У чацвер, 8 верасня, Нясвіжчына прымала на сваёй гасціннай зямлі моладзь
з усяго рэгіёна ў рамках форуму маладых спецыялістаў
галоўнага ўпраўлення культуры Мінскага абласнога выканаўчага камітэта.
Удзельнікамі мерапрыемства сталі 50 чалавек.
Распачаўся форум на базе раённага цэнтра культуры, дзе ў сценах белай залы адбылася гульня-знаёмства. А затым маладым работнікам культуры распавялі пра дзейнасць Нясвіжскага гарадскога маладзёжнага цэнтра, прадставілі асноўныя праекты, інтэрактыўныя пляцоўкі, фотазону, прэзентавалі ўзорную студыю акцёрскага майстэрства “Творяки” і студыю арыгінальнага жанру “Свае людзі”, кіраўніком якой з’яўляецца малады спецыяліст Яніна Дучынская.
Акцёры Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь тэатра імя Уршулі Радзівіл у касцюмах князёў прыцягнулі ўвагу гасцей да сцэны, дзе адыгралі візітную картку “Бог ёсць любоў” па матывах п’есы “Чорная панна Нясвіжа”.
Далей моладзь азнаёмілася з працай Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы. Для ўдзельнікаў форуму правялі экскурсію і расказалі пра аддзелы ўстановы, пра існуючыя тут праекты і іх рэалізацыю.
Затым наведвальнікі накіраваліся ў Ратушу, дзе ім паведамілі пра прызначэнне будынка і яго гісторыю.
Пасля абеду маладыя людзі сталі ўдзельнікамі дыялогавай пляцоўкі “Погляд моладзі на перспектывы развіцця культуры Мінскай вобласці”. Юнакам і дзяўчатам было прапанавана выканаць некалькі заданняў, з якімі яны цудоўна справіліся, і выказаць свае меркаванні пра работу маладога спецыяліста і развіццё сферы культуры ўвогуле.
Асноўнымі спікерамі мерапрыемства выступілі намеснік начальніка аддзела культуры галоўнага ўпраўлення па культуры Мінскага аблвыканкама Алена Талпека, генеральны дырэктар КУП “Мінаблкінавідэапракат” Таццяна Дарашкевіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Нясвіжскага райвыканкама Людміла Вітко, а таксама дырэктар Нясвіжскага раённага цэнтра культуры Ганна Віннічак.
Сустрэча атрымалася прадуктыўнай, прыемнай на эмоцыі і новыя знаёмствы.
Кожны з удзельнікаў форуму пакінуў Нясвіжскі край з памятнымі падарункамі.
Дар’я ПІВАВАРСКАЯ.
Фота Дарыны МІТРАКОВАЙ.