Горячие новости

У іх працы вялікая сутнасць

Нягледзячы на тое, што асноўны напрамак дзейнасці доследнай навуковай станцыі па цукровых бураках — вытворчасць гібрыдаў салодкага кораню, арганізацыя таксама актыўна займаецца пытаннямі аховы раслін і ў сувязі з гэтым паралельна і збожжавай гаспадаркай — першасным насенняводствам.
Калі ў іншых сельгаспрадпрыемствах засяроджваюцца не толькі на якасці, але і на колькасці, то тут галоўнае — якасць.
Збожжавыя культуры займаюць на станцыі 392 гектары. З іх 221 гектар яравога севу. Збожжа, сабранае з палёў гаспадаркі, — азімая пшаніца, трыцікале, яравы ячмень, яравая пшаніца, яравая трыцікале, прадстаўленыя насеннем класаў «суперэліта» і «эліта» — пасля складуць аснову будучага ўра-джаю ў іншых гаспадарках. Продаж насення збожжа элітных сартоў — адна з асноўных крыніц даходу станцыі.
Пра гэта і іншае нам расказаў намеснік дырэктара станцыі Віктар Гадун. Ён працуе тут ужо 26 гадоў. Да гэтага часу, пасля заканчэння сельскагаспадарчай акадэміі ў 1976 годзе, быў у калгасе «Новае жыццё» начальнікам вытворчага ўчастка.
— Насенне наша запатрабавана, — гаворыць Віктар Іванавіч. — Сярод азімых сартоў найбольшым попытам карыстаюцца трыцікале, новыя сарты беларускай селекцыі «Гродна» і «Каўчэг». З пшаніц пераважае сорт польскай селекцыі «Маркіза». Усяго мы атрымліваем 500 тон насення яравых культур, 600 тон азімых. Наша насенне гаспадаркі ведаюць. Усё раскупаецца, бо мы на рынку не першы год. Асноўныя пакупнікі — элітгасы. Мы прадаём ім, яны пасля высяваюць сабе нашу суперэліту і ўжо атрымліваюць эліту, прадаюць перадавым гаспадаркам.
Так сталася, што за станцыяй замацаваны землі з нізкім пладароддзем — пясчаныя, супясчаныя — усяго 85 працэнтаў такіх зямель. І гэта сказваецца на ўраджайнасці. На дадзены момант ураджайнасць 48 цэнтнераў з гектара, — гаворыць наш суразмоўца.
Калі ўбіраецца тая ці іншая культура, для яе выдзяляецца адзін камбайн і спецыяльная машына, якая адвозіць зерне. Пасля — машыны і зернаток апрацоўваюцца кампрэсарам, каб не пакінуць ніводнага зерня папярэдняй культуры. За гэтай справай мы і засталі камбайнёра Сяргея Шыцько. Ён прыйшоў на станцыю тры гады таму пасля заканчэння Клецкага СПЛ. Нягледзячы на малады ўзрост, Сяргей Валер’евіч — добры спецыяліст, чалавек, які разумее важнасць сваёй справы. Тут жа на вагавой працуе і яго жонка Настасся Міхайлаўна.
— Кадры ў нас усе правераныя, з высокай кваліфікацыяй, — адзначыў Віктар Іванавіч. — У цэлым мы людзь- мі укамплектаваны, але хацелася б папаўнення сярод спецыялістаў з кандыдацкім узроўнем. На дадзены момант двое нашых супрацоўнікаў вучацца ў аспірантуры. У канцы гэтага года павінны абараніцца. Хочацца, каб выпускнікоў аспірантуры было болей.
Скончыцца гарачая страда, але час для адпачынку знойдзецца хіба толькі з першым снегам. Вядома, гэта нялёгка. Але ўсе, хто сустрэўся нам на палетках станцыі, і шмат іншых яе працаўнікоў, ведаюць, дзеля чаго пачынаецца іх дзень і што недарма праходзіць жыццё, бо ў іх працы — вялікая сутнасць.
Валянціна ШЧАРБАКОВА.
Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!