Горячие новости

Малады спецыяліст: першы раз у першы клас

Настасся Галяк, настаўнік пачатковых класаў

ДУА “Сярэдняя школа № 4 г. Нясвіжа”:

— Я стала педагогам у трэцім пакаленні. Гэта вельмі ганарова для мяне. Бабуля — Людміла Іванаўна Канішчава — была настаўніцай пачатковых класаў, адпрацавала        сорак гадоў у трэцяй гарадской школе. Таццяна Данкевіч — цёця па бацькавай лініі таксама, скончыўшы педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, стала педагогам. На яе ліку ўжо 7 выпускаў дзетак (пачатковая школа). Выйшаўшы замуж, я ўвайшла ў сям’ю таксама настаўнікаў: свёкар і свякроў — педагогі па адукацыі, і вялікую частку жыцця прысвяцілі дзецям.

Я бачыла перад сабой гэты прыклад — цярпення, самаадданасці, вытрымкі і штодзённых плённых намаганняў. І пераняла, як мне здаецца, самае лепшае, неабходнае: я хачу, каб мае дзеці, мае першакласнікі запомнілі сваю першую настаўніцу добрай і светлай, каб час, які яны правялі са мной, пакінуў у іх памяці самы пяшчотны адбітак.

Я пастараюся стаць для іх не толькі настаўніцай, але і сябрам, і другой мамай, і проста таварышам, які ніколі не кіне ў бядзе.

 

Калі на планёрцы аб’явілі, што трэба зрабіць матэрыял аб маладым спецыялісце — Настассі Галяк (Канішчавай), я адразу “загарэлася”. Папрасіла аддаць гэтую тэму мне. Рэдактар пагадзілася. І ўжо амаль праз некалькі хвілін я пісала сваёй аднакласніцы (мы вучыліся ў адным профільным класе ў Нясвіжскай гімназіі) і, як аказалася, прыяемна яе здзівіла.

“Чаму я?” — спытала яна. “Ну ты ж малады спецыяліст. Да таго ж у цябе ўсё як мае быць: адвучылася і вярнулася на радзіму — “уздымаць” Нясвіжчыну!” — растлумачыла я.

 

Як ужо сказала, Насцю я ведаю са школьных часоў. Яна заўсёды была актыўнай і таварыскай дзяўчынкай. Удзельнічала ў паза- школьных мерапрыемствах, творчых конкурсах. Займалася ў вакальнай студыі ў РЦК і наведвала музычную школу па класе домры. У старэйшых класах заўсёды брала на сябе вялікую колькасць арганізацыйных момантаў, вельмі дапамагала нашаму класнаму кіраўніку — Надзеі Аляксееўне Куцень. Варта адзначыць, што такая неабыякавасць да жыцця класа ў Насці, мабыць, была ад бацькоў — Юліі Сяргееўны і Дзмітрыя Васільевіча Канішчавых, якія таксама былі адны з самых заўзятых бацькоў.

Калі надыйшоў час выбіраць профіль у 10-11 класах, сур’ёзных роздумаў на конт гэтага ў маёй аднакласніцы не было. Мы абедзве трапілі ў профіль “беларуская — англійская мова” і яшчэ больш зблізіліся, сталі мець больш цесныя зносіны.

Пасля 11 класа, добра здаўшы ўсе тэсты, Насця падала дакументы ў педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Яна адразу ведала, што хоча менавіта туды, на “начфак” (факультэт пачатковых класаў). Яе спадзяванні спраўдзіліся. І чатыры гады студэнцкага жыцця праляцелі вельмі хутка. Зараз, між сабой, мы дагэтуль не можам усвядоміць, што так імгненна выраслі, што ўжо паўнавартасныя спецыялісты ў абранай справе.

1“Г” клас разам са сваёй першай настаўніцай — Настассяй Дзмітрыеўнай Галяк

Размеркаванне дзяўчына атрымала ў свой родны горад — у чацвертую школу. І вось, ужо з першага верасня прыняла для навучання 21 «першаклашку».

Напярэдадні свята ведаў Насця дзялілася са мной уражаннямі, казала, што, безумоўна, хвалюецца. Але гэтае хваляванне — прыемнае, як прадчуванне  нязведанага вандравання: калі не ведаеш, што цябе чакае, але ад гэтага ўнутры наадварот запальваецца агеньчык інтарэсу.

— Кожны з малышоў аказаўся актыўным, вельмі жвавым! Я сама не чакала такога! Талковыя і разумныя: палова з іх ужо ведае лічбы, умее чытаць. Гэта  мой самы першы вопыт, у маіх дзяцей — таксама, таму будзем разам вучыцца, рухацца поплеч.

Ужо 1,5 гады, як дзяўчына стварыла сям’ю, зараз — уладкоўваецца з уласным жыллём. Як сапраўдная гаспадыня сочыць за бытам, як прынята гаварыць — “захоўвае сямейны ачаг”.

Настасся з мужам Яраславам разам
ужо амаль сем гадоў, але ў афіцыяльным шлюбе — з сакавіка 2021 года.
Хоць у мужа зусім не гуманітарная
сфера дзейнасці (ён працуе хімікам
у СП ТАА “Фармлэнд”), аднак ён разумее жонку і падтрымлівае выбраніцу
ва ўсіх пачынаннях

Акрамя асноўнай прафесійнай дзейнасці мая сябоўка мае незвычайнае хобі — яна робіць смачныя падарункі-пачастункі — суніцы ў шакаладзе.

— Зараз мой асартымент пашырыўся: я не абмяжоўваюся толькі суніцамі. Навучылася працаваць і з іншай садавінай, і з ягадамі, і з сухафруктамі. Таксама афармляю цэлыя кампазіцыі прысмакаў з жывымі кветкамі. Больш за ўсё ў гэтым працэсе мне падабаецца аддача ад людзей, абмен светлай, добрай энергіяй. Тое, што я магу іх ашчаслівіць, убачыць іх удзячныя вочы.

Сваё вакальнае майстэрства Насця адточвае і цяпер. Як і раней,  выступае на сцэне. Але зараз у складзе вядомай у раёне “Ланскай бяседы”.

— Спяваю тут амаль год. Наогул, я “ў артыстах” з пяці гадоў і ўсю школу — займалася ў студыі Л.В. Пархімовіч у РЦК. Падчас студэнц- тва сцэна мяне таксама не згубіла: я выступала ў складзе ансамбля народнай песні і музыкі “Ярыца”, з якім мы заваявалі мноства ўзнагарод рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў.

Калі ж вярнулася на малую радзіму, не змагла не працягнуць спяваць. І выбрала, на мой погляд, лепшы калектыў — “Ланскую бяседу”.

Па жыцці дзяўчына крочыць упэўнена, бо перад вачыма прыклад — бацькі і прабацькі, якія заўсёды былі і застаюцца паважанымі, дастойнымі людзьмі. Такой жа імкнецца быць і яна сама. І вучыць гэтаму сваіх першакласнікаў: бачыць мэту і цвёрда да яе ісці, захоўваючы прынцыпы справядлівасці, талерантнасці, павагі і эмпатыі, якімі валодае сапраўдны чалавек.

Дар’я ПІВАВАРСКАЯ.

Фота Ірыны ЛУЧЫНОВІЧ

 і з архіва гераіні.

 

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!