Горячие новости

На Нясвіжчыне актыўна вядуцца асеннія палявыя работы

На Нясвіжчыне актыўна  вядуцца асеннія  палявыя работы.  Але калі для збожжавых  гэты год быў вельмі спрыяльны,  то для кукурузы, наадварот, атрымліваецца складаным.

— Звычайна мы пачыналі ўборку пачаткаў у верасні, дзесьці пасля дзясятага, — расказвае галоўны аграном ААТ “Сейлавічы” Юрый Андрэйчук. — Але ў гэтым годзе камбайны выйшлі ў поле раней — у канцы жніўня. Прыйшлося так рана пачынаць, таму што праз адсутнасць дажджоў кукуруза пачала моцна засушвацца.
Усяго на яе ў гаспадарцы адведзена 550 гектараў. З іх 100 — на зерне і 450 — на сілас. Па стане на 14 верасня ўбрана 36 % плошчаў (198 га гэтай культуры на сілас). Для неспрыяльных умоў надвор’я ўраджайнасць добрая — 346 цэнтнераў з гектара.

“Царыцу палёў” убіраюць два механізатары: на камбайнах “КВК-800” пазменна выходзяць у поле Дзмітрый Ланкевіч і Юрый Зубовіч.

— У мінулым годзе мы ўбіралі кукурузу пры такім надвор’і, як на гэтым тыдні — тады таксама перыядычна ішоў дождж, — успамінае Дзмітрый Ланкевіч. — У нашай працы складана планаваць — з раніцы можаш чакаць аднаго, а ў выніку — усё складваецца інакш. Але ж найбольш прыемна займацца сваёй справай, калі і тэхніка не падводзіць, і надвор’е спрыяе. У сельскай гаспадарцы кожны сезон значны і праца заўсёды знойдзецца. Ад вясны да восені я задзейнічаны на ўборцы: спачатку сурэпіцы, потым — сенажу і на падборцы саломы, а напрыканцы — кукурузы. І ўвесь гэты час патрэбна кожны дзень надаваць увагу тэхніцы. Ад напружанай працы ўсё знашваецца, таму кожную раніцу пачынаю з абслугоўвання камбайна. Без гэтага — ніяк.

Неаніла ЛЮБАНЕЦ.

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!