Горячие новости

Яны ўчыняюць высакароднае

Эксперыментальная база “Свеклавічная”
ў гэтым уборачным сезоне паказала выдатныя вынікі працы: хлеб тут сабралі крыху больш, чым за 20 дзён,
паставілі асабістыя рэкорды і трапілі ў эфір тэлеканала АНТ.

Дырэктар ДП “Эксперыментальная база “Свеклавічная” Віталій Панкрат:
— Гэты сезон мы завяршылі с дастойнымі паказчыкамі. І ўсё гэта дзякуючы нашым людзям, іх неацэннай працы. Яны — наша галоўнае багацце, наш галоўны рэсурс і рухавік. З даўніх часоў менавіта хлебаробская справа была адной з самых цяжкіх, але і самых запатрабаваных, неабходных для людзей. І зараз яе актуальнасць не паменшылася. Шэраг прысмакаў на нашых сталах — дзякуючы нястомным рукам, ведам і таленту, любові да зямлі людзей, якія працуюць на сельскагаспадарчай ніве.
Мне ад усёй душы хочацца выразіць асабістую ўдзячнасць нашым працаўнікам, а таксама ўсім хлебаробам Нясвіжчыны за прадуктыўную працу, за ахвярнасць і добрасумленнасць, за мудрасць і працавітасць!
Няхай так будзе і далей! Плённа, натхнёна, дбайна, і з яшчэ лепшымі вынікамі!

Хваліцца людзі поля, як вядзецца, не прывыклі, аднак гаварыць аб поспехах усё ж прыйшлося (а як жа інакш!). Тым больш, што менавіта “Свеклавічная” першая ў раёне завяршыла сваё “жніво-2022”, зусім на трошачкі апярэдзіўшы суседняе ААТ “Гарадзея”. Адным з асноўных складальнікаў поспеху тут з’яўляецца зла- джанасць, адзінства калектыву: узаемаразуменне і адказнасць не толькі перад агульнай справай, але і аднаго перад адным дазваляюць хлебаробскім экіпажам спрытна выконваць свае абавязкі і трымаць планку — захоўваць аўтарытэт сваёй гаспадаркі. Увогуле тут лічаць, што сінтэз вопыту больш старэйшых працаўнікоў і рухавасць ды мабільнасць маладых кадраў — рухавік прагрэсу і паспяховы спосаб дасягнення пастаўленых мэтаў. Таму цэняць у “Свеклавічнай” кожнага работніка і яго намаганні.
Вынік удалай уборачнай кампаніі падвёў аграном прадпрыемства Яўген Саліта:
— У гэтым годзе ўраджайнасць у нас вырасла на 2,2 цэнтнеры з гектара ў параўнанні з мінулагодняй. Вала атрымалі на 779 тон болей. Гэта звязана і з павышэннем ураджайнасці, і з павелічэннем засеяных плошчаў. На наступны год, з прычыны павелічэння пасеваў цукровых буракоў, плошчы пад збожжавыя паменшацца на 120 гектараў.
Што датычыцца рапсу, то тут таксама ўраджайнасць вышэй — на 0,4 ц і, суадносна, вала атрымалі на 100 тон болей (было засеяна на 20 га больш, чым у 2021 годзе).
Уборка ў гэтым сезоне ў нас пачалася 9 ліпеня. З улікам перапынку на тыдзень — калі змалацілі азімы ячмень — справіліся за месяц. Жалі ў нас сем камбайнавых экіпажаў. Хлопцы, безумоўна, малайцы. Працавалі, як заўсёды, адказна, спрытна, якасна. Ніякіх пытанняў да іх няма. Толькі ўдзячнасць і павага за адданую працу.
Асаблівай стараннасцю і працавітасцю ў гэту ўборачную кампанію выдзеліўся малады экіпаж Радыёна Панкрата і Аляксандра Смолкі. Абодва хлопцы — тутэйшыя, раслі ў Гара- дзеі. Радыён увогуле пайшоў па слядах бацькі Віталя, які таксама з юнацтва завіхаецца ў сельскагаспадарчай сферы — ад простага механізатара дайшоў да кіраўніка прадпрыемства. Сын міжволі назіраў, дапамагаў бацьку, з дзяцінства спазнаваў сакрэты работы на зямлі.
— Працаваць на зямлі — ганарова і высакародна, — дзеліцца Радыён. — Яна шчодрая і ўдзячная. Яе трэба адчуваць — гэта не кожнаму ўдаецца. Але калі старацца, шчыра ставіцца да справы, у цябе абавязкова ўсё атрымаецца. Будзеш тады атрымліваць безумоўную асалоду. Я хоць і не такі вопытны, але ўжо нешта разумею. Канешне, вучуся, цікаўлюся, разбіраюся, калі што не зразумела. Стараюся выпраўляць недахопы, калі ўзнікаюць. Але магу сказаць, што з кожным разам усё больш захапляюся абранай справай.
Закончыўшы Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт і атрымаўшы інжынерную спецыяльнасць, хлопец вярнуўся на радзіму і прадоўжыў (да гэтага дапамагаў на мехдвары) працаваць у гаспадарцы, зараз ён — загадчык майстэрняў.
— Мне падабаецца тэхніка: працэс яе работы, яе магутнасць, велічнасць, вуркатанне матораў… Люблю абслугоўваць машыны, круціць, наладжваць. Карацей кажучы — знаходзіць з імі “агульную мову”.
Такія ж інтарэсы — і ў напарніка Радыёна Аляксандра Смолкі, які працуе памочнікам старшага камбайнера ўжо трэці год. У звычайны час робіць у гаспадарцы слесарам па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі, прыйшоўшы сюды адразу пасля заканчэння Навамышскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці. Справу сваю ведае: працавіты і руплівы.
У сёлетнім жніве маладыя хлебаробы добра сябе зарэкамендавалі — сталі другімі па выніках намалоту. З гэтай нагоды іх адправілі ў камандзіроўку на палі Валожыншчыны ў складзе адзінай калоны раёна — на дапамогу.
Юбілейную — 10-ю — ўборку збожжавых у “Свеклавічнай” адзначыў камбайнер Вадзім Мархель. Прычым, вельмі паспяхова: стаў першым сярод калег. Варта адзначыць, што Вадзім Георгіевіч не з’яўляецца штатным работнікам гаспадаркі. Ён працуе ў Нясвіжскім УМГ слесарам, а на час уборачнай бярэ ў арганізацыі адпачынак і садзіцца на “Палессе GS1218”, які за столькі гадоў стаў родным. Цяга да хлебаробскай справы ў камбайнера выхоўвалася з дзяцінства, калі школьнікам ён бегаў да бацькі ў поле — назіраць, дапамагаць. І гэта любоў з часам станавілася толькі мацней.
— Для мяне гэта сапраўдны адпачынак, шчыра кажу вам, — прызнаецца Вадзім Георгіевіч. — Мне жонка гаворыць: “Супакойся ўжо, хопіць!”, а я не магу — кожны год цягне мяне сюды!..
Пра тое, што ў гэтым годзе атрымалася намалаціць больш за другіх, працаўнік гаворыць сціпла, але адзначае: канешне, прыемна. Тлумачыць, што ніякага сакрэту няма. Проста павінна быць прага і імкненне да працы, упэўненасць у сваіх сілах, адказнасць за дзеянні і смеласць у справе. Тады і задуманае будзе спорыцца.
Падобных думак прытрымліваецца і Дзмітрый Янукевіч — вадзіцель эксперыментальнай базы. За баранкай грузавой машыны ён ужо каля 15-і гадоў — справе сваёй не здраджвае. Галоўная матывацыя рабіць якасна і як след — сям’я: жонка і дзеці, якія любяць, калі бацька не толькі песціць, але і вывозіць у падарожжы, забаўляе. Для таго, каб арганізаваць усё гэта, Дзмітрый плённа працуе і дакладна ведае вадзіцельскую “кухню”: абслугоўванне тэхнікі, працэсы перавозкі — з ім можна смела кансультавацца. Заўсёды арганізаваны і мабільны, Дзмітрый з году ў год імкнецца трымацца ў лідарах і не плануе збаўляць тэмпаў і ў наступным сезоне.
У цесным коле лідараў за выдатныя вынікі ў намалоце збожжавых (амаль 1500 тон) Падзячным лістом, Падзякай, Ганаровай граматай старшыні Нясвіжскага райвыканкама адзначаны камбайнер Аляксандр Нікалаеў. Падчас жніва Аляксандр Мікалаевіч працуе на нямецкім “Джон Дзіры”, але ў гаспадарцы з’яўляецца трактарыстам-машыністам. Ужо 22 гады. Такія лічбы толькі ў чарговы раз падкрэсліваюць граматнасць і кваліфікаванасць працаўніка. Гэта смела пацвярджае і кіраўніцтва: заўсёды адказны і ініцыятыўны, Аляксандр Мікалаевіч аператыўна вырашае пастаўленыя задачы. Такім, як ён, можна спакойна даверыцца і ведаць, што не падвядзе. Акрамя таго, хлебароб з цікавасцю сочыць за навінкамі сельскагаспадарчай тэхнікі, тэхналогіямі вытворчасці і эфектыўна прымяняе іх на практыцы. Таму карыстаецца пэўным аўтарытэтам як сярод калег свайго ўзросту, так і сярод моладзі.
Расказваць пра людзей, якія шчыра любяць зямлю, можна яшчэ доўга. Усе яны — героі, абаронцы нашага харчовага “заўтра”. Мы ўдзячны кожнаму працаўніку, хто ўчыняе высакароднае — дорыць нам хлеб!
Дар’я ПІВАВАРСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!