Горячие новости

Да 800-годдзя Нясвіжа

У наступным, 2023-м годзе, Нясвіж адзначыць грандыёзную дату —

восем стагоддзяў са дня ўтварэння. Дата, калі наш горад упершыню згадаўся ў “Аповесці мінулых гадоў”, а дакладна — менавіта ў легендзе

пра бітву з мангола-татарамі на рацэ Калка з удзелам Юрыя Нясвіжскага.

З нагоды такой падзеі Нясвіж актыўна пачаў рыхтавацца

да свайго дня нараджэння: абнаўляецца, пераўвасабляецца,

становіцца больш утульным і прыгожым.

Гэта заўважаюць і яго жыхары.

Што думаюць несвіжане наконт гэтага

і што яшчэ хочуць бачыць у родным горадзе, мы пацікавіліся ў іх асабіста.

 

Павел Шупеніч, г. Нясвіж:

— Сам я не з Нясвіжа, але ўжо паўтара гады тут жыву і працую кіраўніком маладзёжнага цэнтра. Калі толькі прыехаў, адразу зразумеў, што мне тут падабаецца, многае па душы.

Але зараз, безумоўна, не заўважыць, што Нясвіж абнаўляецца, проста немагчыма. Гэта датычыцца і будынкаў — напрыклад, “былая пажарка” і будынак каля яе — і добраўпарадкавання тэрыторый. Прыемна і вельмі зручна, што ад Слуцкай брамы і далей, як ісці да Новага месца, з’явілася новая тратуарная плітка, паставілі лавачкі, сметнікі — гэта таксама немалаважна. У хуткім часе, думаю, адкрыецца і новы корпус Нясвіжскай цэнтральнай раённай бальніцы.

Здорава, што па вуліцы Ленінскай адкрылі карцінную галерэю “Мара”. Думаю, і жыхарам горада, і турыстам будзе цікава наведаць яе.

Хацелася б, канешне, пажадаць гораду не спыняцца, прагрэсіраваць і квітнець.

Мабыць, зрабіць некалькі інтэрактыўных зон (напрыклад, тактыльную сцяну, на якую абапіраешся і застаецца след ад тваёй постаці) ці якую-небудь моладзевую пляцоўку. Мы, наведвальнікі і супрацоўнікі маладзёжнага цэнтра, ужо распрацавалі свой праект па добраўладкаванню, але пакуль гэта сакрэт. Мы вельмі спадзяемся, што ў нас атрымаецца яго рэалізаваць.

 

Алена Карась, жыхарка горада:

— У Нясвіжы жыву з 1990 года. За гэты час горад, канешне, стаў для мяне родным. Я шмат пабачыла за больш чым 30 гадоў і магу смела казаць, што Нясвіж пераўвасабіўся, стаў прыгажэйшым.

Але я, як бабуля ў першую чаргу, думаю, што нам не хапае дзіцячых пляцовак, атракцыёнаў, нечага забаўляльнага для моладзі, каб не проста “завісалі” ў смартфонах і камп’ютарах, а выходзілі стасавацца на вуліцу, бавілі час разам. А так — толькі ў парк.

Дарэчы, раней былі кафетэрыі. І на плошчы, і каля дома культуры. Цяпер, на жаль, ні адзін, ні другі не працуюць. Сумна. Дагэтуль сапраўды цудоўнае месца было — і марозіва ўнукам купіць, і чай ці каву з прысмакамі папіць.

Яшчэ хацелася б звярнуць увагу на веласцежкі. Гэта сур’ёзнае пытанне. Ровар — мой добры сябра, езджу кожны ранак на працу. І зусім нязручна: ні па дарозе, ні па тратуары не паедзеш. Таму з гэтым таксама трэба нешта вырашаць.

І з асвятленнем вуліц варта было б разабрацца. У нас у Рудаўцы зусім цемра, асаб-ліва з восені па вясну — калі светавы дзень не такі доўгі.

І “Універмаг”. Яму таксама, як гаворыцца, трэба б было “вярнуць былую моц”. Раней зойдзеш — і ўсё, што трэба прыдбаеш.

 

Уладзімір Платун, карэнны несвіжанін:

— У нашым гарадку мне, шчыра кажучы, вельмі падабаецца. Ён утульны, камфортны для спакойнага жыцця, дастаткова прывабны. І вобраз горада відавочна мяняецца: паціху аднаўляюцца фасады дамоў, гістарычных будынкаў, калі трэба. Прыемна бачыць, як пераўвасабляецца наш фарны касцёл. Але ж у тым напрамку — каля наберажнай, у прыватнасці — хочацца, каб усталявалі яшчэ лавачак, урнаў для смецця. З прафесіянальнага пункту гледжання хацелася б бачыць у Нясвіжы філіял Альфа-банка. Ну, гэта так, з пажаданняў!

А наогул, хочацца адзначыць, што наш горад — выдатны варыянт для ціхага сямейнага жыцця. У гэтай якасці асабіста я яго і разглядаю.

 

Гутарыла Дар’я ПІВАВАРСКАЯ.

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!