Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.48 |
Погода 7 °C

Вяртанне да тэатральных вытокаў

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 0

Пост опубликован: 08.08.2022

29 і 30 ліпеня ва ўнутраным дворыку палаца Радзівілаў адбыўся творчы праект “Вяртанне да тэатральных вытокаў”.
Прыхільнікі тэатральнага мастацтва ўзнёсла сустракалі артыстаў. Відавочна было, што несвіжане чакалі магчымасці на свае вочы пабачыць узровень майстэрства мясцовых талентаў. І паглядзець сапраўды было на што. Спектаклі, якія прапанавалі гледачам артысты Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь тэатра імя Уршулі Радзівіл, былі вельмі непадобнымі адзін да аднаго і краналі розныя струны душы. Камедыя становішчаў “Дружная сямейка” па п’есе Марка Камалеці “Гуляем у дружную сям’ю, або гарнір па-французску” прыўзнімала настрой гледачоў, праз гумар падкрэслівала, што не варта падманваць сваіх блізкіх, бо ў нейкі момант усё таемнае стане яўным. Нягледзячы на пэўны філасофскі падтэкст, пасля прагляду спектакля фарбы жыцця быццам станавіліся больш насычанымі, а настрой узнёслым. Такія пачуцці можа падарыць толькі сапраўды добры твор і сцэнічныя майстры, якія зрабілі свой унёсак у яго ўвасабленне. Сярод гэтых людзей — рэжысёр Яўген Валабоеў, акцёры Вольга і Мікалай Клімко, Юлія Гарбачова, Настасся Румянцава, Леанід Буднік і Максім Курганскі.



Сваімі ўражаннямі пасля спектакля падзялілася глядачка Вікторыя Паноцкая:
— З самага пачатку ты паглыбляешся ў абставіны з жыцця герояў, не заўважаеш, як ляціць час, — расказала Вікторыя. — На мой погляд, акцёры паказалі вельмі высокі ўзровень майстэрства — ім верылася з першага слова да апошняга. Шмат смеху выклікалі паводзіны герояў. І пры гэтым п’еса дала падставу для разважанняў, нагадала, што раней ці пазней, але ўсё патаемнае адкрыецца. Мы з мужам у першы раз пабывалі на спектаклі менавіта ва ўнутраным двары замка. Цяпер з нецярпеннем будзем чакаць наступнага разу.
Уразіў спектакль і несвіжанку Таццяну Вайцяховіч:
— Я не чакала, што камедыя мне настолькі спадабаецца. Спектакль аказаўся вельмі жывым, дасціпным і займальным. З першых жа хвілін зразумела, што прыйшла не дарэмна. Таленавіта ігралі акцёры, вобразы атрымаліся арганічнымі, а сюжэт не зацягнуты. Я смяялася і суперажывала героям, якія апынуліся ў далікатнай сітуацыі. Мне вельмі спадабалася.
Зусім іншай была псіхалагічная драма “Тыя, што адсутнічаюць” па п’есе Жана Поля Сартра “За зачыненымі дзвярыма”. У красавіку гэтага года аншлагам сустрэлі аматары тэатральнай творчасці прэм’еру гэтага спектакля. І як адна з гледачоў адзначу, што п’еса — не самы лёгкі твор для ўспрымання. Такія рэчы няшмат людзей вырашаць у хуткім часе паглядзець яшчэ раз. Таму мне было цікава, ці збярэ адкрытая замкавая пляцоўка поўную залу. І, ведаеце, гледачоў прыйшло шмат.
Дзеянне п’есы адбываецца ў пекле. Дзейнічаючыя асобы — тры грэшнікі, навечна зачыненыя ў адным пакоі. Крок за крокам глядач даведваўся, чаму гэтыя асобы асуджаны на вечныя пакуты і ў чым сутнасць гэтых пакут, бо напачатку здаецца, што не так усё і кепска.
Амаль паўтары гадзіны акцёры трымалі гледачоў у напружанні, раскрываючы ім цёмныя куткі душ сваіх герояў. З гэтай складанай задачай зноўку цудоўна справіліся Кацярына Лабаза, Мікалай Клімко і Людміла Вітко.
Сваімі думкамі пасля прагляду спектакля з карэспандэнтам падзялілася Настасся Акуліч, якая прыйшла на яго з сям’ёй:
— Мяне ўразіла і ідэя драмы, і тое, наколькі рэалістычна справіліся са сваімі ролямі акцёры. Мурашы бегалі па скуры. На самых эмацыйных момантах здавалася, што ўздрыгвала палова залы. Прыемна, што ўсе ўважліва сачылі за тым, што разгортваецца на сцэне.
Спадабалася мне і асноўная ідэя п’есы, якая была выказана ў канцы, — “пекла — гэта іншыя”. І сапраўды, гледзячы на “пакутнікаў”, разумееш, што менавіта гэтае трыа зачынена ў адным пакоі, таму што цёмнымі бакамі сваёй сутнасці яны марудліва “паядаюць” адзін аднаго.
Тэатр — гэта асаблівая прастора, дзе можна як духоўна ўзбагаціцца, так і проста прыемна правесці час, забыцца на свае праблемы. Таму кожны чалавек сам вырашае, што ён жадае атрымаць ад прагляду і на які спектакль пайсці. Ва ўсякім выпадку, знаёмячыся з творчасцю рэжысёраў, акцёраў і пісьменнікаў, па чыіх творах ставяцца спектаклі, людзі больш спазнаюць сябе. А гэта — неацэнна.
Неаніла ЛЮБАНЕЦ.
Фота
Ірыны ЛУЧЫНОВІЧ
і Святланы ПОЛЬСКАЙ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!