Горячие новости

Майстэрства, натхненне, прыгажосць і грацыя

У канцы мінулага тыдня ансамбль народнага танца “Аксаміт” філіяла “Нясвіжскае УМГ ААТ “Газпром трансгаз Беларусь” прымаў удзел у Х Міжнародным фестывалі харэаграфічнага мастацтва “Сожскі карагод” у Гомелі, які праходзіць з 1997 года раз на два гады. Заснаваны Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, Гомельскім абласным выканаўчым камітэтам, Гомельскім гарадскім выканаўчым камітэтам, міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва “Сожскі карагод” прыцягнуў да сябе ўвагу маштабам дзейства, колькасцю ўдзельнікаў з розных краін, атмасферай дружбы і яркасцю талентаў, размахам мерапрыемстваў. На гэты раз фестываль праходзіў у рамках святкавання 880-годдзя Гомеля.

На стадыёне, дзе праходзіла адкрыццё “Сожскага карагода”, у якім прынялі ўдзел усе арганізацыі і навучальныя ўстановы горада, адначасова выступала каля дзвюх тысяч чалавек. Яны стварылі сабой своеасаблівы мастацкі калейдаскоп — рухомы, рознакаляровы і вельмі ўражваючы.

Сапраўдным упрыгожаннем харэаграфічнага фэсту сталі конкурсныя выступ- ленні лепшых прафесійных танцавальных калектываў з Рэспублікі Беларусь, Расійскай Федэрацыі і Арменіі.

Гран-пры фестывалю паехаў у Расійскую Федэрацыю — яго заваяваў калектыў “Дзеці Магніткі” з г. Магнітагорска. Першае месца было прысуджана таксама суседзям, а другое і трэцяе занялі калектывы з Беларусі.

Да гонару нашых артыстаў трэба адзначыць, што ансамбль народнага танца “Аксаміт” быў адзіным самадзейным, які ўступіў у барацьбу з 37 прафесійнымі калектывамі. Яго выступленне было адзначана спецыяльным прызам журы і Дыпломам “За адданасць танцу” і ўвайшло ў пяцёрку лепшых. Астатнія 32 калектывы атрымалі Дыпломы ўдзельнікаў.

Як расказала адміністратар ансамбля Вольга Макарэвіч, на сённяшні дзень “Аксамiту” 14 гадоў, і з упэўненасцю можна сказаць, што для самадзейнага калектыву — гэта вельмі вялікі перыяд творчага жыцця. Усе яго ўдзельнікі, як мастакі, могуць маляваць на сцэне розныя карціны — і сумныя, і смешныя, але абавязкова яскравыя і незабыўныя. Зараз у калектыве занята 16 чалавек — 10 мужчын і 6 дзяўчат.

На працягу ўсяго свайго існавання ансамблю народнага танца “Аксамiт” уласцівы гумар і пазітыўны настрой як на рэпетыцыях, так і ў канцэртных выступленнях. Танцавальныя нумары ў іх выкананні адрозніваюцца шчырасцю, яркім нацыянальным каларытам і маюць свой запамінальны падтэкст. Не выключэннем сталі і нумары, якія калектыў прывёз на фестываль у Гомель — гэта “Ланская кадрыль” і “Слуцкая персіярня”. Абодва танцы маюць прамыя адносіны да Нясвіжа і Нясвіжчыны.

Па словах мастацкага кіраўніка ансамбля Кацярыны Лабазы, па чыёй ідэі і былі распрацаваны конкурсныя нумары, “Ланская кадрыль” з’яўляецца візітнай карткай вёскі Лань нашага раёна і структура танца пабудавана на звычаях толькі гэтай вёскі. Рухі аднаўлялі па гістарычных крыніцах, право-     дзілі работу з насельніцтвам.

— Мы збіраемся падаць дакументы на разгляд у Міністэрства культуры на наданне танцу статусу нацыянальнай спадчыны, — адзначыла ў нашай гутарцы Кацярына Рыгораўна.

Танец “Слуцкая персіярня” таксама мае гістарычныя карані — ён расказвае пра тое, як ствараліся слуцкія паясы на мануфактуры князёў Радзівілаў. Паколькі асноўнымі ткачамі пры стварэнні слуцкіх паясоў былі мужчыны, то і ў танцы іх роля — асноўная. Прадстаўніцы прыгожага полу выступаюць у ім у ролі тых каштоўных бліскучых нітак, з якіх, уласна, і складваўся ўзор гэтага вельмі дарагога на той час вырабу.

Майстэрства, натхненне, прыгажосць і грацыя — усе гэтыя паняцці вельмі трапна характарызуюць міжнародны конкурс “Сожскі карагод”. І тым, што нашы артысты-аматары так дастойна праявілі сябе на ім сярод наймацнейшых прафесіяналаў, можа па праву ганарыцца ўся Нясвіжчына — край працавітых і таленавітых людзей.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.  

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!