Беларускае танцавальнае мастацтва без межаў

Узорны танцавальны калектыў “Онікс” Нясвіжскай школы мастацтваў на міжнародным чэмпіянаце мастацтваў “ART PLANET”, які прайшоў з 22 па 25 кастрычніка ў Санкт-Пецярбургу стаў лаўрэатам ІІІ ступені.

Мерапрыемства было арганізавана пры падтрымцы камітэта па маладзёжнай палітыцы і ўзаемадзеянні з грамадскімі арганізацыямі г. Санкт-Пецярбурга, камітэта па культуры Санкт-Пецярбурга, фонду “Рускага балета” імя Алега Вінаградава, Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай акадэміі танца Барыса Эйфмана, аднаго з вядучых харэографаў свету .



У сваёй узроставай катэгорыі юныя танцоры прадставілі Беларусь на міжнародным узроўні сярод дваццаці калектываў.

— У свой рэпертуар мы ўключылі беларускія народныя танцы “Крыжачок”, “Верабей” і нашу “Ланскую кадрыль”, якія адрозніваюцца сваёй самабытнасцю, захоўваючы нацыянальныя рысы беларускага фальклору, — распавядае кіраўнік узорнага танцавальнага ансамбля “Онікс” Кацярына Лабаза. — Дзеці, вядома, крыху хваляваліся, хаця ім і раней даводзілася выступаць на сцэнах рознага ўзроўню, але ўсё ж змаглі перадаць гледачу і журы эмацыйнасць і жыццярадаснасць беларускіх фальклорных традыцый праз танец.

Удзельнічаючы ў міжнародным чэмпіянаце, мы правялі час з карысцю: наш калектыў наведаў майстар-класы народнага, класічнага і сучаснага танца.

У вольны час школьнікі пазнаёміліся са славутасцямі паўночнай сталіцы суседняй дзяржавы. Думаю, для многіх з іх гэтая паездка пакіне самыя лепшыя ўспаміны, бо юныя несвіжане ўпершыню наведалі горад з такой багатай гісторыяй і архітэктурай.

Мы дзякуем усім, хто аказаў нашаму калектыву, які прадстаўляў Нясвіжчыну на міжнародным узроўні, садзейнічанне ў арганізацыі паездкі. Асаблівую падзяку хацелі б выказаць нашым спонсарам — ЗАТ “1Мая”, ААТ “НОВАЕ ЖЫЦЦЁ” і “Сейлавічы”.

Мы вельмі рады, што апраўдалі давер, аказаны нам, і што Нясвіжскі раён зараз ведаюць далёка за межамі Беларусі.

Іна ВАСІЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!