А ў сэрцы маладосць спявае

Кульмінацыяй святочных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню пажылых людзей, стаў канцэрт “А ў сэрцы маладосць спявае”, які адбыўся ў мінулую пятніцу ў РЦК.
Людзей шаноўнага ўзросту, што сабраліся ў зале, ад імя раённай улады і сябе асабіста павіншавала з гэтым святам начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Вітко.
— Гэта свята, як ніякае іншае, увасабляе сабой сувязь часоў і пакаленняў, — адзначыла ў сваёй прамове Людміла Іванаўна. — І яно ні ў якім выпадку не павінна нагадваць аб вашым узросце. Яно павінна нагадваць толькі аб тым, які цікавы, багаты на падзеі і добрыя справы жыццёвы шлях ляжыць у вас за плячыма, колькі працы, сілаў і талентаў вы прысвяцілі развіццю і ўмацаванню сваёй малой радзімы. Зараз маладое пакаленне з гонарам і ўдзячнасцю працягвае пачатую вамі справу.
Л.І. Вітко пажадала віноўнікам урачыстасці наймацнейшага здароўя, радасці і шчасця ў кожным дні іх жыцця, любові і клопату блізкіх.



Сям’я Субоціных разам са старшынёй раённага савета
ветэранаў Генадзем Пашкоўскім, начальнікам аддзела
ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі
райвыканкама Людмілай Вітко
і начальнікам упраўлення па працы, занятасці
і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццянай Толсцік
пасля ўзнагароджвання за перамогу ў конкурсе
“Лепшы падворак-2022”


Іх парадавалі сваім выступленнямі лепшыя артысты раёна — ад юных спевакоў вакальнай студыі “Хвілінка” Гарадзейскага цэнтра культуры да ансамбля песні “Элегія”, які якраз і складаецца з лю- дзей паважанага ўзросту.
Па традыцыі, прысутным быў прадстаўлены відэафільм, які пазнаёміў іх з удзельнікамі конкурсу сярод пенсіянераў “Лепшы падворак-2022”. Усе сядзібы былі маляўнічымі і дагледжанымі, гаспадары — дбайнымі, але конкурс ёсць конкурс, і пераможцы былі вызначыны.
Імі сталі несвіжане Ядзвіга Лявонцьеўна і Віталь Арка-дзьевіч Субоціны. Другое месца было прысуджана Марыне Станіславаўне і Міхаілу Зянонавічу Таратута з Заазер’я і трэцяе — Ніле Іванаўне Аляксанкінай са Снова. Усе яны атрымалі адпаведныя дыпломы і памятныя прызы.
На гэтым узнагароджванне пераможцаў не скончылася, толькі прысутных чакалі вынікі ўжо другога конкурсу — “Прыпеўкі бяспекі”, які праводзіўся сярод людзей пажылога ўзросту сумесна з Нясвіжскім РАНС з мэтай прапаганды ведаў у галіне бяспекі і прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблемы ўзнікнення пажараў і гібелі людзей ад іх. Тут увазе ўдзельнікаў святочнага мерапрыемства быў прадстаўлены яшчэ адзін відэафільм, дзе свае таленты паказалі выканаўцы вясёлых і павучальных прыпевак.

Узнагароды пераможцам конкурсу “Прыпеўкі бяспекі” ўручыў намеснік начальніка Нясвіжскага РАНС Дзмітрый Кукула. Дыплом І ступені атрымаў ансамбль песні “Элегія” пад кіраўніцтвам Тамары Прыгун. ІІ-й — наведвальніцы аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Нясвіжскага РТЦСАН А.В. Сасноўская, Т.У. Іваноўская і Г.А. Мельнікава. ІІІ месца не прысуджалася.
Эмоцыі ад відовішчных конкурсаў, памножаныя на кранальныя і захапляльныя канцэртныя нумары ў выкананні мясцовых талентаў, сталі выдатным падарункам для ўсіх гасцей гэтага мерапрыемства, незалежна ад іх узросту. Усе выходзілі з залы шчаслівымі, бо шчаслівы не той, у каго ўсё ёсць, а той, хто ўмее радавацца таму, што ў яго ёсць.
І арганізатары святочнага канцэрта пастараліся, каб гэтай радасці было для яго гледачоў дастаткова.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Фота Дарыны МІТРАКОВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!