Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 10 °C

17 верасня — Дзень народнага адзінства. Гэта наша зямля!

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 1

Дзяржаўнае свята — Дзень народнага адзінства — летась было ўстаноўлена ў Беларусі ўказам Прэзідэнта. Гэты дзень у далёкім 1939 годзе стаў актам гістарычнай справядлівасці ў адносінах да беларускага народа, які ў 1921 годзе быў раздзелены супраць яго волі Рыжскім мірным дагаворам. Вызваленчы паход Чырвонай Арміі ў верасні 1939-га прынёс жыхарам заходніх зямель Беларусі свабоду ад польскай акупацыі, магчымасць аб’яднацца народу, злучыцца сем’ям, родным і блізкім людзям, раздзеленым пагранічнай мяжой больш чым на 18 гадоў. Беларусы, якія воляй лёсу апынуліся пад панскай Польшчай, перажылі вялікі здзек, ганенне, сістэматычнае знішчэнне ўсяго нацыянальнага. Таму з радаснымі ўсмешкамі, з букетамі кветак сустракалі нашы землякі савецкіх воінаў, якія прынеслі ім з Усходу святло, надзею і шчасце.



У гонар гэтай выдатнай гістарычнай падзеі ў гарадах і іншых населеных пунктах Беларусі называлі вуліцы, у вёсках — калгасы, што пачалі ўтварацца на нацыяналізаваных беларускіх землях. Ёсць такое сельгаспрадпрыемства  і ў Нясвіжскім раёне. Гэта адкрытае акцыянернае таварыства “17 Верасня”.

Мы пагутарылі з некаторымі яго працаўнікамі. Яны расказалі пра сваю гаспадарку, пра асабісты ўклад у агульную справу, пра планы на будучыню.

 

Вольга Малец,  галоўны спецыяліст  па ідэалагічнай рабоце, старшыня прафкама:

— Жыву і працую на роднай зямлі, са сваімі людзьмі. І ганаруся, што наша гаспадарка мае такую назву, што яе назвалі ў гонар лёсавызначальнай падзеі ў гісторыі беларускага народа. З цікавасцю знаёмілася ў свой час  з гісторыяй нашага калгаса. Зараз нагадаю яе крыху чытачам.

Калгас “17 Верасня” быў створаны ў лютым 1940 года ў вёсцы Вялікая Ліпа на базе маёнтка пана Абуховіча. Калгаснікамі сталі былыя парабкі. Першым старшынёй абралі Андрэя Адамавіча Шапавала. У карыстанне сельгасарцелі перадалі каля 300 гектараў панскіх зямель.

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны калгас спыніў сваю дзейнасць, аднавіў яе пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у 1944-м годзе. Яго ўзначаліў Аляксандр Ільіч Верамейчык. Нам вядомы імёны многіх добрасумленных калгаснікаў, якія стаялі ля вытокаў арганізацыі калектыўнага гаспадарання на сваёй зямлі, працы не на пана, а на сябе, на свой калектыў, на родную краіну. Камсамолка Яўгенія Дзярнова была звяннявой камсамольска-маладзёжнага звяна па ўборцы і абмалоце збожжавых. Імя дзяўчыны было занесена ў Кнігу Гонару камсамольцаў Мінскай вобласці. Дружна працавалі і звенні на чале з Марыяй Новік і Надзеяй Малеж. Фёдар Касач паспяхова кіраваў паляводчай брыгадай, Юстын Абрамовіч — агародняй брыгадай. Ільнаводствам умела займаліся звенні Ніны Касач, Алены Чарняк і Ганны Бруй. Шчыра працавалі калгасніцы Ніла Капытка, Вера Турко, Міхаіл Качура, Віктар Сцепановіч, Аляксандр Валочнік, Ганна Було, Яўгенія Качура, Соф’я Палуянчык, Ніна Гаціла. У жывёлагадоўлі прыклад паказвалі Варвара Апанасік, Еўдакія Смякайла, Раіса Бейня, Марыя Малец. Камсамолка Ніна Макаўчык узначаліла калгас- ныя дзіцячыя яслі. За самаадданую працу калгаснікаў узнагароджвалі, і мы ведаем, што ў 50-я гады першымі ардэнаносцамі раёна былі менавіта вераснёўцы: Дзярнова, Майсеня, Вілько, Грышановіч, Зянько.

У навакольных вёсках таксама былі створаны калгасы. Яны паступова аб’ядноўваліся і ў 1959 годзе адбылося апошняе ўзбуйненне. Наша зямля дала выдатных людзей, многія з іх — добрыя спецыялісты, кіраўнікі. У т.л. хочацца назваць Уладзіміра Аляксеевіча Галушку, які ўзначальваў “17 Верасня” з 1951 года, а з 1959 да 1967 года быў старшынёй узбуйненай гаспадаркі.
Людзі працавалі натхнёна, з “агеньчыкам”. Гэты энтузіязм — не паказуха, не пустыя словы. Гэта быў стан душы, бо ўжо за спіной засталіся дзве велізарныя перамогі народа — над буржуазнай Польшчай і ў Вялікай Айчыннай вайне. Яны акрылялі.

Цяпер іх дзеці і ўнукі шчыруюць на сваёй зямлі, множаць дасягненні, дабіваюцца поспехаў. У распараджэнні акцыянернага таварыства — 4535 га сельгасугоддзяў, 46 трактараў, 6 пагрузчыкаў, 8 збожжаўборачных і 3 кормаўборачныя камбайны, 24 грузавыя і 10 легкавых аўтамашын. На фермах стаіць больш 5 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы.

Наша зямля належыць нам, беларусам. Мы размаўляем на роднай мове, спяваем беларускія песні, наогул, развіваем нацыянальную культуру, шануем тое, што засталося ад продкаў, што збераглі. Гэта вялікая каштоўнасць, якую атрымалі ў 1939 годзе, разам з воляй, свабодай і адзінствам беларускага народа. Добра, што такое свята з’явілася на дзяржаўным узроўні. Яно сведчыць аб фарміраванні адзінай беларускай нацыі.

 

Алена Раманчук,  аператар машыннага даення МТФ “Круты Бераг”:

— Я нарадзілася і вырасла ў вёсцы Завушша. Бацькі былі калгаснікамі калгаса “17 Верасня”. Тата, Мікалай Васільевіч Івашка, працаваў на пілараме, быў добрым столярам, рабіў вокны, дзверы. Мама, Яўгенія Антонаўна, усё жыццё — даяркай на ферме “Завушша”. А я яшчэ ў дзяцінстве дапамагала ёй: насіла вёдрамі малако, муку, выпойвала соскамі маленькіх цялят, падсцілала жывёлу. Так працавалі многія дзеці. З часам і сама пайшла на ферму. Працую амаль 26 гадоў. Работа падабаецца. За мной замацаваны 52 каровы. Летась за 8 месяцаў ад кожнай надаіла 5060 кілаграмаў малака, сёлета — 5924 кілаграмы. Мне, як даярцы, гаспадарка ў свой час выдзеліла катэдж у вёсцы Квачы. Я яго ўжо прыватызавала. У трох пакоях месца хапае ўсім: і нам з мужам (а ён быў газаэлектразваршчыкам), і дачцэ з дзецьмі. Якія ў мяне планы? Дапамагчы дачцэ вывучыцца ў аўташколе, купіць машыну, бо ёй трэба ездзіць на працу, адвозіць дачушку і сына ў школу і садок. Хачу, каб усё добра было ў сям’і сына, каб раслі здаровымі яго трое дзетак.

 

Мікалай Зянько, малады вадзіцель акцыянернага таварыства:

— Наша сямейная дынастыя Зянько прысвяціла сябе працы на роднай зямлі. Мой дзядуля, Іван Платонавіч, 45 гадоў аддаў       калгасу “17 Верасня”. Быў паляводам, трактарыстам, працаваў старанна, добрасумленна, у 1977 годзе яго ўзнагародзілі ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Яго сын, мой бацька Ігар Іванавіч, застаўся ў гаспадарцы вадзіцелем. Я часта малым хадзіў да яго на работу, падабалася тэхніка, і пасля заканчэння Клецкага СПЛ таксама сеў тут за руль аўтамабіля. У вёсцы ўсе работы важныя, і я стараюся добра выконваць іх. Сёлета на жніве адвозіў збожжа ад камбайнаў, заняў першае месца сярод ва- дзіцеляў гаспадаркі. Цяпер заняты на нарыхтоўцы сіласу, адвожу ад кормаўборачнага камбайна кукурузную масу.

Мне камфортна ў сваёй вёсцы, сярод землякоў, у сваім калектыве. А жыве мая маладая сям’я ў кватэры, якую выдзеліла наша акцыянернае таварыства ў новым 4-кватэрным доме ў Высокай Ліпе.

Захавалася ў Вялікай Ліпе і хата майго дзядулі. У ёй гаспадарыць у цёплы сезон мой дзядзька Уладзімір Іванавіч, старэйшы бацькаў брат. Думаю, дзядуля быў бы задаволены намі, што жывём і працуем на нашай, вераснёўскай, зямлі.

 

Аляксандр Макарэвіч,  у 2009 — 2021 гадах  галоўны аграном гаспадаркі:

 

— Пра гэту знамянальную дату — 17 верасня 1939 года — ведаў з дзяцінства.  Я вельмі любіў чытаць, з бібліятэк не вылазіў, і прачытаў у кнігах пра Чырвоную Армію, пра тое, як яна вызваліла Заходнюю Беларусь ад прыгнёту буржуазнай Польшчы. На ўроках гісторыі наш настаўнік, а гэта быў дырэктар Гарадзейскай СШ №2 Фёдар Сяргеевіч Басалыга, таксама расказваў пра такую старонку жыцця беларусаў. (Я вучыўся ў гарадзейскіх школах, бо яны былі бліжэй да маёй хаты, што стаяла на ўскрайку вёскі Круты Бераг).

Пазней, калі працаваў аграномам і ездзіў па справах у гаспадаркі ўсходняй часткі Беларусі (у Капыльскі, Салігорскі, Любанскі, Крупскі раёны), у мяне там часта пыталіся, чаму наш калгас называецца “17 Верасня”. Я расказваў ім пра гэты дзень 1939 года, а калі з часам надакучыла праводзіць лікбез, гаварыў: “Гэта калі вашы прыйшлі да нашых”. Вось сведчанне таго, што на факце польскай акупацыі нашых зямель, вызвалення іх сапраўды неяк не рабілася акцэнту, як цяпер усе прызнаюць, з-за паліткарэктнасці. Затое пасля вядомых падзей 2020 года ў Беларусі з’явілася яшчэ адно нацыянальнае свята.

Мой бацька быў з беднай сялянскай сям’і. І земляную падлогу ў кухні вясковай хаты (яе набівалі з гліны) я яшчэ застаў, бегаў па такой. І ў першым — трэцім класах урокі дома вучыў пры лямпе, электрычнасці яшчэ не было. І ці змянілася б што, калі б нашы дзяды і бацькі па-ранейшаму жылі пад Польшчай? Ці змог бы я, сялянскі хлопчык, атрымаць вышэйшую адукацыю? Наўрад. Бо кіраўніцтва панскай Польшчы беларусаў за людзей не лічыла і нашы тэрыторыі не развівала. А калгас даў мне накіраванне ў Гродзенскі сельгасінстытут, плаціў стыпендыю — мяне заўважылі, калі дапамагаў бацьку даглядаць цялят на ферме, і старшыня Рыгор Паўлавіч Сасноўскі палічыў, што змагу стаць спецыялістам. З 1979 года працую ў сваёй гаспадарцы. Быў аграномам-меліяратарам, брыгадзірам, аграномам-насенняводам, спецыялістам па кормавытворчасці, галоўным аграномам. На маіх вачах мяняўся ўзровень вытворчасці. Напрыклад, у пачатку маёй прафесійнай дзейнасці ўраджайнасць збожжавых культур раўнялася 25 — 27 ц/га (расказвалі, раней была 15 — 17 ц/га). Памятаю, у  1986  годзе яна дасягнула 47 ц/га, і гэта быў вельмі высокі на той момант паказчык. А ў час маёй працы галоўным аграномам рэкордным сталі 83,2 ц/га. З дзіцячых гадоў памятаю жняяркі на збожжавых палях, а жанкі ішлі ўслед і вязалі снапы. Потым на шырокіх калгасных гонях з’явіліся камбайны СК-4, СК-5… А цяпер вунь якая магутная тэхніка апрацоўвае глебу, убірае ўраджай!

Я народжаны ў СССР, маю савецкае выхаванне — быў акцябронкам, піянерам, камсамольцам, а значыць — патрыётам. Жыве настальгія па тым часе, калі людзі былі больш зычлівымі, калі балем правіла не матэрыяльнае, спажывецкае, а духоўнае. У менталітэце нас, беларусаў, — талерантнасць, а не чалавеканенавісніцтва. У мяне адно жаданне: каб не было ў Беларусі вайны, каб не паўтарылася ў нас Украіна, каб не трэба было хвалявацца за лёс дзяцей і ўнукаў, не давялося галадаць. Самае галоўнае — мір. Будзе мірным жыццё — і галадаць не будзем.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота Ірыны ЛУЧЫНОВІЧ.

 

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!