Меню
Курс $  3.27 | €  3.48 | ₽100  3.47 |
Погода 8 °C

Галоўнае — любіць сваіх дзяцей

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 0

Пост опубликован: 12.10.2022

Дзень маці ў чарговы раз становіцца добрай нагодай для ўшанавання жанчын, якія робяць вялікі ўнёсак у стварэнне шчаслівых, вялікіх сем’яў. З нагоды гэтага свята штодзённая мацярынская праца дзвюх жыхарак Нясвіжчыны будзе адзначана ордэнам Маці. Адна з іх — Людміла Сланімская з вёскі Міцькавічы.

Разам з мужам Дзмітрыем Глебавым Людміла Іванаўна гадуе пяць цудоўных дзетак: дачушку і чатырох сыноў. Старэйшыя вучацца ў школе ў Лані: Уладзіслава пайшла ў гэтым годзе ў восьмы клас, Ілля — у сёмы, Антон — у чацвёрты. А самых маленькіх — Максіма і Івана — мама выхоўвае пакуль што дома, бо ім толькі 3 і 1,3 гадкі адпаведна.



Муж Людмілы Дзмітрый Міхайлавіч працуе механізатарам у ААТ “Лань-Нясвіж”. Часу на хатнія справы ў яго не так шмат — летам, падчас жніва, дык увогуле з раніцы да ночы ён знаходзіцца ў полі, — але, калі ёсць магчымасць, гаспадар праводзіць свабодныя хвілінкі з дзецьмі, дапамагае сабраць іх у школу, вучыць карысным жыццёвым рэчам.
Муж — добрая падтрымка для Людмілы Іванаўны, таксама як і старэйшыя дзеткі. Сваімі маленькімі памочнікамі гераіня гэтага аповеду вельмі задаволена: лепшых і не ўявіць.
— Дзеці заўсёды стараюцца дапамагчы. Што не папросіш — усё спакойна зробяць, не трэба па некалькі разоў клікаць. Дапамагаюць яны і па гаспадарцы. А яна ў нас немаленькая — шмат свойскай жывёлы: гэта і авечкі, і свінні, і куры, і гусі… Дзеці не вельмі любяць куплёнае, таму на стале заўсёды шмат страў з хатніх прадуктаў.
На пытанне аб тым, ці сябруюць яны паміж сабою, Людміла Іванаўна адказала, што “так”:
— Я сама са шматдзетнай сям’і (толькі ў нас было наадварот: чатыры дзяўчынкі і адзін хлопчык), таму ведаю, як па-рознаму могуць складвацца адносіны паміж дзецьмі. Розныя фактары могуць уплываць на тое, ці будзе ўзаемаразуменне. Для сябе я вынайшла, што добра, напрыклад, калі ў іх маленькая разніца ва ўзросце — тады дзецям цікавей адзін з адным. Але галоўнае, гэта, канешне, атмасфера дома, а яе ствараюць бацькі. Калі яны паказваюць прыклад узаемапавагі, адказнага стаўлення да сваіх абавязкаў, калі з’яўляюцца падтрымкай адзін для аднаго і для дзяцей, тады нават з рознымі тэмпераментамі маленькія будуць дружныя.
У кожнага дзіцяці — свой характар, свае інтарэсы. Старэйшая, Уладзіслава, напрыклад, добра малюе, плануе паступаць на дызайнера ці архітэктара, Ілля захапляецца каманднымі відамі спорту, асабліва футболам і баскетболам. Антон любіць ездзіць на веласіпедзе, будаваць што-небудзь. Яму толькі дай магчымасць — і інструментам бацькі знойдзецца прымяненне. Акрамя таго яму ўсё трэба як у таты: і трактар, і камбайн. А Максім і Іван з задавальненнем слухаюць казкі, якія ім на ноч чытае маці, а днём аддаюць перавагу гульням адзін з адным.
— Увогуле, усе вельмі самастойныя. У першых трох класах, канешне, мы дапамагалі дзецям з дамашнімі заданнямі, сядзелі побач, пакуль яны рашалі, але класа з чацвёртага Уладзіслава, Ілля і ўжо і Антон самі робяць свае заданні. Толькі прыбягаюць задаволеныя, калі ўжо ўсё гатова, каб я ці муж паглядзелі, якія яны малайцы. Максім і Ваня таксама большую частку дня заняты адзін адным. Іх галоўнае карміць своечасова, — смяецца мая суразмоўца.
Самы любімы занятак жанчыны — гэта выпяканне салодкіх страў.
— Колькі б хатняй работы ні было б, на гэта ў мяне заўсёды знойдзецца час. Прыгатаваць торцік ці пірожаныя да вяртання дзецей са школы — гэта занятак для душы, часта ім гатую што-небудзь салодкае. Калі ёсць жаданне, знойдзецца і час.
Успамінаючы свой вопыт, калі нарадзілася першае дзіцятка, Людміла Іванаўна расказала:
— Мне было страшна, мабыць, як любой маці ўпершыню. Але ў мяне была добрая група падтрымкі — мая матуля, сястра і сястра мужа. Яны дапамагалі і калі нарадзілася Уладзіслава, і калі Ілля. Потым я сама прызвычаілася ўсё рабіць. Што параіць маладым мамам? На жаль, універсальнай парады не існуе. Ва ўсіх сем’ях свае абставіны. Мне здаецца, кожная маці насамрэч адчувае, як патрэбна гадаваць сваё дзіця. Галоўнае — каб была любоў. Калі бацькі любяць сваіх дзяцей, уліч- ваюць іх меркаванні, тады ўсё бу- дзе складвацца добра.
Неаніла ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!