Жыхарка вёскі Саска Ліпка Леаніла Антонаўна Махалік — не проста ветэран сельгасвытворчасці. Яна ўзнагароджана ордэнам
“Знак Пашаны” і бронзавым медалём ВДНГ СССР, ёй было прысвоена званне “Выдатнік сацыялістычнай сельскай гаспадаркі БССР”.
Ішлі стваральныя 1950 — 1970-я гады…
Вясковая дзяўчына, дачка сялян, яна назаўсёды звязала свой лёс з роднай беларускай зямлёй, з вясковай справай. Працавала звеннявой па вырошчванні льну, пасля — даяркай у калгасе “Радзіма”, старалася, добрасумленна выконвала свае абавязкі і выйшла ў лік лепшых.
У 1959-м іх гаспадарку з цэнтрам у Саскай Ліпцы аб’ядналі з калгасам “ХХ партз’езд” з цэнтрам у в. Карцэвічы. Каб паспяхова развіваць вытворчасць, патрэбны былі кваліфікаваныя спецыялісты. Старшыня Аляксей Міхайлавіч Цюрын рабіў стаўку на моладзь, і Леанілу Махалік накіравалі на завочную вучобу ў Смілавіцкі сельгастэхнікум. Скончыла яго ў 1971 годзе і атрымала прызначэнне на пасаду загадчыцы Саскаліпкаўскай малочнатаварнай фермы. Разам са сваім калектывам удзельнічала ва ўкараненні розных навінак, якія рабілі працу людзей лягчэйшай. На ферме былі зманціраваны механічная дойка ў бачкі і водаправод.
З часам Леаніла Антонаўна ўзначаліла заатэхнічную службу гаспадаркі, аддала ёй 19 гадоў. У Віцебскім ветэрынарным інстытуце набыла вышэйшую адукацыю. Вялікія перамены адбываліся на фермах. Калгас “Радзіма” выйшаў на перадавыя рубяжы. Напрыклад, у 1968 годзе надой на адну фуражную карову складаў тут 3204 кг малака. Гэта быў другі паказчык у раёне. І значная заслуга ў гэтым Леанілы Махалік. Нават, выйшаўшы па ўзросце на пенсію, яна заставалася ў страі: тры гады працавала заатэхнікам-селекцыянерам на МТФ “Саска Ліпка”.
— Нялёгка было працаваць у нашай галіне. Але цікава, — дзеліцца Леаніла Антонаўна. — Усведамленне таго, што твая праца патрэбна людзям, калгасу, давала сілы. Натхненне ў выкананні сваіх абавязкаў — вось што галоўнае ў любой працы.
Яна — жыццярадасны, пазітыўны чалавек. Да яе цягнуліся і цягнуцца людзі, якія маюць патрэбу ў разумным суразмоўцы, у добрай парадзе, у яе спакойнай упэўненасці, падтрымцы.
Наша гераіня была не толькі выдатнай працаўніцай. Але і любячай жонкай і мамай. З мужам Станіславам Вікенцьевічам яна выгадавала чацвёра дзяцей: Галіну, Валянціну, Таццяну і Алену. Леаніла Антонаўна вельмі ўдзячна сваёй маці, Марыі Антонаўне, за тое, што ўзяла на сябе клопаты пра ўнукаў, пакуль дачка вучылася, прападала на фермах. Ды і ў Станіслава Вікенцьевіча, слесара па працаёмкіх працэсах, турбот на калгасных фермах хапала ад цямна да цямна, без выхадных.
Няма побач памочніцы-мамы, няма і мужа-гаспадара. Жыццё няўмольна бяжыць наперад. Але Леанілу Антонаўну, матулю і бабулю, акружаюць увагай, клопатам і цеплынёй дзеці і ўнукі. У яе 6 унукаў і 9 праўнукаў. Учора, 31 сакавіка, ёй споўнілася 85 гадоў. Гэтую дату жанчына сустрэла побач са сваімі роднымі, блізкімі людзьмі. І з успамінамі. Яны прыходзяць у святочныя дні светлымі згадкамі. Дык няхай і заўсёды будуць такімі, выклікаючы толькі лагодную ўсмешку.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,
г. Нясвіж.