак транспарту. Стараліся шафёры Міхаіл Заяц, Мікалай Казакевіч, Мікалай Клімовіч, Мікалай Ярош, Уладзімір Савіч. Тры першыя вадзіцелі даставілі з поля на ток адпаведна 1929, 1834 і 1716 тон збожжа, а праз пару дзён Міхаіл Заяц стаў 2-тысячнікам.
Сушыльны комплекс “Амкадор” абслугоўвалі аператары Аляксандр Любко і Аляксандр Акулік у адну змену, Аляксандр Крукоўскі і Мікалай Коранеў — у другую змену. На сушылцы М-819 працавалі Віктар Сянькевіч, Анатоль Піліпчук і Яўген Баранчык. На збожжатаку перавозілі зерне вадзіцелі Аляксандр Заяц і Сяргей Каліноўскі, пагрузкай займаліся механізатары Аляксандр Папоў і Сяргей Лось. Улік збожжа вяла вагаўшчык Іна Сарнацкая. Кантроль за работай на таку, за тэхнічным станам механізмаў ажыцццяўляў інжынер-энергетык гаспадаркі Віктар Сянькевіч.
Услед за камбайнамі іншая тэхніка ўбірала салому. У рулоны яе прасавалі Анатоль Каваленя і Міхаіл Клімовіч. “Нью Холандам” падбіраў і здрабняў Андрэй Клім. На захоўванне салому звозяць бліжэй да фермаў, каб зімой зручней было карыстацца.
Смачную і каларыйную ежу гатуюць для хлебаробаў повары, яны ж — і раздатчыцы Вольга Гаспадарык і Вольга Наумовіч, якім дапамагае кухонная работніца Ірына Няхайчык. Невялікі калектыў працуе пад кіраўніцтвам загадчыцы вытворчасці Галіны Драздовай. Усё ў іх ладзіцца, усюды яны паспяваюць. Людзі задаволены.
Пад новы ўраджай
Поўным ходам ідзе падрыхтоўка да сяўбы азімых збожжавых ура-джаю будучага года. Убралі ячмень — звезлі салому, уносяць вадкія арганічныя ўгнаенні — па 30-40 тон на гектар, рассяваюць фосфар і калій. І — ворыва. Там, дзе патрэбна, перад ім вядуць лушчэнне.
На другім полі косяць і ўбіраюць люцэрну на сянаж. Па ёй таксама пойдуць азімыя. Павінен вырасці і багаты ўраджай-2023.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.
Фота Ірыны ЛУЧЫНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!