Меню
Курс $  3 | €  3.55 | ₽100  3.92 |
Погода 17 °C

Жыць, каб зноў сустракаць мірную вясну

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 1

Пост опубликован: 11.05.2023

Часам ён садзіцца ў крэсла, што знаходзіцца ў самым большым пакоі хаты, заглядвае ў сваю асабістую скрынку і дастае адтуль медаль “За адвагу”. Гэта адна з узнагарод, якая з’яўляецца маўклівым сведкам вайны з фашысцкімі захопнікамі, вайны, праз якую ён прайшоў з годнасцю, з перамогай. Вайны, дзе ён, малады 19-гадовы юнак, не раз рызыкаваў сваім жыццём дзеля жыцця іншых і застаўся жывым.



Трымаючы металічны сплаў на сваёй мужчынскай вялікай далоні, якая з часам набыла сляды-адбіткі сялянскай працы, ён дзякуе жыццёваму лёсу за тое, што сёння гэтая праца мірная, спакойная, а старасць яго дастойная. І гэта самае дарагое ва ўспамінах ветэрана, у яго адчуванні сённяшняга дня. Гэтую думку Уладзімір Пятровіч Чурыла падкрэслівае кожны раз, калі размаўляе са шматлікімі гасцямі — юнымі школьнікамі і людзьмі сталага ўзросту розных грамадскіх арганізацый, прадпрыемстваў. Не забывае наведаць ветэрана і кіраўніцтва раёна — павіншаваць са святамі, падзякаваць за мір.

Яго гасцінны двор, дзе пануе парадак, заўсёды гатовы прыняць гасцей. Няма калі сумаваць ветэрану ні ў святы, ні ў будні. Па двары звычайна шпацыруе певень з курамі, далей пасецца козачка, якую Уладзімір Пятровіч даглядае сам. Лічыць, што яна сваім малаком добра падтрымлівае здароўе сталага вяскоўца, які стаіць практычна на парозе стогадовага юбілею.

У хаце ветэрана на покуці вісяць абразы, тут жа ў пакоі са складзенымі мяхамі захоўваецца гармонік, які ветэран вайны не-не ды і возьме ў рукі па чыёй-небудзь просьбе.
“Эх, некалі я важным хлопцам быў, добра граў, весяліў моладзь у сваёй і навакольных вёсках. Вядома, заглядваліся дзяўчаты, але выбраў я сваю — сціплую, працавітую, з ёю і пражыў жыццё. Дзяцей выгадавалі”, — ахвотна дзеліцца вясковец, а на вачах з’яўляюцца слёзы смутку па той, адзінай, якая зараз глядзіць толькі з партрэта…
Сёння яму дзевяноста восем. Аб паважаным ўзросце гаспадара моўчкі сведчаць старыя фотаздымкі на сценах: бацькоўскія партрэты, ён з жонкай ў дзень вяселля і дзень 60-гадовага юбілею сумеснага жыцця, чорна-белыя фотаздымкі дзяцей і сваякоў у розныя хвіліны жыцця, а побач — каляровыя фотаздымкі, зробленыя на памяць пры сустрэчы з дзецьмі мясцовай навучальнай установы.

Не раз ветэран, размаўляючы з гасцямі, вяртаецца ў сваіх успамінах у ваенныя часы. Расказвае, як з роднай Нясвіжчыны адпраўляўся на фронт, як служыў у стралковым, а пасля ў мінамётным палках тэлефаністам, забяспечваючы сувязь. Яго аповеды пра ваенныя шляхі-дарогі праз Польшчу, абарончыя баі на Вісле і пераможны напрамак у складзе Савецкай арміі да самага Берліна кожны раз пранізваюць слухача сваёй праўдзівасцю. Малюнкі баявых дзеянняў, калі пад кулямі ворага з цяжкаю катушкаю тэлефоннага кабеля за спіной прыходзілася паўзці сотні метраў разам з аднапалчанінам, варочацца, знаходзіць, ліквідаваць пашко- джанні і адначасова быць на сувязі з камандзірам, шчыльна прыціснуўшыся да чорных сцен разбомбленых будынкаў.

Але ўзрывы артылерыйскіх гармат і рокат ваеннай тэхнікі змянілі пераможныя салюты. Усе, каму пашчасціла выжыць у гады ваеннага ліхалецця, радаваліся, як дзеці, не хаваючы слёз.

Пасля ўзяцця Берліна чакаў шлях дамоў. Вяртанне да мірнага жыцця. Стварэнне сям’і, радасць за дзяцей, унукаў, а сёння і праўнукаў. Менавіта яны захоўваюць праўду пра тую вайну, пра подзвіг дзядулі, якому за мужнасць і выкананне воінскага абавязку быў уручаны вышэйшы медаль узнагароднай сістэмы СССР. Медаль, які асабліва паважаўся і цаніўся, бо ўзнагароджвалі ім выключна за асабістую храб- расць, праяўленую ў баях з фашыстамі, якім так і не ўдалося здзейсніць свой карнікавы план і запаланіць свет карычневай чумой.

Уладзімір Пятровіч ніколі не скардзіцца на жыццё. Не ў крыўдзе ён і на лёс, бо той часта быў літасцівы да яго.
…Чарговая вясна. Белая квецень садоў і пах бэзу, што расце ў дварах аднавяскоўцаў, дораць яму прагу да жыцця. Штогод ветэран вайны з радасцю на вачах і смуткам у сэрцы вітае пераможны май, а разам з ім — удзячных нашчадкаў, якім некалі ён разам з іншымі абаронцамі Айчыны падарыў мір, і якія зноў і зноў паўтараюць: “З Днём Перамогі Вас, Уладзімір Пятровіч!”.

Іна ВАСІЛЕВІЧ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!