Горячие новости

Аб важных пытаннях — змястоўна і пераканаўча

У аўторак у фармаце  відэаканферэнцыі  ў зале пасяджэнняў  райвыканкама адбылася  інструктыўная нарада

па пытаннях правядзення  адзінага дня інфармавання,  які праходзіў  у нашым раёне ў чацвер.

 

Па першым пытанні — гісторыі беларускай дзяржаўнасці як аснове грамадзянска-патрыятычнага выхавання насельніцтва — выступіў начальнік упраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінаблвыканкама Аляксандр Ільясевіч. Ён нагадаў ідэалагічнаму актыву раёна пра многія цікавыя факты з гісторыі і сучаснасці нашай краіны. Так, у Полацку некалькі гадоў таму ўстанавілі вельмі прыгожы помнік, прысвечаны 1000-годдзю беларускай дзяржаўнасці. Там жа можна ўбачыць дыхтоўны помнік князю Усяславу Брачыслававічу. Нельга забываць і пра Вялікае княства Літоўскае, якое ўзрастала з тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь. Гэта вялізны пласт гісторыі і культуры, значэнне якога цяжка пераацаніць. Грунвальдская бітва — яшчэ адна веха на нашым гістарычным шляху. Мы ўсе помнім, што Вялікая Айчынная вайна ішла чатыры гады, а ці многія ведаюць, што экспансія рыцараў-крыжаносцаў доўжылася 209 гадоў? Колькі пакаленняў змянілася за гэты час! І толькі пад Грунвальдам быў пакладзены канец крыжацкаму нашэсцю. Францыск Скарына і яго спадчына — яшчэ адна важкая нагода ганарыцца нашай гісторыяй. Слуцкі пояс — сапраўдны фенамен нашай культуры, які яшчэ не набыў той вядомасці, якой заслугоўвае.

Асобна Аляксандр Іосіфавіч адзначыў Нясвіжскі замак і сам Нясвіж, дзякуючы якому і нашы, і замежныя турысты могуць пазнаёміцца з велізарным пластом беларускай гісторыі і культуры. Такую магчымасць трэба выкарыстоўваць як мага шырэй.

А.І. Ільясевіч нагадаў і аб нядаўнім візіце прэм’ер-міністра нашай краіны Рамана Галоўчанкі на месца Мінскага гарадзішча, аб якім “НН” пісалі ў №70 ад 14 верасня. Гэта вялізнае замчышча першапачатковага Мінска, якое вядзе

нас у эпоху Полацкага княства, у час стварэння першай формы беларускай дзяржаўнасці. Гэта яшчэ адзін гістарычны рарытэт, які дагэтуль не быў як належыць даследаваны і варты вялікай увагі, асабліва школьнікаў і студэнтаў. У бліжэйшыя два-тры гады гэта месца павінна стаць адным з самых важных для наведвання турыстамі, у першую чаргу — беларускімі, таму што Полацк і старажытны Мінск — знакавыя месцы, з якіх пачыналася наша дзяржаўнасць.

Больш увагі патрабуе і невялікае, але гістарычна значнае Заслаўе — яшчэ адзін прыклад старадаўнасці нашай дзяржаўнасці. Памятны знак да 1000-годдзя праваслаўя на беларускіх землях стаіць тут на месцы старажытнага замчышча Х стагоддзя. Багацейшую гісторыю і турыстычны патэнцыял, які трэба развіваць, мае і даволі буйны Барысаў. Тут устаноўлены цудоўны помнік легендарнаму заснавальніку горада, князю Барысу. Адметнасць Барысава — і так званая “шухаўская” вежа, фенаменальная прыдумка інжынера Ула-дзіміра Шухава. У Расійскай імперыі было пабудавана 250 такіх вежаў, у былым Савецкім Саюзе захавалася ўсяго 10. Усё гэта патрабуе ўвагі і папулярызацыі.

— Патрыятызм пачынаецца з дробязей, — зазначыў А.І. Ільясевіч, — з любові да таго, што знаходзіцца вакол нас, і не так важна, што гэта — помнік архітэктуры ці шэдэўр мастацтва. Галоўнае, што гэта было створана нашым народам і што яно ёсць побач з намі. Любоў да ўсяго гэтага і трэба ўзрошчваць і развіваць.

Па другім пытанні — бяспецы дарожнага руху на тэрыторыі Мінскай вобласці — выступіў начальнік УДАІ УУС Мінскага аблвыканкама Міхаіл Акуліч. Ён прывёў статыстыку дарожна-транспартных здарэнняў і заклікаў удзельнікаў дарожнага руху быць асабліва ўважлівымі і асцярожнымі ў выхадныя дні і ў ранішнія і вячэрнія часы, калі рэгіструецца найбольшая колькасць ДТЗ. Асаблівую ўвагу Міхаіл Аляксандравіч звярнуў на неабходнасць нашэння святлоадбівальных элементаў на адзенні пешаходаў, актуальнасць чаго яшчэ больш узрастае восенню з-за скарачэння светлавога дня, на выкарыстанне ў аўтамабілях дзіцячых крэслаў, што неаднойчы выратоўвала жыцці маленькіх пасажыраў, на недапушчэнне кіравання транспартным сродкам у нецвярозым стане і іншыя важныя моманты, памятаць пра якія неабходна ўсім удзельнікам дарожнага руху, незалежна ад таго, едуць яны ці ідуць.

Пра экалагічна бяспечнае абыходжанне з цвёрдымі камунальнымі адходамі і раздзельны збор другасных матэрыяльных рэсурсаў прысутным расказала галоўны спецыяліст аддзела добраўпарадкавання і работы з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі ЖКГ Мінскай вобласці Алена Сеўрукова. Яна на канкрэтных прыкладах патлумачыла, якія адходы можна перапрацоўваць, а якія — не і як правільна раздзяляць смецце, каб берагчы прыродныя рэсурсы і засцерагаць сваё здароўе ад выкіду шкодных рэчываў у навакольнае асяроддзе. Выкананне гэтых правілаў неабходна не толькі для нас, але і для нашых нашчадкаў, якім мы павінны пакінуць чыстую і добраўпарадкаваную зямлю.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!