Горячие новости

У хлебе — жыццё

Калі чалавек толькі пачынае свой працоўны шлях, то, зразумела, ім кіруе не толькі жаданне змяніць у гэтым свеце штосьці да лепшага, цікавасць да той ці іншай прафесіі, але і матэрыяльны бок справы. Трэба ствараць сям’ю, думаць пра дах над галавою і кавалак хлеба на стале, пасля гадаваць, вучыць дзяцей, дапамагчы ім стаць на ногі… А калі ў чалавека ўсё з вышэйпералічанага ёсць, калі за плячыма пяцідзесяцігадовы стаж працы на карысць сваёй сям’і і дзяржавы, то што ім кіруе тады, што прымушае паднімацца з сонцам і працаваць нават не толькі рабочы дзень, а цэлыя суткі?
Ураджэнец вёскі Салтанаўшчына Георгій Іванавіч Гур’янаў усё неабходнае для жыцця мае. І стаж за яго плячыма якраз паўвекавы. У свой час яго бацькі Іван Іванавіч і Анастасія Антонаўна Гур’янавы ўсім сваім траім дзецям — дачцэ і двум сынам — прывілі працаві- тасць з дзяцінства — у вясковых сем’ях не цураюцца ніякай работы і кожны ведае свае абавязкі. Тата, ветэран Вялікай Айчыннай, у мірны час змяніў поле бою на палі калгаса — на той момант імя Кірава. Там жа працавала і маці.
Пасля заканчэння Салтанаўшчынскай сярэдняй школы Георгій скончыў школу ДТСААФ, вывучыўся на вадзіцеля і дзесьці з месяц, да прызыву ў армію, паспеў папрацаваць у тым жа калгасе імя Кірава (цяпер — ЗАТ “1 Мая”). Служыў у расійскім гора- дзе Варонежы ў аўтамабільных войсках. Скончыў там школу малодшых спецыялістваў і стаў інструктарам па ваджэнню. Пасля арміі зноў папрацаваў крыху вадзіцелем і паступіў у Віцебскі тэхнікум фізічнай культуры. Тры гады пасля яго заканчэння выкладаў у школе фізкультуру і ваенную справу. Розныя прычыны паслужылі таму, што Георгій Іванавіч ізноў вярнуўся да сваёй першай прафесіі. У тэхніцы разбіраўся добра, калі трэба было, працаваў на машыне, трактарах і камбайнах. А жыццё абяцала іншыя, на першы погляд, лепшыя перспектывы. Брат Віктар быў ваенным, служыў у Літве. У Георгія Іванавіча за плячыма таксама былі афіцэрскія курсы. Зразумела, брат клікаў да сябе. Былі і тут, на Нясвіжчыне, не менш цікавыя прапановы.
— У кожнага ў жыцці свой выбар, свае інтарэсы. Хтосьці выбірае нейкі адзін занятак, другому падабаецца іншае. Я свой выбар зрабіў на карысць вёскі і сялянскай працы. Магчыма, тут я быў найбольш патрэбны, — разважае мой суразмоўца.
У юнацкія гады, калі Георгій толькі вучыўся жыць, вельмі спатрэбілася яму навука яго цётачкі Валянціны. Падчас вайны яна была медсястрой, ратавала нашых байцоў, на сваіх плячах выносіла з поля бою. Пасля атрымала яшчэ і вышэйшую педагагічную адукацыю. Пляменніку яна гаварыла:
— Не трэба шмат гаварыць, трэба працаваць.
На пенсію Георгій Іванавіч выйшаў у 2013 годзе, але ніводнага дня не заставаўся без работы. Цяпер працуе вартаўніком на сажалцы “Пляшэвічы”, а на час уборкі збожжавых стаў яшчэ і аператарам сушылкі. Прыходзіцца працаваць суткамі.
Георгій Іванавіч — чалавек шматпланавы. Ён актыўны ўдзельнік мерапрыемстваў, што праводзяцца на тэрыторыі гаспадаркі, заўзяты рыбалоў ды і да хатняй гаспадаркі ставіцца надзвычай уважліва.
Неаднойчы Георгій Гур’янаў за добрасумленную працу атрымліваў каштоўныя падарункі, падзякі, грашовыя і іншыя ўзнагароды ад кіраўніцтва калгаса ЗАТ “1 Мая”. Не пакінула яго без увагі і Нясвіжская раённая арганізацыя ветэранаў працы.
Як і кожны на яго месцы, Георгій Гур’янаў такой увазе рады. Але працуе ён не дзеля ўзнагарод і званняў. Ды і заробак хоць і мае значэнне, ды ўжо другаснае. Нават унук Расціслаў, які, дарэчы, абраў першую прафесію дзеда, — стаў настаўнікам фізкультуры, пра сябе сам ужо можа паклапаціцца. Проста па-іншаму Георгій Іванавіч ужо не можа — сумленне не дазваляе. Ды і начальства просіць падзяліцца вопытам з маладзейшымі калегамі і з зусім юнымі землякамі — на таку зараз працуюць нават старшакласнікі. Вось ён і дзеліцца, і паказвае не толькі што за чым трэба рабіць, але і дзеля чаго. І ісціна, здаецца, простая — каб усе мы былі з хлебам, а ў ім, як вядома, жыццё.
Валянціна ШЧАРБАКОВА.
Фота Ірыны ЛУЧЫНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!